Расійская армія адкрывае агонь па бяззбройных дэманстрантах у Варшаве ў 1861 г. Ілюстрацыя па матывах архіваў: Ганна Макарава / Медыязона
З падачы Генпракуратуры «экстрэмісцкімі» матэрыяламі сталі вершы ананімнага аўтарства «Гутарка старога дзеда» і «Плынуць вятры» (але іх прыпісваюць Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу), а таксама прадмова да зборніка твораў драматурга. Творы жорстка крытыкуюць Расійскую імперыю, апісваюць цяжкі лёс беларускага народа і заклікаюць трымацца бліжэй да палякаў — ня дзіўна, што пракуратуры не да спадобы такая літаратура. «Медыязона» знайшла зборнік з гэтымі вершамі і прапаноўвае азнаёміцца з творамі.
Твор «Гутарка старога дзеда» апавядае пра прыгнет беларусаў з боку Расійскай імперыі: рэкруцкую павіннасць, занадта высокія падаткі, адбіранне касцёлаў, прагнасць і жорсткасць чыноўнікаў. Даследчыкі называюць твор «дастаткова папулярным» у першай палове 1860-х гадоў. Ёсць мноства версій наконт аўтарства «Гутаркі» — меркаваным аўтарам верша называюць і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, і Уладзіслава Сыракомлю, і Вінцэся Каратынскага і нават Кастуся Каліноўскага.
Гутарка старога дзеда
Эй, скажыце, добры людзі!
Што гэта на сьвеце будзе?
Чы Бог не змілуецца над намі
І дасьць пагінуць пад маскалямі?
Ой не, братцы! ня тужыце;
На ту пору ўспамяніце,
Як прэд даўнімі гадамі
Біўся паляк з маскалямі.
За што ж яны ваявалі,
Столькі крові разлівалі?
Ой за тоя, што народу
Паляк хацеў даць свабоду!
Як маскаль таго дачуўся,
То на Польшчу навярнуўся,
І немец стаў памагаці,
Штоб паляка зваяваці.
І біліся, ваявалі,
Пакуль паляка прагналі;
Ой да панёс сваё горэ
Бедны паляк аж за морэ,
Да слаўнага, да народу,
Што сам вышаў на свабоду,
Што цэлы сьвет яго знае
І пранцузом называе.
Пранцуз прыняў іх за браці,
Але ня мог ратаваці,
Бо сам цяжка з немцом біўся,
Ад няволі бараніўся.
Маскаль у Польшчы разсеўся,
Ой да зараз у косьці уеўся,
Стаў падаткі выбераць,
У рэкруты забераць.
Вялеў сыпаць магазыны,
Нібы для гэтай прычыны,
Каб як здарыцца патрэба —
Мужык мог там дастаць хлеба.
А як сам стаў ваяваць,
Вялеў магазын забраць,
У абоз вязьці ўсё збоже,
А народ с хоць гінь, нябоже!
А як возьмець усё з хаты,
Яшчэ сам ідзі ў салдаты,
Кідай жонку, дзеткі ў дому,
Едзь у калодцэ да прыёму.
Як войска ужо ня трэба,
То салдат сам шукай хлеба;
Шлець усіх дамоў — не пытае,
Ці каторы дом свой мае.
Толькі вяліць не шатацца,
На прыказ тойчас яўляцца;
Насі боты да галіся,
Хоць зямлю грызі — жывіся.
Даўней людзі добра жылі
І другіх добра вучылі;
Маскаль сам дабра не знае,
То і ліха навучае.
Стау касьцёлы адбіраць,
Зачаў ксяндзоў разганяць,
Другім вялеў быць панамі,
Хадзіць ў рызах з барадамі.
Біць паклоны і вучыцца,
Як па-маскоўску маліцца,
Хоць пацеры, што ён мае,
То іх ніхто не згадае.
Няхай жа хто слова скажыць,
Маскаль яго зараз звяжыць,
І здароўя адбірае,
І на Сыбір пасылае.
А гдзе жандар званком звягне,
Людзей добрых у турму цягне,
Ці ўбогі, ці багаты,
Валачэць ад сямʼі з хаты!
Чыноўнікі ўсе збыткуюць,
Абдзераюць і катуюць,
Глумяць, крыўдзяць, разьбіваюць
I плакаць не пазваляюць.
За палякам, то бывала,
І падатка плаціш мала,
А хто меў пана ліхога
Пайшоў сабе да другога.
Як маскалі к нам насталі,
Усіх у сказкі папісалі,
Шляхціцаў з мужыкамі
Глумяць, як захочуць самі.
3 душы рэкрут і падаткі,
Хоць ты гінь, а дай астаткі
І, каб усіх загубіць,
Дай акцызу станавіць.
Але ж, братцы, ня тужыце!
Лепей у Бога прасіце
Міласэрнага,каб скора
Перамяніў наша гора!
Паляк усё гэта знае,
Цяпер сілы набірае:
І пранцузоў падмаўляе,
Пары собе выглядае.
Як палякаў зваявалі,
Да пранцуза як прагналі,
Пранцузы хацелі самі
Ісьці назад з палякамі.
І пайшлі і Маскву узялі,
Палякам Польшчу аддалі,
Но маскаль тут спахвыціўся
Дай з немцамі згаварыўся.
І сюды-туды круцілі,
Ваявалі і плацілі,
Пакуль пранцуз не паддаўся,
Зноў у няволю не дастаўся.
Як пранцуз пайшоў у няволю,
Тады маскаль змогся у волю.
Зноу зачаў народ глуміць,
Па-свайму людзей губіць.
Пранцуз тым часам паволі
Стаў выбірацца з няволі,
Прагнаў караля ліхога
Да выбраў сабе другога.
А як толька змацаваўся,
То з маскалём і задраўся
Зачаў біці, ваяваць,
Сваю крыўду ўспамінаць.
Ой біў, дакуль войска стала,
І атняў зямлі нямала,
Аж маскаль мусіў прасіцца,
Штоб з пранцузом пагадзіцца.
А пранцуз, як пісаў згоду,
То засьцярог, каб народу
Усякаму вольнасьць даці,
Нікога не прымушаці.
Маскалі хоць абяцалі,
Да таго не датрымалі,
Бо пранцуз ня меў спакою,
Пайшоў на немца вайною.
Бо і немец у хітрасьць учыўся,
За маскаля не заступіся,
Да стаў іншых забераць,
На свой закон прымушаць.
Пранцузы гэта як зазналі,
Тагды на немца напалі
Дый зноу біцца, каб народу
Усякаму даць свабоду.
Немца саўсім зваявалі,
3 чужой зямлі перагналі
І на вечны час вялелі,
Каб немцы там йсьці ня сьмелі,
Каб больш злога не рабілі
Ды народу не глумілі,
Каб цары ня мелі волі
Браць нікога да няволі.
Па ўсім сьвеце распісалі,
Штоб усе людзі сказалі,
Як каторы хоче быць,
Пад якім законам жыць?!
Папы цяпер дураць-муцяць,
Просты народ баламуцяць,
Маскаль, кажуць, мае волю,
Паляхчыць нам нашу долю.
Ой! ня верце таму, людзі,
Нічога з таго ня будзе,
Калі б хацеў так зрабіць,
Даўно б то мусяло быць.
Маскаль цяпер волю мае,
Як захоча, так упраўляе,
А як толькі што накажа,
Мусіш зрабіць, як прыкажа.
Каторыя паны спагадалі,
Вольнасьць людзям даць жадалі,
Тых у клешчы маскаль жаў,
А нас на скарб забіраў.
Наяжджаюць проста зграя
Асэсараў, чорт іх зная,
Б'юць, да душаць, да месяць,
На аднаго паноў дзесяць.
Вот якую ён свабоду
Хочыць рабіць для народу.
Вот як людзям спагадаў,
Пакуль пранцуз на карк сяў.
Як прыціснулі маруху,
Як задалі у Крыме духу,
Як вялелі не мяшаць,
Вольнасьць усім людзям даць.
То цяпер маскаль пяе
Мудрагелікі свае,
Цяпер крычыць: гэта Я!
Хіцер Дміцер — як зьмея!
Хоць мудракі вымысьляюць,
Што паны перашкаджаюць,
Што круцілі і плацілі
І маскаля падкупілі.
На што ж яму подкуп браць,
Калі так, як вяліць даць,
Скажуць — заплаці, нябожэ,
Там круцельства не паможэ.
Гдзе там паны прырабілі?
Іх у Сыбір валачылі,
Усю шляхту касавалі
І маёнткі адбіралі…
Будзе так і з мужыкамі,
Бо маскалі хочуць самі,
Каб мужыкоў пільнаваць,
У нічом волі не даваць.
Штоб ўсякага найці у пору
Да рэкруцкага набору,
Каб схадней было лавіці
Да і ў прыём вадзіці.
А як прыдуцца падаткі,
Здзяруць з каждага астаткі;
Няхай паны хоць як правяць,
Усё ў двор агзакуціў ставяць.
Уважайце ж добра, людзі:
3 маскалём толку не будзе,
А ведайце ж, што рабіць,
Каб Айчызну бараніць?!
На вясну — як дасьць Бог — гранець
Пранцуз, паляк з жаўнерамі,
І як Польшча ўся устанець
Ідзём і мы з палякамі.
Калі станем з палякамі,
Будзем роўнымі з панамі,
Усім шчасьце Бог нам дасьць,
I прападзе маскоўска уласьць!
Паэма ананімнага аўтарства «Плынуць вятры» расказвае пра трагічныя падзеі зімы 1861 года ў Варшаве. У лютым студэнты арганізавалі дэманстрацыі, патрабуючы сацыяльных рэформаў, грамадзянскіх правоў і вызвалення затрыманых на папярэдніх акцыях. На Кракаўскім прадмесці расійская армія пачала страляць па ўдзельніках акцый — загінулі пяць чалавек.
Расійскія паліцыянты і вайсковыя ўрываліся ў касцёлы, дзе хаваліся дэманстранты. У знак пратэсту касцёлы зачыніліся.
Вясной таго ж года расстрэлы дэманстрантаў адбыліся ізноў, дакладная колькасць ахвяраў невядомая дагэтуль.
Часьць 1
Плынуць вятры ат паўночы,
Засыпаюць снегам вочы;
Гоняць тучы алавяны,
Наносяць азноб паганы.
Тож ня ветры буравые,
То ж ня тучы снегавыя —
Маскоўська то сіла валіць,
Марозом, вось прыском, смаліць!
Чаго ж яна закіпела?
— У Аршаву поляцела,
С гарматамі, со стрэльбамі,
Чы ваёваць с палякамі?
I
Аршава! маці наша! ты польская сонца!
Лучы тваі, палацы і сельскі аконца,
Вось матчына грудзь, дзетак роўно ўсіх грэюць,
Кароне, Літве, Русі светлосьць роўну сеюць.
Як зорачка ясьненька, вось краска прыгожа!
Што з табою зрабілі? на што ты пахожа?
Гдзе твой гоман вясёлы? гдзе голас пявучы?
Над табою стаўпілісь грамавыя тучы…
Глянеш цяпер на цябе — вось у пекле чорна,
Цёмна ў душы — на сэрцу кожнаму ня здорна,
Маўляў сажай, пакрыта бедна твая ніва,
Чагож ты дажылася, маці няшчасліва!
II
На Кракоўскам прэдмесьці лік Божыя Маці
У краскі, агні стройны — вось образ у хаці;
Цудоўная то пані, кажуць добры людзе,
Хто яе шчыра просіў, той ласкі дабудзе.
Пад хвігуру стаўпяцца, маўляў куранята,
Пад крылля чуткай маткі: жыды і панята,
Мужычкі, дзеці, старцы, панны і кабеты,
Усі смешалісь і чыняць святыя абеты:
Кажыся, сабраліся дзеткі ў грамадцэ
Памаліцца і дабраноц родненькай даць матцэ.
III
Чы распаролісь тучы і гразу крававу
Хлынулі с пярунамі на бедну Аршаву
Ці маланка грамадзе вочы выпекае,
Не… то маскаль па-своему ў месці гуляе —
Бывала у старыну (дзяды так казалі),
Калі нехрысты зямлю нашу ваявалі,
Ўсяк бывала, — з дабыткам хлопцаў і дзяўчаты
Палонілі, штоб выкуп браць з ніх багаты,
Да людзей пры малітве стрэльбой не глумілі,
Вобразы шановалі, крыжоў не рубілі,
Глядзь жэ маскаль што робіць!.. а ён хрысціянін
Горш здзекуецца ў Польшчы, як ліхі паганін.
IV
Палядзь, чалядка божа, стоя на каленах
Без ружніцы ў атласах, чы ў ліхіх пяленах,
Жыды, паны, мужычкі — ўсі смяшалісь разам,
У адзін голас перад Маткі Гасподней абразам,
Спяваюць «Святы Божэ! Святы несмяртэльны!» —
На перадзе Дабродзей дзержыць крыж касцельны —
Ні каменьчыка ў руках ніхто не трымае —
А маскаль, вось з-за вугла да ўрага, страляе,
Рубіць, коле грамадку — кроў ракою льецца,
Там казак на каню с петлею нясецца,
Гдзе ўпаден чалавек, як сабаку трочыць,
Жыў чы мёртвы, беднаго на замак валочыць,
Галава пп каменях гудзе, вось у рогу,
Мазгі брызжуць на палацы, кроў значыць дарогу.
V
Там ідзе бацька с дочкай — то краска прыгожа!
Ледзь пачала разцветаць — вось у пучку рожа —
Куля яе трапіла ў руку — бедна млее,
Бацька з жалосці дачкі падняць не паспее,
Аж чатырох казакоў стралой прыскакалі,
Бедненькую дзіцятку на петлю ўзялі.
Бацька да ног паганьцам — крый Бог як галосіць!
Кінуў мяшок з грашыма, дый — «нярушце» — просіць!
Гдзе там! мяшок паднялі, а бацьку забілі,
Пасьля абоіх разэм у замак паташчылі.
Тут дзетачак маленькіх колюць, там страляюць
Кабет, тутка адзежу чорную здзіраюць,
Далей чысцяць кяшэні — мяшочкі, загаркі,
Вось сваі, на гарэлку грабяць для шынкаркі.
VI
На перадзе грамадкі, хто малілась Богу,
У сярэдзіне ксёндз с крыжам загачыў дарогу,
Ня чураецца смерці — к небу падняў зрэнкі,
Слёзы бараздзяць шчокі, а голас старэнькі
Звонку вядзе малітву, як абычай кажэ,
Ня зважая на стрэльбы і пікі ўражэ.
Польку як ў суседзтве хто ўпадзе з грамады,
Ляўшою крыж моцно іме, правай дае рады,
Штоб на той свет дарогу ўпратаць шчасьліву
На разгрэшэня руку ўжыме літасьціву.
VII
Ня марская то воўна зямлю націскае,
Ня саранча дар Божы на полі змятае,
Гэта маскоўскі заступ на канях гарачых.
Усе ў сініх мундзірах, у шапках блісьцячых,
С верху шапкі хвост коньскі вецяр развеваець —
Кажон страшэнну шаблю у руцэ трымаець —
Рэжэць кого папала, наносіць трывогу
Меж людей, што пакойна молюцца там Богу.
Каго ня сваліць шабля, таго топчуць коні.
Найперше ксяндза срубілі, што крыж у далоні
Трымаў сільной рукою — увесь кроўю абліўся,
Як рублена тополя, к зямлі пахіліўся,
І крыж с нім пахінуўся. Тут падскочыў смелы
Навакоўскі, хваціў крыж — глядзь! — у рубцах цэлы,
Грэшны руки пасмелі на Бога падняцца:
І той Хрыстом ня паспеў доўга любавацца,
Яго на зем свалілі — паглядзь!.. Цуд гатовы:
У абароне крыжа стаў чалавек новы,
Жыдок — чулі ж вы гэта, добры хрысціяне?
Тож маскалі горшые ад жыдоў пагане?
Ляндэ яму прозвішча — у страшенну пору
Хваціў крыж у обе рукі, падняў яго ў гору,
Калі б добрые людзе бачылі то дзіва,
Богу хіба прыці могла мысль така шчасліва;
Відаць, хацеў, штаб цэлы свят подзівоваўся,
Што маскаль ат нехрыста горшым паказаўся.
Застрэлілі і яго — упаў — да лік Божы
Накрыў сабой — па сьмерці штоб быць на старожы.
VIII
Так маскалі гулялі па беднай Аршаве.
За штож яны рэзалі людзей — у якой справе
Народ ім правініўся? за што хрысціянскі
Цар вялеў здзекавацца, вось турак паганьскі?
Паляк то першы сільна пачаў наклікацца,
Што, бач, пара мужычку з вольнасцю спазнацца,
І як Гасподзь за людзей на крыж атдаў рукі,
Паляк за нас ахвотно прыняў страшны мукі,
За нас церпіць крыж паньскі — за веру, свабоду.
Разказаць папытаю вам таку прыгоду.
Часьць 2-я
Як паслаўся,
Так праспаўся!
— Круці ня вярці,
А трэба ўмярці!
Назад таму дзесяць лет
Загневаўся цэлы свет
На маскоўскага цара,
Што ён вельмі пышны стаў,
Усім пад нос панам ківаў,
Тож уняць яго пара!
Пранцузоў цар Напалён
Крыкнуў на сваіх «гулён»!
Машыр турку памагаць!
С німжэ замарскі паны,
Што іх клічуць брытаны, —
Пашлі Маскву ваюваць.
Цар маскоўскі аж пацеў,
Сваго войска ня жалеў.
Гдзеж дурному вясці бой?
Ідзі лепш лапці пляці,
За дур жыццём заплаці,
Патрасі, брат, мяшок свой!
По ім сын головарэз
На трон маскоўскі узлез,
Стаў кланяцца пранцузу.
«Муй лебедзька дарагі!
Прабач бацькавы грэхі,
Што хочэш, усё зраблю!»
I сабраліся стары
Са усіх земель пісары,
Пашлі міру вясьці лад;
Нуж маскалю дапякаць,
Нуж пальцам пад нос ківаць.
Ой не вельмі быў ён рад!
Найперш стаў казаць пранцуз,
Надуўшыся, як гарбуз
Рукой грозіць, кулаком,
Аж затросся маскалёк,
Вось асінавы лісток,
Воласы аж сталі дыбом.
«Уся ваша чыноўна знаць,
Звыкла народ абдзіраць,
Які ваш закон да суд?
Хто мае грошы, той праў,
Хоць абдзіраў, хаця краў,
Чэсьць ваша — то гной,то бруд». […]