Карцар, ПКТ, ШІЗА — што гэта такое? Як караюць палітвязняў, якія ўжо знаходзяцца за кратамі
Статья
29 июня 2023, 15:50

Карцар, ПКТ, ШІЗА — што гэта такое? Як караюць палітвязняў, якія ўжо знаходзяцца за кратамі

Ілюстрацыя: Майкл Скарн / Медыязона

«Медыязона» часта піша навіны пра тое, як зняволеных адпраўляюць у ШІЗА, ПКТ або пераводзяць на турэмны рэжым. У калоніях палітвязні не сядзяць у камерах, а жывуць у бараках, ходзяць на працу па вуліцы. Але нават гэтых «выгод» можна пазбавіць. Па сутнасці, асуджаныя адбываюць падвойнае пакаранне — часта з надуманых нагодаў — мерзнуць у адзіночных камерах, дыхаюць хлоркай і не атрымліваюць лісты. «Медыязона» расказвае, як караюць тых, хто ўжо пакараны зняволеннем у калоніі і СІЗА.

Карцар

У следчым ізалятары зняволеныя амаль увесь час (да суду) праводзяць у камеры. Пакідаюць яе, калі іх вядуць на шпацыр ва ўнутраным дворыку або пачынаецца працэс азнаямлення са справай ці суд. За парушэнні ўнутранага распарадку ў СІЗА зняволенага могуць адправіць у карцар — адзіночную штрафную камеру.

Згодна з законам «Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай», у карцар зняволенага могуць змясціць за напад на супрацоўнікаў СІЗА, захоўванне забароненых прадметаў, удзел у азартных гульнях і іншае. На практыцы фігурантаў «палітычных» спраў нярэдка адпраўляюць у карцар з надуманых нагодаў. Напрыклад, абвінавачаную па «справе Аўтуховіча» Галіну Дзербыш на тыдзень змясцілі ў карцар за адмову прайсці рэнтген перад судом.

Адправіць у карцар могуць тых, хто два і больш разоў атрымаў вымову або папярэджанне. Максімальны тэрмін такога пакарання — 10 сутак.

Перад вынясеннем спагнання чалавека павінен агледзець лекар — ён складае заключэнне аб тым, ці зможа зняволены знаходзіцца ў карцары. Як праводзяцца такія агляды і ці ўплываюць яны на рашэнне аб спагнанні —невядома. Мікалай Аўтуховіч апынуўся ў карцары, калі трымаў галадоўку.

Перад змяшчэннем у карцар зняволенага абшукваюць і даглядаюць яго рэчы. У карцары забароненыя перапіска, спатканні, перадачы і пасылкі, настольныя гульні, кнігі, газеты і тэлевізар, а падушку і матрац выдаюць толькі на час сну. З сабой можна ўзяць толькі ручнік, туалетныя прылады і ежу. Людзі, якія знаходзяцца ў карцары, маюць права на штодзённы гадзінны шпацыр.

Згодна з законам, чалавек, які знаходзіцца ў карцары, можа адпраўляць хадайніцтвы, заявы і скаргі праз адміністрацыю, якая абавязаная накіраваць іх па адрасе не пазней за тры дні з моманту падачы.

Штрафны ізалятар (ШІЗА)

У калоніі зняволеныя жывуць у бараках, падобных да казармаў, і ходзяць на працу на тэрыторыі папраўчай установы. Іх дзень строга падпарадкаваны распарадку калоніі: прыёмам ежы, пастраенню і адпачынку выдзелены дакладны час.

Штрафны ізалятар — гэта камера ў калоніі, куды асуджанага могуць адправіць за парушэнне ўнутранага распарадку. Суразмоўцы «Медыязоны» расказвалі, што зняволеныя часта трапляюць у ШІЗА без рэальнай падставы — за «непрыбраную» камеру або «расшпілены» гузік.

Камера штрафнога ізалятара можа быць як адзіночнай, так і разлічанай на некалькі чалавек, расказвае былы палітвязень Аляксандр Кабанаў. Абстаноўка ў ёй сціплая: прышпілены да сцяны ложак, ракавіна, прывараныя да падлогі столік і лаўка, а замест унітаза — дзірка ў падлозе. Улетку акно ў камеры зачыняюць, а, калі на вуліцы халодна, трымаюць адкрытым. Кожную раніцу загадчык гаспадаркі вылівае на падлогу камеры некалькі літраў хлоркі, успамінае Кабанаў.

Перад змяшчэннем у штрафны ізалятар асуджанаму выдаюць робу, на якой буйнымі літарамі напісана «ШІЗА». У ПК-1 з нядаўняга часу выдаюць камбінезон — гэта зроблена для таго, каб нельга было сагрэцца, адзначае Кабанаў. Раней роба выглядала па-іншаму — верхнюю частку можна было зняць, каб накрыцца і даўжэй захоўваць цяпло, тлумачыць ён.

У ШІЗА забароненыя спатканні, тэлефонныя размовы, «атаварка», пасылкі і перадачы, карэспандэнцыя, настольныя гульні і нават курэнне. Пасцельныя прылады ў штрафным ізалятары не выдаюць і на прагулкі не водзяць. З сабой можна ўзяць толькі ручнік, мыла, зубную шчотку і туалетную паперу. Брытву зняволеным прыносяць на некалькі хвілін адразу пасля пад’ёму.

— Пад’ём а пятай раніцы. Недзе ў палову шостай сняданак, потым аб 11-й абед і а чацвёртай вячэра. Два разы на дзень праверка — а восьмай раніцы і а восьмай вечара, — апісвае распарадак дня ў ШІЗА Кабанаў.

Па рашэнні адміністрацыі калоніі, людзей, якія знаходзяцца ў ШІЗА, могуць вадзіць на працу асобна ад іншых асуджаных або на цэлы дзень пакідаць у камеры. Кабанаў кажа, што ў Наваполацкай калоніі на працу не адпраўлялі.

Максімальны тэрмін знаходжання ў ШІЗА — 10 сутак, але за час знаходжання ў ізалятары можна «нахапаць» парушэнняў, за якія дадуць новыя «суткі», расказвае былы палітвязень.

— У сярэднім месяц — гэта стандарт. Усё залежыць ад таго, як начальнік раззлаваўся. Калі начальнік хоча, каб ты не выйшаў, гэта робіцца элементарна — прыходзіць праверка і кажа, што ў камеры не прыбрана. І ўсё роўна, прыбіраў ты ці не прыбіраў, таму што акт [аб парушэнні] аспрэчыць немагчыма, — кажа Кабанаў.

Згодна з КВК, зняволены можа абскардзіць рашэнне аб накладанні на яго спагнання. Толькі зрабіць гэта ў ШІЗА наўрад ці выйдзе — там не выдаюць нават асадку і паперу. Знаходзячыся ў штрафным ізалятары, Аляксандр Кабанаў папрасіў напісаць адвакату, але пісьмовыя прылады яму паабяцалі даць, «калі выйдзе».

Памяшканне камернага тыпу (ПКТ)

Яшчэ адзін від пакарання за парушэнне ўнутранага распарадку калоніі — адпраўка ў памяшканне камернага тыпу на тэрмін да шасці месяцаў. У ПКТ могуць адначасова знаходзіцца некалькі асуджаных. Абстаўлена памяшканне гэтак жа, як і ШІЗА, але ўмовы ўтрымання ў ім мякчэйшыя.

Людзям, якія знаходзяцца ў ПКТ, выдаюць падушку, коўдру, матрац і пасцельную бялізну. Асуджаныя могуць раз на дзень выходзіць на паўгадзінную прагулку, атаварвацца на адну базавую велічыню, атрымаць адну бандэроль або дробны пакет за паўгода, прымаць і адпраўляць лісты, карыстацца бібліятэкай, выпісваць часопісы і газеты.

З сабой зняволеныя могуць узяць адзенне, брытву (электрычную або механічную), кіпяцільнік, пісьмовыя і туалетныя прылады, ручнік, гадзіннік і нават настольныя гульні (але ігральныя карты нельга).

Згодна з КВК, людзі, якія знаходзяцца ў ПКТ, працуюць асобна ад іншых асуджаных. У ПК-1 зняволеных не адпраўлялі на працу з ПКТ.

Турэмны рэжым

Узмацненне жорсткасці рэжыму ўжываюць як пакаранне для асуджаных, прызнаных злоснымі парушальнікамі. Сярод іх, напрыклад, Сяргей Ціханоўскі, філосаф Уладзімір Мацкевіч, мастак Алесь Пушкін, блогер Эдуард Пальчыс і іншыя.

Каб стаць «злоснікам», трэба атрымаць:

  • любыя чатыры спагнання;
  • тры спагнанні, адно з якіх — пазбаўленне права на пасылку, перадачу або спатканне;
  • два спагнанні, адно з якіх — змяшчэнне ў ШІЗА.
  • На турэмны рэжым зняволенага пераводзяць па рашэнні суда, але не больш чым на тры гады. У турме асуджаныя амаль увесь час знаходзяцца ў камеры. На турэмным рэжыме зняволеныя могуць працаваць, але такая магчымасць ёсць не ва ўсіх. 

    — Мне расказваў чалавек, які не мог трапіць на працу, бо не для ўсіх была. А ім, паколькі яны доўга сядзяць, нічога не робяць, хочацца хоць нечым заняцца. То бок там такая матывацыя была, але не хапала якраз-такі працы, — расказваў блогу «Шуфлядка» юрыст Яўген Пыльчанка.

    Суразмоўцы «Шуфлядкі» распавядалі, што турэмныя камеры дрэнна ацяпляліся — зняволеным даводзілася апранаць верхнюю вопратку, каб сагрэцца. Якасць ежы ў турме не найлепшая — ежы не хапала, і яна не адпавядае нормам, заяўленым у меню, казала Наталля Хершэ.

    Асобную нязручнасць зняволенаму робіць мэбля ў камеры, расказвае яна.

    — Лаўка 14 сантыметраў [у шырыню]. Нідзе няма спінкі, каб прыхінуцца і неяк разгрузіць пазваночнік. Нідзе няма такога. Спецыяльна нават ложкі ўсталяваныя на нейкай адлегласці ад сцяны, каб не абаперціся, — апісвала былая палітзняволеная турэмную мэблю. Пры гэтым ляжаць на ложку да адбою нельга, дазваляецца толькі сядзець.

    На агульным рэжыме асуджаным дазволеныя: «атаварка» на дзве базавыя велічыні ў месяц, два кароткатэрміновыя спатканні, адна пасылка або перадача або дзве бандэролі і два дробныя пакеты ў год, штодзённая паўтарагадзінная прагулка. На строгім рэжыме прагулка скарочана да гадзіны, у год можна атрымаць адну бандэроль або дробны пакет, а колькасць спатканняў і сума «атаваркі» ўрэзаныя ўдвая.