Злева направа: Аляксандр Антановіч, Міхал Патрэба, Павел Жук, Андрэй Фірсаў, Сцяпан Манкевіч. 1998 г. Фота з кнігі «Ніколі болей»
Пабудавала вялікі дом для сям’і — яго забралі, а сям’ю выслалі, не даўшы нават апрануцца. Сышоў з ваеннай пасады — адправілі на «фабрыку смерці» на Калыме. Арганізаваў факультатыў ва ўніверсітэце — абвінавачаны ў антысавецкай агітацыі. Усе гэтыя выпадкі — рэальныя гісторыі гарадзенцаў і «камуністычных рэпрэсій», як іх называе аўтар кнігі «Ніколі болей». Зборнік выходзіць заўтра ў выдавецтве «Янушкевіч». «Медыязона» пераказвае некалькі ўспамінаў герояў.
21 красавіка выходзіць перавыданне кнігі «Ніколі болей» — зборніка ўспамінаў жыхароў Гродна, пацярпелых ад камуністычных рэпрэсій, як апісваюць яе аўтары. Склаў кнігу Міхась Патрэба — лінгвіст, выкладчык, адзін з заснавальнікаў БСДГ. Першае яе выданне выйшла ў 2000 годзе.
У кнігу ўвайшлі ўспаміны былых вязняў ГУЛАГА і іншых лагераў, а таксама аповеды дзяцей (цяпер ужо пажылых людзей) рэпрэсаваных і «ворагаў народа», якія засталіся сіротамі і ўтрымліваліся ў спецыяльных дзіцячых дамах праз рэпрэсіі супраць бацькоў.
У прадмове Патрэба ўказвае, што ў архіве КДБ па Гродзенскай вобласці пад грыфам «захоўваць вечна» ўтрымліваецца 15 тысяч справаў на асуджаных судовымі і несудовымі органамі па палітычных абвінавачваннях у 1939 — 1941 і 1944 — 1953 гадах.
Кніга складаецца з 19 гісторый, у кожнай з іх — біяграфія гродзенца. Яны падобныя: абсурдныя абвінавачванні, катаванні падчас следства і прысуд — ад 10 гадоў лагераў. Нават па назвах раздзелаў можна прасачыць, якім было жыццё рэпрэсаваных. «Лагерная эпапея», «Турэмныя ўніверсітэты», «Калымскія будні», «Нататкі партызана», «Следчы перадае прывітанне», «Прыход Саветаў», «Расстрэл беларускай інтэлігенцыі», «Акупацыйны побыт», «Непакой душы» і «Плата за годнасць».
Адзін з герояў, навуковец Віктар Данілаў, распавядае ў кнізе, як было ўладкавана зняволенне. Палітвязняў асуджалі за «шпіянаж», «здраду радзіме», «антысавецкую агітацыю» і па іншых артыкулах. Данілаў згадвае метады ціску на палітвязняў, якія не змяніліся амаль за 100 гадоў.
Зняволеных у адной бялізне змяшчалі ў халодны карцар, аналагам якога з’яўляецца цяперашняе ШІЗА. Чалавек быў пазбаўлены не толькі прагулак, лістоў або перадач, але і ежы. У дзень яму давалася было 300 грам «сырога арыштанцкага хлеба» і дзве шклянкі вады. Раз на тры дні прыносілі міску з гарачай «баландой» — так званым супам.
Зняволенага маглі адправіць у барак узмоцненага рэжыму — БУР. Такім чынам чалавека пазбаўлялі кантакту з іншым людзьмі ў лагеры, ім не перадавалі пасылкі і лісты.
Спецыяльныя лагерныя суды, або «асаблівыя нарады», маглі павялічыць прысуд зняволенага. Людзей каралі за парушэнні лагернага рэжыму або «ў якасці прафілактыкі». Усе героі ўспамінаюць пра даносы і стукачоу у КДБ і перапоўненыя камеры (даходзіла да 80 чалавек у адной).
Адзін з герояў кнігі, якога выслалі ў працоўны лагер за арганізацыю факультатыва па філасофіі ва ўніверсітэце, назваў палітычныя рэпрэсіі «генацыдам уласнага народа».
«Але нешта падобнае [генацыд уласнага народа] ў меншым маштабе можа здарыцца і ў Расіі, і ў Беларусі, бо імунітэту грамадства ўсё ж не набыло. Каб набыць імунітэт да фашызму, немцам і свету патрэбны быў Нюрнбергскі працэс. Дзякуючы гэтаму працэсу нямецкі народ, перахварэўшы фашызмам, як якой заразнай хваробай, набыў імунітэт. І не сам па сабе, гэта не яго заслуга, а праз Нюрнбергскі працэс. Такі ж працэс павінны адбыцца і над камунізмам. У Расіі спроба судзіць камунізм вылілася ў камедыю — Канстытуцыйны суд над КПСС. Без суду над КПСС, без поўнай праўды аб яе тэорыі і злачыннай практыцы, без данясення гэтай праўды ўсяму народу імунітэту супраць генацыду ўласнага народа быць не можа».
Віктар Данілаў у сваёй гісторыі «ГУЛАГ, сістэма і метады» успамінае апошнія гады зняволення, калі памёр Сталін і пачалася барацьба з культам асобы. У лагерах пачаліся пратэсты — з барыкадамі і бомбамі.
«Нам сталі плаціць невялікую заработную плату [пасля смерці Сталіна]. У шмат якіх лагерах пачаліся забастоўкі з патрабаваннем свабоды. Першым забаставаў Горлаг у Нарыльску, следам за ім — Стэплаг каля Караганды, Рэчлаг у Варкуце, магчыма, і іншыя месцы. Для падаўлення забастовак у жылыя зоны ўводзіліся войскі, якія ўжывалі супраць зняволеных зброю, а ў некаторых месцах і танкі (пад Карагандой). Зняволеныя адказвалі ўзвядзеннем барыкадаў, ужываннем самаробных бомбаў і іншымі сродкамі. У нашым лагеры ўзнікла забастоўка з прычыны незаконнага забойства вязня ахоўнікам. Мы патрабавалі камісіі для расследавання забойства і пакарання вінаватага.
У сувязі з выкрыццём культу асобы Сталіна і забастоўкамі зняволеных была праведзеная амністыя асуджаных на пяць гадоў і пачаліся перагляды справаў зняволеных, персанальныя амністыі і вызваленне людзей з-за адсутнасці ў іх дзеяннях складу злачынства. Я таксама трапіў пад амністыю спачатку першай судзімасці, затым другой. А трошкі пазней, ужо на волі, я быў рэабілітаваны па абедзвюх судзімасцях з-за адсутнасці складу злачынства».
Настаўнік Уладзімір Кісель быў арыштаваны за ўдзел у Саюзе беларускай моладзі. Следства прад’явіла яму абвінавачванне ў прыналежнасці да нацыяналістычнай арганізацыі, утойванне польскай арганізацыі і супраціўленне сацыялістычнаму будаўніцтву ў сельскай гаспадарцы. Яго гісторыя ў кнізе называецца «Свабода, годнасць — даражэй за жыццё».
«Колькі нас сядзела па гэтай справе, даведаліся мы толькі на судзе. У першы дзень суду прывялі 17 абвінавачаных, з іх я ведаў 5-6 чалавек. Нас вазілі ў "варанку" разам. Едучы, мы спявалі песні: "Пагоню", "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", "Мы — бойкая моладзь", ведалі, што ўсё роўна не адбіцца. З "амерыканкі" вазілі нас праз увесь Мінск, бо трыбунал засядаў недзе на ўскраіне. Канваіры толькі прасілі, каб мы цішэй спявалі.
Я сядзеў у 9-й камеры, а побач, у 8-й ці 10-й, знаходзілася Ларыса Геніюш. Мы перастукваліся. Яна вельмі ўзрушылася, калі даведалася, за што нас судзяць, жадала нам вытрымкі і шчасця. Мы ведалі, што ёсць такая паэтка, але на вочы я яе так і не пабачыў.
На судзе ў апошнім слове я сказаў, што за ўсё свае жыццё нікога не забіў, не абрабаваў, не аблаяў. А тое, што я люблю сваю Радзіму, дык я яе люблю ад Коласа, Купалы, Багдановіча. То й судзіце мяне за гэта, спагады не прашу».
У чэрвені 1949 года Кісяля прысудзілі да 25 гадоў пазбаўлення волі, з паразай правоў і канфіскацыяй маёмасці. «Гэта азначала здраду Радзіме, ускосны тэрор і антысавецкую прапаганду», — растлумачыў актывіст.
«Пасля суду перавялі нас у агульную турму. Прывялі мяне ў камеру для асуджаных. Лета было — смурод страшны. Людзі сядзяць на нарах да пояса распранутыя. Ну, думаю, папаў да блатных, зараз пачнуцца іншыя пакуты. Бо блатныя былі "друзья народа", а мы — "враги народа". Валадарылі ў турмах блатныя. Я ўжо падрыхтаваўся абараняцца. А ў мяне пытаюцца, ці я не з тых бандытаў, якія самі на судзе суддзяў судзяць. Я здзівіўся, адкуль яны гэта ведаюць, бо гэта ж зусім іншая турма. Аказваецца, наш канвой разнёс навіну, што судзяць 17 бандытаў, а яны не плачуць, не просяцца, а яшчэ і трыбунал разам з савецкай уладай абвінавачваюць. Да мяне ў камеры ставіліся добра. Пасля перавялі нас у Брэст».
Расціслава Папова затрымалі і судзілі пасля таго, як ён сышоў з разведкі, дзе, паводле яго ўспамінаў, ён займаўся «палітычнай кантрабандай»: у прыгранічнай зоне перакідваў на польскую тэрыторыю прапагандысцкую літаратуру і грошы для «ячэек». Некалькі разоў ён трапляў у аблавы памежнікаў і быў паранены, таму вырашыў пакінуць працу. Папова змясцілі ў «амерыканку», а потым адправілі на Калыму. Ён кажа, што нават успамінаць страшна яго заключэнне, не тое што перажываць: «Там такое тварылася!»
«Масавыя расстрэлы працягваліся і ў 38-м годзе. Расстрэльвалі ў турме. Выстралы пачыналіся прыкладна а 3-4-й гадзіне ночы і доўжыліся да 6 гадзінаў раніцы, да пад’ёму. Адкуль мы ведалі, што расстрэльваюць? Быў такі дапатопны трактар Чалябінскага трактарнага завода, глушыцеля ён не меў. Калі пачынаў працаваць, то чуваць яго было за 10 кіламетраў. Заводзілі яго, каб прыглушыць гукі выстралаў. Трупы недзе вывозілі, хутчэй за ўсё ў Курапаты. Колькі людзей там загінула! У адным былым маім тэхнікуме забралі ўвесь выкладчыцкі склад, увесь. Усіх, хто ў часы царызму быў афіцэрам або чыноўнікам якім ці нават якіясьці гуманітарныя навукі выкладаў,— усіх расстралялі. У мяне быў выкладчык Каменскі, швагер Якуба Коласа, ён некалі з Леніным у Казанскім універсітэце вучыўся. І яго схапілі, і Колас не змог выручыць. Расстралялі яго.
Быў там нейкі Сасноўскі, начальнік адной з чыгунак (хіба Казанскай), а ў першыя гады савецкай улады — сакратар Віцебскага акружнога камітэта партыі (тады акругі былі). Але ж яго й лупілі! Быў ён некалі тлустым, поўным, а тут у яго ад пабояў і голаду тлушч увесь спаў, ён так схуднеў… Калі мы мыліся ў лазні, то скура з жывата вісела, як плява: тлушч прапаў, а скура не сцягнулася. Мучылі яго страшна і забілі на допыце. Гэта тады за партыйцаў-беларусаў узяліся.
Яшчэ да майго прыбыцця ў "амерыканку" там сядзеў старшыня саўнаркама Беларусі Галадзед, крыштальнай душы чалавек. Яго так лупілі, што ён ад пабояў душу аддаў. Выклікалі ўрача і загадалі, каб ён напісаў заключэнне, што Галадзед памёр ад сардэчнай недастатковасці. Той і напісаў, бо куды дзенешся: інакш і цябе заб’юць. Забойствы падчас допыту здараліся вельмі часта. Гэтыя садысты проста шалелі ад уседазволенасці…»
Гісторыя Расціслава Папова называецца «КГБ — оберкат краіны саветаў».
Андрэя Фірсава затрымалі па даносе ад інфарматара КДБ, якім аказаўся адзін з яго прыяцеляў. Разам яны арганізавалі «гурток этыкі» ва ўніверсітэце і паспелі правесці дзве сустрэчы. Андрэя затрымалі, а ва ўніверсітэт наведаўся супрацоўнік КДБ і «праінфармаваў грамадскасць», што органамі выкрыта і ліквідавана антысавецкая падпольная контррэвалюцыйная арганізацыя «Легіён фашысцкай моладзі». Гісторыя Фірсава ў кнізе называецца «Этыка і воля несумяшчальныя».
«За час майго знаходжання ў гэтай камеры сукамернікі мае змяніліся па два-тры разы, але адзін з іх запомніўся мне асабліва. Гэта быў украінец, цікавы мужчына гадоў пад сорак, звалі яго Зміцер Антонавіч Шамрай. Ён быў вызвалены амерыканцамі з нямецкага палону, прайшоў фільтрацыю пасля вызвалення. Меў двух сыноў, па прафесіі — інжынер-электрык вельмі высокай кваліфікацыі. Ён наіўна спадзяваўся, што раз прайшоў фільтрацыю, то яму ўжо нічога не пагражае, і прыняў запрашэнне акадэміка Валагдзіна працаваць у яго інстытуце току высокай частаты. Шамраю было цікава працаваць там з прафесійнага гледзішча і ў той жа час прэстыжна і, пэўна, грашова выгадна. Але ж інстытут гэты — рэжымная ўстанова: там сакрэтнасць, там ёсць першы аддзел, які ўсіх правярае. А ён жа быў у палоне, у амерыканцаў. Вядома, гэта трагічна паўплывала на ягоны лёс. Каб не пайшоў у той інстытут, то мог бы ацалець. Абвінавацілі яго ў тым, што ён завербаваны амерыканцамі і пралез у інстытут, каб выконваць шпіёнскія заданні.
Справа яго таксама была закончаная, і ён чакаў суду ці "особого совещания". Гэты чалавек зрабіў на мяне вельмі добры ўплыў. Ён быў старэйшы, вопытнейшы, добра ведаў гісторыю, паэзію, бясконца мог дэкламаваць на памяць. Абмяркоўвалі мы неяк у камеры пытанне: што нас можа ўратаваць, ці нам так і загінуць прыйдзецца? Усе разумелі, што справа кепская. Вылучаліся розныя бязглуздыя гіпотэзы накшталт таго, што нібыта амерыканцы прыйдуць і нас вызваляць. Я ў гэта не верыў, я ўвогуле не бачыў ніякага выйсця. А ён мне сказаў:
— Выйсце толькі адно. Табе колькі гадоў, дваццаць адзін? А яму (г. зн. Сталіну) ужо шэсцьдзесят дзевяць. Калі будзеш сябе разумна паводзіць, ты яго перажывеш. Усяляк давядзецца, але пасля яго смерці абавязкова нешта зменіцца. Так не будзе».