«Па прыезду ў Беларусь пацалую зямлю». Беларуская спявачка эмігравала з Беларусі, застала акупацыю Ірпеня і марыць пра канцэрты ва Украіне
Статья
5 июля 2023, 15:43

«Па прыезду ў Беларусь пацалую зямлю». Беларуская спявачка эмігравала з Беларусі, застала акупацыю Ірпеня і марыць пра канцэрты ва Украіне

Група Dymna Lotva. Фота: Katarzyna Mikolajczak

Кацярына Манкевіч — вакалістка беларускага doom-metal гурта Dymna Lotva. У жніўні 2021 года Кацярына тэрмінова з’ехала з Беларусі разам са сваім хлопцам Мікітам з-за пагрозы крымінальнага пераследу ў Ірпень. Там беларусы сустрэлі пачатак вайны і два тыдні хаваліся ў бомбасховішчах. «Медыязона» распавядае гісторыю Кацярыны.

Dymna Lotva — беларускі doom/post-black metal гурт. У красавіку музыканты падпісалі кантракт з нямецкім лейблам Prophecy Productions, на якім выйдзе другі альбом «Зямля пад чорнымі крыламі: Кроў» з канцэптуальнай трылогіі, прысвечанай Беларусі. За аснову гурт узяў плямёны, ад якіх пайші беларусы: дрыгавічы, крывічы, радзімічы. Першы альбом быў прысвечаны дрыгве, другі — вайне, а трэці будзе пра радзіму.

Падарваныя масты пад Кіевам, два тыдні ў бомбасховішчах. Украіна, Ірпень

— 31 жніўня 2021 года мы з Мікітай прыехалі ва Украіну. Украіна для мяне — краіна мары, гэта такая Беларусь толькі з водарам свабоды. Перасякаеш мяжу і адразу — воля. У Ірпені мы спачатку пасяліліся ў сяброў. Знайшлі рыелтара-беларуса, які за дзень падабраў нам кватэру. Беларуская дыяспара нас забяспечыла рэчамі: посуд, блендар, падушкі. Украінцы прывезлі коўдру.

Ніякага адчування вайны не было. Пачатак вайны я ўвогуле праспала, таму што 23 лютага мы святкавалі мой дзень народзінаў. Быў шок: якая вайна, ніхто ў яе не верыў. Пасля былі чэргі за прадуктамі, у банкамат. Гэта зараз у Польшчы мы спланавалі, што рабіць на выпадак ядзеркі: паглядзелі бомбасховішча, падлічылі колькі, калі што, бегчы да метро. Тады ніхто нічога не планаваў.

У самы першы дзень мы пачалі думаць, як выехаць (у бяспечнае месца). Дамовіліся на выезд з Кіева ў Львоў ад Free Belarus Center. Ага, даехалі мы, бляць, да Кіева. Узарвалі ўсе масты і мы не змаглі выехаць.

За 2 тысячы грывен таксіст нас адвёз у іншы бок Ірпеня, дзе ў бомбасховішчы хавалася яго сям’я. Ад нашага раёна мала што засталося. У доме, дзе мы жылі быў пажар. Шмалялі па ім добра, ці то танкі, ці то артылерыя.

За два тыдні мы паспелі пажыць у двух падвалах і ў адным прыватным доме ў вельмі клёвай украінскай сям’і. У першыя дні адчувалася быццам ты знаходзішся ў нейкім перманентым пекле. Пасля прыйшоў нейкі фаталізм: чачэнцы зайшлі ў горад? Ну піздзец.

У Ірпені з пачатку вайны мы правялі роўна два тыдні. Выехаць нам дапамог валанцёр Максім з суседняга падвала. Распавёў навіны і сказаў, што можна прайсці праз мост. Маўляў, сёння не было забітых, толькі параненыя. Ну раз параненыя, то мы вырашылі выбірацца. Выбірацца трэба было, бо атмасфера накалялася. Людзі псіхавалі, людзям страшна. З пачатку сакавіка не было электрычнасці і інтэрнэта, а пасля знікла вада. У прыбіральню хадзілі па чарзе, апошні змываў за ўсімі.

У выніку мы даехалі да Кіева, а пасля эвакуіраваліся ў Львоў, дзе пражылі ў сяброў больш за месяц. Пасля выехалі ў Польшчу, дзе нарэшце аб’ядналіся з Яўгенам — нашым гітарыстам. Ва Украіне нашы рахункі заблочылі, зарабляць грошы ў краіне стала немагчыма — Кацярына працуе ў айці. Зняць кватэру ў Львове стала вельмі дорага, бо ўся Украіна паехала калі не ў Польшчу, то ў гэты горад.

Кацярына Манкевіч. Фота: TUT.BY

Лялька вуду з вусамі і фота з пратэстаў у аргенцінскай газеце. Беларусь

— Мы не планавалі з’язджаць з Беларусі. Але да Мікіты, які быў тэхнікам сцэны гурта, прыйшлі з вобшукам па месцы рэгістрацыі. Сказалі, што праводзіцца праверка па тэрарыстычных артыкулах. Так мы зразумелі, што так ці інакш да нас дойдзе чарга і вырашылі з’ехаць.

На мяне ў Беларусі завялі крымінальную справу. Дакладней распавесці не магу, каб не падставіць людзей, якія знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні, але хутчэй за ўсё гэта абраза Лукашэнкі. У маі мне заблакіравалі банкаўскі рахунак у Беларусі.

Артыкул хутчэй за ўсё звязаны з лялькай вуду Лукашэнкі, якой мы скарысталіся на канцэрце ў Варшаве. Восенню 2020 года на выступе ў Беларусі, прысвечаным Halloween, у нас была іншая лялька. Перад канцэртам мы знялі ёй вусы. Але людзі ўсё роўна здагадаліся пра каго гаворка.

За ўсе маршы нас ні разу не затрымлівалі. З аднаго боку неяк сорамна, быццам нейкія несапраўдныя беларусы. З іншага — я разумею, што з маім языком як пасадзілі то б пасадзілі.

19 жніўня 2020 года я адправілася ў горад, каб паглядзець ці будзе якая жаночая акцыя. Вырашыла: нават калі і не будзе, то давяжу шалік, які мы рабілі на вокладку беларускамоўнага каверу на «Перамен» гурта «Кіно».

У выніку прыходжу, саджуся на лаву, а да мяне падыходзяць дзяўчаты і кажуць: калі будзеш адна сядзець, то павяжуць. У выніку неяк усе згуртаваліся вакол мяне і тут мянты падыходзяць са словамі «вы парушаеце закон». А чым я яго парушаю? Сяджу сабе вяжу шалік. Дарэчы, мне нават фанатка з Аргентыны даслала фота іх газеты, у якой надрукавалі фотаздымак са мной з той акцыі.

Пратэсты, канешне, паўплывалі на творчасць. Мы рабілі альбом пра вайну і гэта ўсё было па аповедах бабуль і дзядуль, кніжках, архівах і г.д. А тут была вайна на мінімалках у цябе пад вокнамі. Падчас пратэстаў я як раз жыла на Пушкінскай, дзе кідалі гранаты і забілі Тарайкоўскага.

Песня «Смерць цалуе ў вочы» планавалася, як агульнае выказванне пра смерць, але пасля навіны пра забойства Рамана Бандарэнкі стала вельмі канкрэтным. Тое ж самае з трэкам «Да волі», які планаваўся як аповед пра салдата, а ў выніку — пра вязняў.

Я сумую па Украіне, сябрах, родных, па адчуванні дома. Я ніколі не планавала з’язджаць у Польшчу і ад гэтага свярбіць. Як толькі вайна скончыцца, мы адразу ж звяжамся з арганізатарамі, каб арганізаваць канцэрты ва Украіне.

А калі ўсё скончыцца ў Беларусі, то па прыезду я пацалую зямлю, паеду на могілкі да бабулі, наведаю Кальварыю і прайдуся па месцах пратэстнай славы.

Выпраўлена ў 19:50. Адноўлена інфармацыя пра крымінальную справу за ляльку вуду