«Асудзяць аднаго, а запужаюць дзясяткі іншых». Як у Беларусі судзяць за непадпарадкаванне ў калоніі і дадаюць тэрмін да прысуду
Михаил Полозняков
Статья
10 марта 2023, 10:37

«Асудзяць аднаго, а запужаюць дзясяткі іншых». Як у Беларусі судзяць за непадпарадкаванне ў калоніі і дадаюць тэрмін да прысуду

Ілюстрацыя: Марыя В. / Медыязона

Артыкул 411 КК «Аб злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі» дазваляе падаўжаць зняволеным тэрмін пазбаўлення волі. Вядомы выпадак, калі ў Беларусі па ім судзілі дзевяць разоў запар. Чалавек, знаходзячыся, напрыклад, у калоніі, атрымлівае спагнанні за «няветлівае прывітанне», няголенасць ці незашпілены гузік, яго адпраўляюць у ШІЗА. За новыя «парушэнні» могуць перавесці ў ПКТ, палату, адзіночную камеру ці турму, і пасля гэтага завесці новую крымінальную справу. Суды, пасля якіх да пакарання можа дадацца ад некалькіх месяцаў да двух гадоў зняволення, праходзяць у закрытым рэжыме на тэрыторыі папраўчай установы.

Парушэнне — спагнанне — новая крымінальная справа

Адміністрацыя калоніі можа складаць на зняволеных рапарты за парушэнне рэжыму і затым падвяргаць іх дысцыплінарнаму спагнанню. Калі гэта перавод у ПКТ, спецыялізаваную палату, адзіночную камеру або турму на працягу года, то супраць зняволенага можна пачаць справу па артыкуле аб злосным непадпарадкаванні адміністрацыі.

Сярод парушэнняў, якія могуць пацягнуць за сабой рапарт і спагнанне, а затым і новую крымінальную справу — няветлівасць з супрацоўнікамі папраўчай установы, «перамовы» з іншымі асуджанымі праз сценку санвузла, выхад у прыбіральню без папярэджання, а таксама няголенасць.

На анархіста Мікіту Емяльянава склалі рапарт за тое, што ён ляжаў на ложку ў ШІЗА. Сярод парушэнняў Вікторыі Кульшы было «знішчэнне ліста, напісанага да дачкі». Музыка Ігар Банцар высыпаў смецце пад ногі міліцыянту і назваў гэта арт-перформансам «Мусор в мусоре», за што атрымаў двое сутак у штрафным ізалятары.

Зняволенага судзілі дзевяць разоў

Па першай частцы артыкула могуць пакараць пазбаўленнем волі тэрмінам да года — за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі» і «іншае супрацьдзеянне адміністрацыі».

Другая частка прымяняецца да асуджаных за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства альбо тых, якія дапусцілі «асабліва небяспечны рэцыдыў». Пакаранне па гэтай частцы складае да двух гадоў.

У крымінальным кодэксе БССР быў артыкул з падобнымі фармулёўкамі пад нумарам 184-3. Так, па першай частцы пакаранне было на тэрмін ад аднаго да трох гадоў, а па другой — ад года да пяці.

«1985 год — 22 асуджаных, 1986 год — дзевяць, 1987 — тры. У 1988 годзе ўжо не было ніводнага», — распавядаў пра ўжыванне артыкула ў БССР «Белгазеце» кандыдат юрыдычных навук Аляксей Лукша.

«Медыязоне» ўдалося знайсці 12 прысудаў за 2021 год і 31 за 2022 год.

У Беларусі вядомы выпадак Уладзіміра Бандарэнкі, якога, паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», судзілі восем разоў. Паводле іншых дадзеных — дзевяць. Як распавялі праваабаронцы, Бандарэнку падвяргалі спагнанням за тое, што ён не выконваў каманду «адбой», не выходзіў на працу «без паважнай прычыны», спаў на падлозе ў ШІЗА.

Паводле ўспамінаў Паўла Сапелкі, былі выпадкі, калі за перыяд дзейнасці праваабарончага цэнтра «Вясна» да іх прыходзілі тыя, каго каралі дадаткова «яшчэ 3-4 разы».

«Артыкул, каб "ламаць" чалавека»

Са слоў Андрэя Шарэнды, мужа палітвязня актывісткі Паліны Шарэнды-Панасюк, яна змешчаная ў ПКТ да траўня. Ён мяркуе, што гэты час будзе выкарыстаны, каб «раскруціць» жонку на новую крымінальную справу аб злосным непадпарадкаванні адміністрацыі.

Актывістцы «Еўрапейскай Беларусі» ўжо дадалі яшчэ адзін год калоніі да яе прысуду, а ў кастрычніку 2022 года стала вядома, што яе зноў збіраюцца судзіць, гэтым разам па другой частцы.

Шарэнда ўспамінае, што ў яго жонкі «шмат дробных» парушэнняў, такіх як «незашпілены гузік» або «не тая форма адзення». Паводле яго, пашыранай формай парушэння з’яўляецца прадстаўленне не па форме.

«Зняволены павінен пры абыходзе гучна зачытваць сваё імя, прозвішча, артыкул, па якім ён асуджаны. Акрамя таго, ён павінен зачытваць усе гэтыя біркі, якія навешаны — схільны да экстрэмізму, схільны да пабегу, да захопу заложнікаў. Паліна наадрэз адказваецца гэта рабіць і, фактычна за гэта, правапарушэнні пладзяцца адно за адным», — расказвае муж зняволенай.

Паводле яго слоў, суд па артыкуле аб злосным непадпарадкаванні звычайна праходзіць на тэрыторыі калоніі ў закрытым выглядзе. Ён мяркуе, што гэты артыкул неабходны, каб «ламаць чалавека».

«Па-другое, гэты артыкул носіць такі характар, што ім заўсёды можна пагражаць людзям. Яны могуць асудзіць аднаго, а пры гэтым запужаць дзясяткі іншых палітзняволенных», — лічыць муж зняволенай.

Ад чатырох месяцаў да двух гадоў да прысуду

Да 2020 года праваабаронца Сапелка ўспамінае два выпадкі прымянення артыкула 411 да палітвязняў. У 2012 годзе дадатковы год атрымаў прысуджаны да двух гадоў калоніі Зміцер Дашкевіч. У 2015 годзе — асуджаны на 4,5 года анархіст Мікалай Дзядок. Усё змянілася пасля 2020-га.

На момант публікацыі вядома пра каля дваццаці крымінальных справаў за «непадпарадкаванне адміністрацыі», дзе палітвязням дадалі ад чатырох месяцаў да двух гадоў да іх тэрмінаў. Сярод іх — блогер Сяргей Ціханоўскі, адміністратар тэлеграм-канала «Армия с народом» Сяргей Ярашэвіч, анархіст Мікіта Емяльянаў.

Да прымусовага лячэння ў псіхалагічным стацыянары асудзілі жыхара Чачэрска Юрыя Кавалёва.

Мастака Івана Вярбіцкага павінны былі судзіць 19 снежня 2022 года па 1 частцы артыкула 411. Пра прысуд невядома. Таксама невядома пра вынік суда над мінчуком Аляксандрам Зайкоўскім, якога судзілі ў кастрычніку таго ж года.

Супраць адміністратара чата «Водители 97%» Вікторыі Кульшы, якая ўжо была асуджаная на дадатковы год калоніі, завялі крымінальную справу яшчэ раз, па другой частцы.

Мінчука Андрэя Навіцкага асудзілі дадаткова да чатырох месяцаў калоніі, аднак у студзені 2023 года павінен быў прайсці яшчэ адзін суд. Пра яго вынікі невядома. 10 лютага суд пачаў разглядаць справу асуджанага да 22 гадоў калоніі Вячаслава Малейчука.

У траўні 2022 года паведамлялася аб распачацці справы па артыкуле аб злосным непадпарадкаванні супраць трактарыста Алега Рубца. Крымінальную справу па першай частцы распачалі супраць пенсіянеркі Алены Гнаўк.

Супраць Арцёма Анішчука заводзілі справу паводле артыкула аб злосным непадпарадкаванні, аднак пастанова была скасаваная.

23 сакавіка пройдзе суд супраць асуджанага на 20 гадоў калоніі анархіста Сяргея Раманава – крымінальную справу ў дачыненні да яго распачалі за «злоснае непадпарадкаванне» па другой частцы артыкула.