10 спосабаў павіншаваць палітвязня з навагоднімі святамі. Лісты, пасылкі і грашовыя пераводы
Наста Кривошеева
Статья
21 декабря 2023, 16:19

10 спосабаў павіншаваць палітвязня з навагоднімі святамі. Лісты, пасылкі і грашовыя пераводы

Ілюстрацыя: Тая Л. / Медыязона

Пакуль нехта чакае на Новы год падарункаў / снегу / цуду, многія беларусы пазбаўленыя свята, бо пазбаўленыя волі праз палітычныя рэпрэсіі. Кожны знак увагі і клопату для палітвязня вельмі важны. Напярэдадні Калядаў і Новага года «Медыязона» распавядае пра 10 спосабаў, як можна падтрымаць тых, хто адзначыць гэтыя дні ў няволі.

Напісаць ліст ад рукі

У лісце палітвязню, акрамя віншавання са святамі, можна распавесці, як вы адзначаеце Новы год, чаму для вас важны гэты дзень. Можна расказаць пра вашы сямейныя традыцыі, спытаць адрасата пра ўлюбёную частку Гары Потэра або любімы пачастунак на застоллі.

«Галоўнае — быць у дыялогу, сапраўды цікавіцца, не быць аднабаковым. У віншавальных лістах лепей за ўсё пісаць пра цёплае: пра самі святы, пра надзею, распавесці пра ўласныя вынікі. Не ўзгадваць 2020-ы год і іншыя трыгерныя і геапалітычныя падзеі, міжнародныя палітычныя і праваабарончыя прэміі», — тлумачыць прадстаўніца «Майстэрні паштовак салідарнасці».

Каб парадаваць зняволенага, можна выбраць каляровы канверт і тэматычныя зімовыя маркі. Тэкст яна раіць пісаць не толькі сіняй або чорнай асадкай, а і іншымі колерамі, выкарыстоўваць налепкі — гэта дадасць пісьму яркасці і святочнасці. Паперу можна папырскаць парфумай.

«Гэта падорыць дадатковую радасць цэлай камеры, дзе гэты ліст будзе захоўвацца. У месцах зняволення вельмі мала прыемных пахаў і надушаныя лісты часта з’яўляюцца вельмі каштоўнымі не толькі праз цёплую вестачку, але яшчэ і праз араматычны эфект».

Парады ад «Майстэрні паштовак салідарнасці»
  • Памятаць, што віншаванне важна адправіць загадзя, бо ўсе працэсы — пошта, сартаванне ў месцы зняволення, цэнзураванне — займаюць шмат часу, а перад святамі павялічваецца і плынь.
  • Пазбягаць бел-чырвона-белых спалучэнняў колераў. У навагоднія дні гэта складана, бо многія карцінкі ў гэтай каляровай гаме, але лепш не рызыкаваць.

Пра што лепш не пісаць палітвязню, актывісты растлумачылі тут.

Адрасы палітвязняў пазначаныя на сайтах праваабарончага цэнтра «Вясна», ініцыятываў dissident.by і politzek.me.

Напісаць ліст анлайн

Ёсць некалькі сэрвісаў, дзе можна адправіць паштоўку анлайн — гэта зручна, калі вы знаходзіцеся не ў Беларусі. Як гэта працуе: вы запаўняеце гугл-форму, а валанцёры «Майстэрні паштовак салідарнасці» перапісваюць тэкст і перасылаюць паштоўкі ў месцы пазбаўлення волі.

Адсачыць дастаўку ліста можна праз бот ад актывістаў з dissidentby. Адказ ад палітвязня арганізатары абяцаюць выслаць у гэты ж бот ффтаздымкам. Актывісты прапануюць таксама напісаць ліст блізкім палітвязняў.

Праект politzek.me зрабіў сэрвіс-агрэгатар лістоў: ён дапаможа скласці ліст і адправіць яго адначасова некалькім палітвязням — напрыклад, калі хочаце даслаць іх з аднолькавым тэкстам віншаванняў.

Адправіць тэлеграму

Яе можна адправіць з аддзялення пошты ці праз гарадскі тэлефон па нумары 166. З-за мяжы гэта зрабіць не ўдасца. Тэлеграмы даходзяць хутчэй за лісты. Калі вы хочаце паведаміць адрасату сваё імя, то яго трэба пазначыць у тэксце тэлеграмы.

Так адгукаецца пра тэлеграмы адзін са зняволеных: «Твая тэлеграма — два радкі, 82 літары — змясціла велізарную колькасць цяпла і нават трошачкі натхніла мяне на ўчынкі ў будучыні».

Павіншаваць па радыё

Палітвязню можна перадаць віншаванне са святамі па радыё. Для гэтага трэба высветліць, дзе знаходзіцца чалавек і якая з станцый там працуе. Напрыклад, у магілёўскай калоніі можна пачуць «Радыё Магілёў».

Аформіць грашовы перавод

Адпраўленыя грошы залічаць на спецыяльны рахунак зняволенага — сума не абмежаваная. У краме на іх ён зможа купіць ежу, паперу, канверты і іншыя рэчы. Пераводы для асуджаных на пазбаўленне волі (калонію) могуць рабіць толькі сваякі. Змешчаным у СІЗА і турме (але не ў калоніі) перавод можа адправіць любы чалавек.

Атрымальнік будзе ведаць імя адпраўніка, бо яно паказваецца ў рэквізітах. З-за мяжы такі перавод зрабіць нельга.

Аформіць перавод можна на пошце ці праз інтэрнэт-банкінг.

У інтэрнэт-банкінгу неабходна выканаць такую паслядоўнасць:
  • адвольны плацеж,
  • рэквізіты для дадзенага СІЗА або калоніі,
  • прызначэнне плацяжу: для асабістых патрэбаў зняволенага,
  • асабістыя дадзеныя вязня.

Павіншаваць са святамі дзяцей палітвязняў

Фонд салідарнасці BYSOL праводзіць збор на падарункі дзецям палітвязняў. Паўдзельнічаць можна да 26 снежня. Зараз сабрана ўжо больш за 26 тысяч даляраў.

«Разам з вамі мы можам зрабіць так, каб палітвязні мамы і таты падарылі сваім дзецям радасць і напамін пра сябе ў гэтыя дні. Дзякуючы невялікаму цуду, які мы з вамі ў сілах ажыццявіць», — сказана на сайце фонду.

Сабраць пасылку

Перадачы ў СІЗА могуць рабіць усе ахвочыя, але праз вагавы ліміт у 30 кг на месяц праваабаронцы просяць людзей абмяркоўваць змесціва са сваякамі. Інакш можа атрымацца, што блізкія не паспеюць перадаць тое, што прасіў палітвязень, бо яму ўжо зрабілі перадач на 30 кг у гэтым месяцы. Тут можна прачытаць падрабязную інструкцыю аб перадачах ад «Вясны».

Зняволеныя могуць атрымліваць пошту да моманту, пакуль прысуд суду не ўступіць у сілу: гэта значыць пакуль яны знаходзяцца ў ізалятары падчас следства і суда, ім можна адпраўляць пасылкі. Стваральніца праекта dissident.by Марына Касінерава раіць адпраўляць іх ананімна, але памятаць, што ў выпадку вяртання атрымаць прадукты можна будзе толькі па пашпарце.

«Укладваць лепш прадукты, якія не псуюцца, канверты, сшыткі і іншыя рэчы першай неабходнасці. Нават невялікая пасылка будзе прыемнай для вязня», — кажа яна.

Замовіць дастаўку на хімію

Асуджаным на хімію можна замовіць дастаўку прадуктаў ці падарункаў — знаходжанне ў ПУАТ не прадугледжвае пазбаўлення тэлефонаў. Варта загадзя даведацца ў чалавека, ці зручна яму будзе забраць пасылку і што б ён хацеў атрымаць. Кантакты палітвязняў можна ўдакладніць у праваабаронцаў: @Viasnainfo і @dissidentby_bot у тэлеграме.

Падобным чынам можна звязацца і з асуджанымі на хатнюю хімію, кажа Касінерава. Іх кантакты можна адшукаць у сацыяльных сетках.

Купіць мерч салідарнасці

Актывісты прадаюць футболкі, календары і розную драбязу, адпраўляючы атрыманыя сродкі на дапамогу палітвязням. У dissident.by так можна купіць майкі з нацыянальнымі сімваламі і ілюстрацыямі пра беларускіх партызанаў.

Ініцыятыва «Вольныя паштоўкі» робіць календары, паштоўкі, піны і многае іншае па эскізах палітвязняў. У politzek.me можна купіць цішоткі з дызайнам беларускай мастачкі Караліны Паляковай.

Падтрымаць тых, хто дапамагае палітвязням

Важна падтрымліваць і тых, хто дапамагае іншым. Некаторыя ініцыятывы дапамогі палітвязням сабраныя ў мабільных аплікацыях Digital Solidarity і «Новая Беларусь» — частка з іх прымае данаты на сваю працу.

Ініцыятыва дапамогі палітвязням жанчынам «Палітвязынка» збірае грошы на пасылкі. Заданаціць можна па спасылцы.

Важна памятаць, што ніякія данаты нельга рабіць праз карты беларускіх банкаў.