«Агулам я даволі вязучы». Беларускі ваяр падарваўся на міне і трапіў пад БМП, але збіраецца вярнуцца на вайну
Полина Хрушч
Статья
8 января 2024, 11:16

«Агулам я даволі вязучы». Беларускі ваяр падарваўся на міне і трапіў пад БМП, але збіраецца вярнуцца на вайну

Ілюстрацыя: Тая Л. / Медыязона

«Ты не думаеш, страшна ці не, цалкам у працэсе». Адзін з 11 штурмаў на фронце ва Украіне скончыўся для «Белкі» стратай нагі і цяжкім пераломам. 38-гадовы добраахвотнік наступіў на міну, а потым — калі ляжаў паранены і чакаў на дапамогу — трапіў пад гусеніцы БМП. Ён цудам выжыў, яшчэ праходзіць рэабілітацыю, але ўжо разважае, што зможа (і не зможа) рабіць на вайне далей.

«Я думаў, што напалову развалюся»

— Сполах, гук, боль. Трохі паскакаў на правай назе, каб легчы ў ямку ад міны і не пацягнуць магчымую суседнюю. Лег, глянуў на берцы — пята знесеная, кроў вышэй ступні, туды аскепкі заляцелі. Ага, зразумела. Каленам паспрабаваў парухаць — працуе.

«Белка» наступіў на міну ў ліпені 2023 года. Той ноччу Аляксандр з пабрацімамі вяртаўся з паспяховага штурма на бахмуцкім кірунку — удалося адціснуць расійскіх вайскоўцаў амаль на два кіламетры.

Пасля выбуху ваяр спакойна ацаніў пашкоджанні і парадаваўся, што калена цэлае. Кажа, што да такога развіцця падзей быў падрыхтаваны на занятках па мінна-выбуховай справе.

Што было далей, «Белка» памятае ўрыўкамі, бо час ад часу губляў прытомнасць. Спачатку ён спрабаваў ісці, абапіраючыся на пабрацімаў. Наступны ўспамін — насілкі, пасля — світанак, праца расійскіх «Градаў», блізкія разрывы снарадаў.

«Бегчы ад вайны ў мяне не было жадання»

Мінчук Аляксандр ваюе з пачатку поўнамаштабнай вайны. У першыя дні расійскага ўварвання беларуса не хацелі браць у войска, нават у іншаземны легіён. Праз знаёмых удалося звязацца з «Азовам» і далучыцца да беларускай роты, якая потым стала палком Каліноўскага.

— Бегчы ад вайны ў мяне не было жадання. Як я стаў добраахвотнікам? Як толькі здолеў, так і стаў. Гэта была справа тэхнічная. Пытанне было не ці буду я ваяваць, а як гэта зрабіць.

Аляксандр — штурмавік, але ў залежнасці ад задачы займаўся разведкай і сапёрнай справай, працаваў з супрацьтанкавым ракетным комплексам. У першым буйным штурме ён паўдзельнічаў праз два месяцы пасля пачатку вайны, гэта было на херсонскім кірунку.

Пасля «Белку» з іншымі ваярамі «Волата» адправілі ў Севераданецк. «Там я правёў пэўны час. Мы павінны былі захапіць пазіцыю — будынак заводу — і тры тыдні ўтрымліваць яго. Пасля выканання задачы мы вярнуліся ў Краматорск», — распавядае ён.

Той перыяд быў складаным — у траўні загінуў камандзір Павел Суслаў «Волат», а ў чэрвені — Іван Марчук «Брэст». Гэта стала моцным ударам для ўсяго падраздзялення.

Да канца кастрычніка беларус ваяваў на запарожскім кірунку, а потым з палка Каліноўскага перайшоў у іншае падраздзяленне іншаземнага легіёна — да вайскоўцаў, з якімі спрацаваўся на некалькі месяцаў раней.

— Я застаў абарону Салядара, нейкі час там правёў. Першы раз заехаў на Бахмут, тады ішлі штурмавыя дзеянні, усё толькі пачыналася.

Аляксандр выконваў шмат баявых задач на гарачых кірунках, але кажа, што страху не адчуваў.

— Страх выклікае незразумеласць сітуацыі. А калі ведаеш, што трэба рабіць, ты працуеш. Занадта шмат усяго трэба рабіць і за ўсім сачыць пільна, каб паспяваць яшчэ і баяцца. Так не толькі ў мяне адбываецца. Ты не думаеш, страшна ці не, цалкам у працэсе.

«Пальцы да канца не разгінаюцца, але спускавы кручок магу націскаць»

Потым былі некалькі штурмаў пад Горлаўкай. Аднойчы падчас задачы ваяры трапілі пад шчыльны артылерыйскі абстрэл. Аляксандра моцна параніла.

— Разарваўся снарад, у правы бок прыляцела купа абломкаў — у сцягно, пад лапатку, у паясніцу. Але гэта нязначныя раненні — у тым сэнсе, што толькі мяса пашкоджанае. Дасталі абломкі, мяса зраслося. Шрапнеллю трапіла ў правую пясць, прайшло па дыяганалі наскрозь.

Беларусу зрабілі аперацыю па перасадцы сухажылляў пясці, ваяр аднаўляўся тры месяцы. Псіхалагічна таксама было складана.

— Акрамя таго, што хлопцы загінулі, пабрацімы потым рубіліся на Бахмуце, калі я ляжаў у лякарні. Незразумела было, як рука будзе працаваць. Правая рука не будзе працаваць — усё, ты калека. Былі думкі, было сумненька.

Дактары казалі, што Аляксандру трэба аднаўляцца як мінімум паўгода, і збіраліся вызваліць беларуса ад службы, але ён адмовіўся. Рэабілітацыю вайсковец вырашыў не праходзіць — замест гэтага патэлефанаваў камандзіру групы і папрасіў забраць яго з Кіева. Той не адгаворваў, бо давяраў рашэнню «Белкі» і добра разумеў, што на фронце не хапае дасведчаных людзей.

— Неэтычна было б казаць: «Давай вяртайся», але яны [камандзіры] былі радыя, што я вярнуўся. Мы з камандзірамі спрацаваліся за гэты час. Гэта адносіны яшчэ і пабрацімскія.

Я ведаў, што магу прыносіць карысць. Не так многа людзей, якія свабодна размаўляюць на англійскай і ўкраінскай і ідуць на штурм з групай іншаземцаў. Гэта неабходна, каб падчас бою яны разумелі сітуацыю.

У сакавіку Аляксандр ізноў удзельнічаў у штурмах. Ён зазначае, што ў групе быў дадатковым чалавекам кшталту сувязнога — першымі ў варожую траншэю заскоквалі пабрацімы, а беларус з камандзірам ішлі ззаду.

— У той час яшчэ даволі моцныя болі былі. Хлопцы мне каву прыносілі, клапаціліся. Не магу сказаць, што нейкія вялікія складанасці запомніліся. Я зашнуравацца не мог, таму проста абмотваў матузкі вакол шнуроўкі. Боты горш ад гэтага не сядзяць.

Не магу сказаць, што рука аднавілася, але больш-менш працуе. Некаторыя пальцы да канца не разгінаюцца, але спускавы кручок магу націскаць. Тады мог націскаць толькі сярэднім пальцам, зараз ужо і ўказальным магу.

«Бляць, піздзец! Пераехала, бляць, пераехала!»

Наступіўшы на міну і ацаніўшы пашкоджанні, Аляксандр ляжаў на грунтовай дарозе і раптам пачуў гул тэхнікі побач. Павярнуў галаву направа і ўбачыў, як на яго задам здае БМП.

— Я крычу: «Стой, бляць, стой!» Гляджу — не збіраецца тармазіць. Выскоквае ўкраінскі хлопец, які дапамагаў мяне і іншых параненых выносіць, крычыць: «Стой, стой!» БМП запавольвае ход і наязджае мне на правы бок. Мяне паварочвае, і БМП наязджае трохі на левы бок.

Тут ужо не ацэньваў пашкоджанні, а біў кулакамі па зямлі і крычаў: «Бляць, піздзец! Пераехала, бляць, пераехала!» Але хутка заткнуўся, калі хлопцы мяне ўзялі. Напалову не разваліўся, гляджу на жывот — крывішчы няма. Заткнуўся і ціха ехаў сабе далей.

Беларус кажа, што такія выпадкі на вайне — не рэдкасць, і дадае, што яму ўвогуле пашанцавала. Дарога размокла пасля дажджу, і гусеніцы БМП уціснулі яго ў зямлю — косткі таза зламаныя, цела сіняе ад сярэдзіны сцягна да паясніцы, але ўнутраныя органы цудам засталіся цэлыя.

— Пагрузілі ў медыцынскую машыну, папрасіў абязбол. Папрасіў зняць турнікет, каб не пераціскала. Неяк без рэфлексіі. Балюча — кажаш: «Балюча, дайце яшчэ абязбол». «Ты як, нармалёва?» — «Нармалёва. Дайце вады, хлопцы, дайце папаліць».

«Підарскія траншэі штурмаваць я ўжо трохі не здольны, але ёсць штабная праца»

Пасля падрыву на міне і наезду БМП Аляксандра чакала доўгае лячэнне і рэабілітацыя. У Дняпры яму ампутавалі частку галёнкі, потым выявілася, што трэба адрэзаць трохі больш — гэта рабілі кіеўскія дактары. Калі рана загаілася, беларус паехаў у Закарпацце для падрыхтоўкі пратэзу. Давялося чакаць яшчэ месяц, каб зрасліся косткі таза.

Спачатку «Белку» можна было ляжаць толькі на спіне. «Нельга было рабіць практыкаванні, якія задзейнічаюць косткі тазу — ну добра, ёсць іншыя: з гумкамі для фітнэсу, усякімі такімі штукамі», — распавядае беларус.

Болей за месяц ваяр насіў лайнеры — палімерныя панчохі, якія дапамагаюць сфармаваць кульцю. Час ад часу лайнер трэба мяняць на вузейшы, і гэта балюча. Яшчэ адной праблемай быў фантомны боль. Некалькі месяцаў таму Аляксандру штодзённа рабілі абязбольвальны ўкол, а цяпер ваяр спраўляецца і без яго.

Беларус кожны дзень займаецца з фізіятэрапеўтамі — пачаў аднаўляць нават пашкоджаную пясць. Аляксандр «больш-менш упэўнена» адчувае сябе на мыліцах, прыкладна праз месяц яму трэба будзе дастасаваць пратэз да кульці. Ваяр спадзяецца, што пасля гэтага пачне паціху хадзіць сам.

— Я 16 месяцаў удзельнічаў у баявых дзеяннях — гэта ўспрымаецца як цэлае жыццё. Не ведаю, што я буду рабіць пасля [рэабілітацыі]. І камандзір тэлефануе, і хлопцы. Яны радыя былі б, калі б я вярнуўся. Підарскія траншэі штурмаваць я ўжо трохі не здольны, але ёсць штабная праца, падрыхтоўка баявых аперацый, разведка, камунікацыя з мясцовымі падраздзяленнямі.

Агулам я даволі дасведчаны і даволі вязучы. У мяне было 11 штурмаў. Я свой «апошні» штурм перажыў даўным-даўно. Улічваючы адсотак стратаў, тое, што ў мяне два параненні і ампутацыя нагі, — гэта вялікая ўдача. Я магу быць карысным, але пакуль не разумею, наколькі буду адчуваць сябе здольным.

Псіхалагічная рэабілітацыя, кажа Аляксандр, яму не патрэбная. У вайсковых колах людзі з ампутацыямі — гэта нармальна. Некаторыя знаёмыя ваяра пасля страты канечнасцяў вярнуліся ў строй і добра выконваюць свае абавязкі, распавядае ён.

— Мне пару разоў прыходзіла ў галаву думка: «Блін, а як чалавек на пратэзе ўспрымаецца, умоўна, у мірным асяроддзі? Можа, там усё будзе сумна, і мне спатрэбіцца псіхалагічная дапамога.

Вельмі вялікая справа, што мая сям’я цалкам на маім баку, мяне падтрымлівае. Я ведаю, што як мінімум у часткі хлопцаў хтосьці з радні на другім баку ідэалагічна. Мне б гэта было вельмі цяжка. А так усё нармалёва».