«Гэбістаў Беларусі можна павіншаваць». Супрацоўнік КДБ далучыўся да імпрэзы па бяспецы ў Варшаве — спыталі арганізатара, як гэта магчыма

«Гэбістаў Беларусі можна павіншаваць». Супрацоўнік КДБ далучыўся да імпрэзы па бяспецы ў Варшаве — спыталі арганізатара, як гэта магчыма

Алег Аксёнаў. Фота: MSPRING, Яўген Глушкоў

Актывіст Алег Аксёнаў правёў у варшаўскім «Моладзевым хабе» мерапрыемства па бяспецы, падчас якога да зума падлучыўся намеснік кіраўніка аддзела следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак і супрацоўнік АНТ Ігар Тур. Увечары на канале з’явіўся сюжэт, згодна з якім Аксёнаў на працягу года перадаваў у камітэт спісы ўдзельнікаў мерапрыемстваў беларускай дыяспары ў Польшчы. «Медыязона» звязалася з Алегам Аксёнавым — ён пацвердзіў, што такое сапраўды адбылося і распавёў, як гэта ўсё атрымалася, адкуль узяўся агент і колькі яму даслалі справаздач.

Як з’явіўся КДБіст «Андрэй»

— Гэта пачалося пасля аднаго мерапрыемства, дзе я пазнаёміўся з дэпутатам Еўразвязу, які сапраўды з’яўляецца чальцом камісіі па бяспецы. Але хтосьці скарыстаўся нашымі размовамі. Пасля гэтага ад «яго» імя выйшлі на сувязь, прапанавалі працу. Я ўвесь час лічыў, што гэта сапраўды так.

Гэта было напрыканцы мінулага года, падчас семінара. Ён [супрацоўнік КДБ] прадставіўся «Андрэй» (суразмоўцы камунікавалі праз тэлеграм — МЗ). Усё знікла адразу пасля таго, як адбылося гэтае фіяска на сённяшнім семінары. Ён прадстаўляўся, што знаходзіцца ў еўразвязаўскім офісе за мяжой і ў нейкай камісіі, офіс якой месціцца ў Лондане.

Што патрэбна было рабіць

— Праца, як мне гэта было прадстаўлена, — тэставыя заданні для таго, каб стаць супрацоўнікам аналітычнага аддзела бяспекі Еўразвязу.

[Працай] была прысутнасць на мерапрыемствах. Уся гэта інфармацыя насамрэч не вартая нічога, таму што яна была ў адкрытым доступе. Мяне запытвалі ўвесь час пра фінансавы складнік. Але ж, паколькі я не з’яўляўся арганізатарам мерапрыемстваў, ніякай інфармацыі ў гэтым плане не было. Таму я проста пазначаў, што прайшло мерапрыемства, прысутнічалі столькі чалавек.

Чатыры справаздачы (столькі, паводле слоў Аксёнава, ён выканаў для КДБ — МЗ) — чатыры мерапрыемствы, на якіх я прысутнічаў. Гэта былі ўмоўныя спісы [удзельнікаў] — тыя ж, якія былі сфатаграфаваныя і паказаныя падчас гэтага кіно.

Грошы, дыктафон і «бывае»

— [У сюжэце на АНТ] хлусні вельмі шмат. Наконт дыктафона — гэтага не было. Скажам так, сёння гэбістаў Беларусі можна павіншаваць з поспехам.

[Пра рахунак, з якога пераводзілі грошы]. А вось гэта тое пытанне, якое заўтра будзе абмяркоўвацца з польскім бокам. Гэта сапраўды сур’ёзная рэч, сапраўды такі чалавек існуе, калі ёсць рахунак.

У фільме «17 мгновений весны» была такая фраза: «Воздух свободы сыграл с Плейшнером злую шутку». Прыкладна тое ж самае адбылося. Шчыра кажучы, я вельмі ўдзячны ўсім, хто быў у аўдыторыі, акрамя аднаго сябра. Усе астатнія ўспрынялі гэта так, што бываюць хібы.

Сённяшні семінар па бяспецы быў сапраўды актуальны. Такія семінары патрэбныя, таму што, бачыце, нават такія сівыя бабры трапляюць у пастку.

Што здарылася і хто такі Аксёнаў

Удзень 18 лістапада Беларускі моладзевы хаб у Варшаве правёў мерапрыемства «Бяспечная Беларусь. Формы і метады абароны грамадства». Арганізатарам стаў Алег Аксёнаў. Удзельнікам абяцалі распавесці пра тое, як перадухіліць злачыннасць і абараніцца ад махляроў. Уваход на трэнінг быў вольны, пакідаць персанальныя дадзеныя не патрабавалі.

Увечары дзяржаўны канал АНТ паказаў сюжэт пра семінар — да прысутных у зале праз зум звярнуўся намеснік кіраўніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак.

«Добрый вечер всем присутствующим. От лица КГБ хотел бы поблагодарить гражданина Аксёнова за длительное и плодотворное сотрудничество с нами», — сказаў ён. Пасля некалькіх яго фраз экран адключылі ад агульнай трансляцыі.

Згодна з сюжэтам, за працу «тайным еўрапейскім аўдытарам» мерапрыемстваў у Варшаве Аксёнаву пералічвалі грошы. На відэа паказаны скрыншот пераводу 890 злотых ад Антона Лемешава. У справаздачах Аксёнаў апісваў дату падзей, месца, пералічваў арганізатарў, колькасць удзельнікаў і што адбывалася на мерапрыемстве.

Да пераезду ў Варшаву Аксёнаў быў каардынатарам аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» па Магілёўскай вобласці. Сілавікі затрымлівалі яго ў маі і кастрычніку 2021 года. У кастрычніку актывіста арыштавалі на 10 сутак з-за рэпосту публікацыі TUT.by.

У 2019 годзе Аксёнаў вылучаўся ў дэпутаты па Магілеўска-Ленінскім выбарчым участку ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У 2013 годзе КДБ выклікаў яго на прафілактычную гутарку і вынес папярэджанне за «дзейнасць ад імя незарэгістраванай партыі». Тады актывіст напісаў у камітэт скаргу, патрабуючы адмяніць папярэджанне, а гутарку прызнаць незаконнай.