«Алесь і Ян гатовыя былі ўзяць віну адзін аднаго на сябе». Двух братоў асудзілі за палітыку, трэці чакае іх у Польшчы
Евгений Корнеевец
Статья
16 мая 2023, 15:17

«Алесь і Ян гатовыя былі ўзяць віну адзін аднаго на сябе». Двух братоў асудзілі за палітыку, трэці чакае іх у Польшчы

Станіслаў і Алесь Папковічы і з сям’ёй. Фота: асабісты архіў сям’і Папковіч

Сёння суд прысудзіў 30-гадоваму Яну Папковічу 4 гады калоніі па двух «палітычных» артыкулах, а паўгода таму прысуд за ўдзел у пратэстах вынеслі яго брату — 2 гады калоніі. Разам з ім яны павінны былі пераехаць у Польшчу, дзе іх чакаў старэйшы брат Станіслаў. Але не паспелі: у дзень ад’езду ў кватэры ўламіліся сілавікі, збілі абодвух, стралялі ў сабаку, затрымалі жонку Яна. «Медыязона» распавядае гісторыю трох братоў, якія стаяць адзін за аднаго гарой, нягледзячы на рэпрэсіі.

Затрымалі ў дзень пераезду

30-гадовы Ян Папковіч з жонкай Анастасіяй і яго брат Алесь павінны былі пераехаць у Польшчу восенню 2022 года. Старэйшы брат Станіслаў чакаў іх у Вроцлаве, арандаваўшы вялікі дом для ўсёй сям’і.

Гэтага не адбылося. За дзень да пераезду, 2 верасня 2022 года, сям’ю затрымалі. Сілавікі «ўзялі» Яна і Анастасію дома — Яна моцна збілі, стрэлілі ў іхняга сабаку. Атрымаўшы «сігнал бедства», старэйшы брат Станіслаў патэлефанаваў бацькам, каб расказаць пра Яна. У гэты момант да іх прыйшоў сярэдні брат — Алесь. Падчас размовы з бацькамі па тэлефоне Станіслаў пачуў, што ў кватэру ўварваліся сілавікі і загадалі ўсім легчы.

Бацькі трох братоў — пенсіянеры. Бацька — мастак, працаваў афарміцелем. Мама працавала выхавальніцай у дзіцячым садку, затым у лабараторыі санэкспертызы.

Станіслаў кажа, што браты ўсё жыццё стараліся трымацца разам. Ян, як «галоўны» спартовец у сям’і, трэніраваў старэйшых. Алесь дзяліўся творчымі ідэямі, Станіслаў «адказваў» за юрыдычную дапамогу ў любых пытаннях.

— Мы заўсёды адзін аднаму дапамагалі і ў вялікім, і ў малым. Напрыклад, мы ведаем, што калі Алеся і Яна затрымалі, у першы дзень допытаў, хоць гэта і наіўна, абодва гатовыя былі падпісаць любыя дакументы і ўзяць на сябе віну, калі б другога брата адпусцілі.

Старэйшы. Юрфак, «Малады фронт», 12 сутак

37-гадовы Станіслаў скончыў юрфак БДУ і збіраўся працаваць у пракуратуры. Але пазнаёміўшыся бліжэй з яе «беларускай версіяй», зразумеў, што ведамства «займаецца не тым, чым павінна».

Алесь, Станіслаў і Ян Папковічы (злева направа). Фота: асабісты архіў сям’і Папковіч

— Гэта быў не наглядны орган за іншымі інстытутамі ўлады, а адзін з такіх жа інстытутаў, якія рабілі тое ж самае, што і астатнія.

Нейкі час Станіслаў практыкаваўся судовым выканаўцам, а пазней уладкаваўся юрыстам у буйную кампанію, дзе і прапрацаваў каля дзевяці гадоў.

Пра пераезд з Беларусі Станіслаў пачаў думаць у 2020 годзе, калі яго з братам Алесем затрымалі па адміністрацыйным артыкуле.

— У мяне дзіця, яму хутка чатыры гады будзе. Але калі ў 2020 годзе мяне затрымалі і я сядзеў на сутках, жонка была з дзіцем, якому год. Цяжка ўсведамляць, што цябе могуць пазбавіць зносін з дзіцем не на 15 сутак, а даўжэй. Цяжка было ўявіць, што дзіця будзе расці без бацькі два-тры гады, ці пяць, ці больш.

Затрымалі Станіслава на адным з нядзельных маршаў. Ён разам з братамі і Анастасіяй толькі накіроўваліся ў цэнтр, каб далучыцца да астатніх беларусаў, але каля Кастрычніцкай дарогу перакрылі сілавікі і загадалі ісці дадому.

— Тады іншыя часы былі, гэта ўсё здавалася трошкі менш небяспечным, і я пачаў з імі дыскутаваць, маўляў мы пойдзем па сваіх справах, — прызнаецца Станіслаў.

Хлопцы перабеглі дарогу ў бок ракі, сілавікі развярнуліся і паехалі за імі.

— Мы прабеглі крыху наперад, яны развярнуліся, пад’ехалі туды. Мы прабеглі назад, яны за намі. Пачалася, карацей, гонка. Мы каля інтэрнатаў, дзе спуск да Свіслачы, як зайцы бегалі, напэўна, паўгадзіны. Яны за намі выскоквалі з буса, беглі, не даганялі, скакалі ў бус, пад’язджалі зноў. Бегалі, пакуль усіх не злавілі. Толькі аднаму ўдалося ўцячы — гэта быў Ян. Ён у суперспартыўнай форме, пры ўсім жаданні яго нерэальна дагнаць, нават на бусах.

Тады старэйшаму Станіславу і сярэдняму Алесю прызначылі па 12 сутак арышту.

Станіслаў кажа, што на пачатку 2000-х быў у «Маладым фронце», «Зубры», быў знаёмы з Паўлам Севярынцам. Ён лічыць, што дзякуючы таму, што дзяліўся з братамі ідэямі, да 2020-га яны «падыходзілі з апазіцыйнымі поглядамі».

У 2022 годзе Станіслаў, яго жонка і Алесь пераехалі ў Грузію, потым у Польшчу. Станіслаў кажа, што рашэнне аб пераездзе прымалі ўсёй сям’ёй, і пераязджаць вырашылі ў адно месца, каб дапамагаць адзін аднаму. Станіслаў звольніўся з працы і паехаў першым, каб падрыхтаваць усё для пераезду жонкі і братоў. Як толькі ён знайшоў дом і заключыў дамову арэнды, братоў затрымалі.

Сярэдні. Дызайн, музыка, 2 гады калоніі

Сярэдняму брату Алесю — 33 гады. Ён займаўся дызайнам, у 2012 годзе яго лагатып перамог на конкурсе «Нясвіж — культурная сталіца». Працаваў аніматарам у «Беларусьфільме», а пасля сышоў у IT, рабіў анімацыю для гульнявых кампаній Vipline, Gambino, Playgendary, Vizor Games.

Малюнак Алеся Папковіча з калоніі. Фота: асабісты архіў сям’і Папковіч

Адначасова з гэтым Алесь займаўся музыкай, стварыў гурт «Дзе-я?».

— Гурт быў як хобі ў вольны ад працы час, але Алесь заўсёды хацеў надаваць музыцы больш увагі. Да 2020 года было напісана каля шасці песень. Аўтарам і выканаўцам быў сам Алесь, — распавядае старэйшы брат.

У 2020 годзе Алесь быў затрыманы разам з братам Станіславам і Анастасіяй. Адседзеў 12 сутак. Станіслаў кажа, што калі іх размяркоўвалі па камерах на Акрэсціна, стараўся стаць бліжэй да Алеся, каб трапіць у адну камеру, але гэта не ўдалося.

Алесь Папковіч. Фота: асабісты архіў сям’і Папковіч

У 2022 годзе Алесь разам са старэйшым братам і яго жонкай пераехаў у Грузію. Але вярнуўся ў Беларусь, каб зрабіць польскую візу.

2 верасня Алеся затрымалі, калі раніцай перад пераездам ён прыйшоў наведаць бацькоў. Станіслаў кажа, што пры затрыманні брата моцна збілі. У Алеся дома правялі ператрус, забралі яго карціны і майкі з пратэснымі прынтамі.

Алеся змясцілі ў СІЗА, праз тры месяцы яго асудзілі на 2 гады калоніі па абвінавачванні ў грубым парушэнні парадку. Цяпер Алесь адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 3.

— У няволі Алесь трымаецца стойка, не падае духам. Але вельмі шкадуе, што не паспеў падзяліцца сваёй творчасцю з іншымі. З 2020 па 2022 год ён запісаў яшчэ каля васьмі песень, тры з якіх (Zło, Piekła і Karma), былі запісаныя перад самым затрыманнем. На ягоную просьбу былі сабраныя ўсе запісаныя на сённяшні момант песні і апублікаваныя для агульнага карыстання, — распавядае брат Алеся.

Малодшы. Спорт, банк, 4 гады калоніі за перапіскі з каліноўцамі

Ян — малодшы з братоў. Служыў у спецназе ў Мар’інай Горцы, на дэмбель сышоў у званні сяржанта на пасадзе камандзіра аддзялення.

Ян Папковіч. Фота: асабісты архіў сям’і Папковіч

З 2012 года працаваў старшым інкасатарам у «Белаграпрамбанку», з 2020 — у «Белгазпрамбанку». Паралельна скончыў БДУІР. Старэйшы брат Яна кажа, што яго заўсёды прыцягвалі «нейкія спартыўныя рэчы». Ён займаўся тайскім боксам, рукапашным боем, ушу, трэніраваў у клубе «Волат». Мае званне майстра спорту РБ па боксе і ушу, выступаў на Чэмпіянаце свету.

Неаднаразова ўдзельнічаў у спаборніцтвах па прафесійнай падрыхтоўцы сярод інкасатараў, дзе тры разы займаў першыя месцы — у 2013, 2015, 2017 гадах. У жніўні 2022 года стаў «інкасатарам года».

— Шмат разоў яго клікалі працаваць і ў «Альфу», і ў СБП, і ў АСАМ, і ва ўсе гэтыя месцы. Ён працуе восем гадоў інкасатарам, гэта значыць чалавек, які ўмее страляць. Ён у мяне выступаў на спаборніцтвах па боксе, — распавядае жонка Яна Анастасія.

З банка Ян звольніўся за дзень да ад’езду.

— Канкрэтных планаў мы не будавалі. Алесь — зразумела, айцішнік. А мы з Янам на месцы хацелі зарыентавацца. Разумелі, што едзем усёй сям’ёй, з усімі братамі, значыць — не прападзем, — распавядае Станіслаў.

2 верасня да Яна ўварваліся сілавікі. Станіслаў не ведае, былі ў іх баявыя патроны ў аўтаматах, ці не, але страляніну ў кватэры Яна і Анастасіі сілавікі ўчынілі двойчы: першы раз стралялі ў сабаку, другі раз у Яна, калі ён прыкрыў сабаку сабой.

Старэйшы брат кажа, што ў Яна ёсць сябры, якія цяпер ваююць на баку Украіны. Ён з імі меў зносіны, але ехаць добраахвотнікам не збіраўся.

На адным з пасяджэнняў суда пракурор дзве гадзіны зачытваў перапіскі Яна з яго сябрамі. Сёння суд прысудзіў Яну Папковічу 4 гады калоніі па двух крымінальных артыкулах: грубае парушэнне грамадскага парадку і падрыхтоўка да ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях.