«Домыслы следства і не больш за тое». Праслухоўванне, 120 ператрусаў і спіс палітвязняў у справе «Вясны»
Евгений Корнеевец
Статья
3 марта 2023, 11:06

«Домыслы следства і не больш за тое». Праслухоўванне, 120 ператрусаў і спіс палітвязняў у справе «Вясны»

Ілюстрацыя: Аня А. / Медыязона

Амаль два месяцы ў Мінску ішоў працэс па справе «Вясны». Чацвярых праваабаронцаў, у тым ліку Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, абвінавачваюць у кантрабандзе буйной сумы наяўных грошай і фінансаванні пратэстаў. У дзень прысуду «Медыязона» коратка расказвае, у чым абвінавачваюць Нобелеўскага лаўрэата і ягоных калег.

Справа. 120 ператрусаў, 283 тамы, 100 сведак

Суд па справе «Вясны» ішоў у адкрытым рэжыме, але ўсіх ахвочых — напрыклад, еўрапейскіх дыпламатаў — на працэс не пусцілі. На працягу ўсіх пасяджэнняў Бяляцкі, Лабковіч і Стэфановіч знаходзіліся ў клетцы і ў кайданках. Яны хадайнічалі аб тым, каб зняць іх, але суддзя Марына Запаснік не разгледзела заяву, а хадайніцтва Бяляцкага аб тым, каб працэс вёўся на беларускай мове, не задаволіла.

Калі праваабаронца заўважыў, што пракурору Аляксандру Каралю варта было б выкарыстоўваць у працэсе беларускую мову, суддзя Запаснік адказала: «Абвінавачаным было прад’яўленае абвінавачванне на рускай мове. Вы можаце выкарыстоўваць любую з дзвюх дзяржаўных моў, суд вас зразумее».

Крымінальную справу супраць «Вясны» суд Ленінскага раёна разглядаў амаль два месяцы. Трое праваабаронцаў утрымліваюцца пад вартай больш за паўтара года. Чацвёрты фігурант справы Дзмітрый Салаўёў змог пакінуць Беларусь; яго судзяць па гэтай справе завочна ў парадку спецыяльнай вытворчасці.

Першапачаткова Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу інкрымінавалі нясплату падаткаў, але праз больш за год пасля затрымання гэтую справу спынілі. «Вясноўцам» прад'явілі новыя, больш жорсткія абвінавачванні: кантрабанду буйной сумы наяўных праз мытную мяжу ЕАЭС арганізаванай групай і фінансаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Праваабаронцы не прызналі віну ні па адным эпізодзе. Пракурор запатрабаваў Алесю Бяляцкаму 12 гадоў пазбаўлення волі, Валянціну Стэфановічу — 11 гадоў. Лабковічу і Салаўёву — 9 і 10 гадоў калоніі адпаведна.

Усяго ў справе супраць праваабаронцаў 283 тамы па 300 старонак у кожным. Паводле інфармацыі «Вясны», гэта рэкордная колькасць па палітычным працэсе. Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі прасіў суд даць яму больш часу, каб азнаёміцца з матэрыяламі справы (ён паспеў вывучыць 70 тамоў), але суд палічыў, што месяца яму павінна было хапіць. За час следства сілавікі правялі 120 ператрусаў па гэтай справе, а сведкамі па ёй праходзяць 100 чалавек.

«Вясна» адзначае, што на адно з пасяджэнняў некаторыя сведкі не з’явіліся, бо знаходзяцца за мяжой або ў іх няма грошай, каб даехаць; некаторыя спаслаліся на непаўналетніх дзяцей і стан здароўя. Яны даслалі ў суд заявы аб разглядзе справы без іх. Адвакаты праваабаронцаў заўважылі, што амаль усе заявы напісаныя «як пад капірку» і да іх не прыкладаліся доказы, напрыклад, пра хваробу. Двое сведак былі «засакрэчаныя», іх паказанні зачытвала суддзя.

Ілюстрацыя: Аня А. / Медыязона

Кантрабанда. Дакументы без пячатак і перакладаў

Абвінавачванне лічыць, што з красавіка 2016 года да затрымання праваабаронцы, «дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы», «пад умовай выкарыстання для незаконнай дзейнасці і фінансавання ПЦ "Вясна"» і іншых арганізацый «абнаявілі грошы, якія паступілі ад розных структур і фондаў на банкаўскія рахункі кантраляванай імі замежнай арганізацыі». Затым яны «з дапамогай іншых асоб, дзейнічаючы з адзіным намерам» незаконна вывезлі з Літвы ў Беларусь наяўныя на агульную суму «не менш за 201 тысячу еўра і 54 тысячы даляраў». Грошы, на думку следства, яны перавозілі «паэтапна» і «без дэкларавання».

У матэрыялах справы ўтрымліваюцца ў тым ліку файлы, вынятыя з флэшак Дзмітрыя Салаўёва. Сярод іх былі і дакументы аб выдачы грошай, але без подпісаў Салаўёва і пячатак «Вясны». У матэрыялах няма перакладаў на беларускую або рускую дакументаў, звязаных з транзакцыямі па рахунку літоўскай арганізацыі Pavasaris, — пракурор зачытваў іх на замежнай (мабыць, літоўскай) мове. Некаторыя дакументы, уключаныя ў справу, па датах не супадаюць з перыядам, па якім разглядаюць справу праваабаронцаў, але гэта не перашкодзіла абвінавачанню разглядаць іх як доказ віны.

У пісьмовых матэрыялах справы змяшчаюцца дадзеныя аб выездах і ўездах у Беларусь членаў «Вясны», пачынаючы з 2016 года. Бяляцкі адзначыў, што ў абвінавачвання няма звестак, што ўстаноўленыя 89 чалавек перамяшчалі праз мяжу грошы, а не выязджалі па асабістых справах. На думку праваабаронцы, доказаў таго, што перамяшчэнне наяўных арганізоўваў ён, Лабковіч і Стэфановіч, абвінавачванне не прадставіла.

Рэчавым доказам следства прызнала 2 520 еўра, канфіскаваныя ва Уладзіміра Лабковіча ў аэрапорце па прылёце ў Беларусь незадоўга да затрымання па крымінальнай справе.

«Мая перапіска са Стэфановічам пра тое, што я вельмі шкадую, што ў мяне забралі мой заробак і мне няма за што фізічна жыць, гэта наступствы 4 ліпеня — за два тыдні да майго затрымання. І дзіўна чуць, што я нібыта хацеў заблытаць следства, каб выдаць гэтыя грошы за свае. <…> І калі я перапісваўся са Стэфановічам і казаў яму, што ў мяне на мяжы канфіскавалі 2 520 еўра майго заробку, то так і было — у мяне забралі мой заробак. Я вельмі спадзяваўся атрымаць яе назад, і мяне пераканалі, што на працягу 10 дзён пасля экспертызы гэта будзе магчыма. Таму тлумачыць, што я вёз кантрабандай 2 520 еўра, з’яўляецца здагадкай следства», — казаў Лабковіч.

Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі падчас вывучэння матэрыялаў справы задаваўся пытаннем: «Чаму следства вырашыла, што [сябры "Вясны" Аляксей] Колчын і [Андрэй] Палуда не хадзілі па пакупкі ў [ГЦ] "Акропаліс", як і тысячы беларусаў у тыя гады, а ішлі да бухгалтара ці яшчэ кудысьці, каб атрымаць гэтыя грошы, — незразумела».

Ён звяртаў увагу суда, што падчас перасячэння мяжы ў «большасці» сябраў «Вясны» не канфіскоўваліся грошы і выказаў здагадку, што звесткі аб іх атрыманні і зняцці — «домыслы следства і не больш за тое».

«Незразумела, якія сумы і колькі грошай было правезена. Людзі не былі дапытаныя, а тыя, хто былі дапытаныя, не пацвердзілі, што гэтыя грошы былі прывезеныя. Паездкі маглі мець зусім розныя прычыны», — казаў Бяляцкі.

Ілюстрацыя: Аня А. / Медыязона

Фінансаванне пратэстаў. Перапіскі і спіс палітвязняў

Паводле матэрыялаў справы, з траўня 2020 года да затрымання праваабаронцы «ажыццявілі падрыхтоўку грамадзян» да ўдзелу ў грубым парушэнні грамадскага парадку, фінансавалі і «матэрыяльна забяспечвалі» гэтыя дзеянні «пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці, у тым ліку ад імя ПЦ "Вясна", незарэгістраванага фонду By_Help».

Злачынствам следства палічыла, напрыклад, аплаты штрафаў за іншых людзей па адміністрацыйных справах, «звязаных з парушэннем грамадскага парадку» і іншымі дзеяннямі, «здзейсненымі ў сувязі з выражэннем пратэсту на дзеянні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь»; аплата рахункаў за харчаванне ў ізалятарах падчас адміністрацыйнага арышту; аплата працы адвакатаў па крымінальных і адміністрацыйных справах.

У матэрыялах справы, якія тычацца абвінавачвання ў фінансаванні пратэстаў, змяшчаюцца шматлікія матэрыялы з сайта «Вясны» і з тэлеграм-канала цэнтра, у тым ліку тыя, дзе згадваецца фонд By_Help. Доказамі прадстаўляюцца асабістыя перапіскі праваабаронцаў.

«Перамовы ў групе ў фэйсбуку, якія былі вынятыя з памяці майго тэлефона — гаворка ішла аб дапамозе ахвярам палітычных рэпрэсій. І тут канкрэтна ідзе гаворка, хто займаецца гэтай дапамогай, і я пішу, што яны — гаворка ішла пра By_Help — кампенсуюць штрафы і сутачныя, калі хто не паленаваўся да іх звярнуцца», — казаў Алесь Бяляцкі ў судзе, дадаючы, што дапамогай у кампенсацыі штрафаў і сутачных «Вясна» не займалася.

128 акрушаў у адным з тамоў заняў пратакол агляду спісу палітычных зняволеных.

ГУБАЗіК. Праслухоўванне ў офісе і ў СІЗА

З матэрыялаў справы стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа пачалі «распрацоўваць» праваабаронцаў яшчэ ў верасні 2020 года. Тады сілавікі пачалі праслухоўваць тэлефон кіраўніка Брэсцкага аддзялення «Вясны» Уладзіміра Вялічкіна (у судзе агучылі змест гэтых размоў). ГУБАЗіК усталяваў за Вялічкіным назіранне, а ў офісе — відэакамеру. Відэазапісы і расшыфроўкі размоў з офіса таксама ёсць у матэрыялах справы.

У судзе высветлілася, што ГУБАЗіК праслухоўваў і гомельскага праваабаронцу Леаніда Судаленку: яны запісалі ягоную сустрэчу з жонкай у пакоі кароткатэрміновых спатканняў у СІЗА. Жонка распавяла Судаленка, што ёй тэлефанаваў Алесь Бяляцкі і прапаноўваў сваю дапамогу. Пракурор акцэнтаваў увагу, што праваабаронца прасіў жонку збіраць чэкі на адваката, лекі, вітаміны, якія яна яму купляе.

Суддзя Марына Запаснік прысудзіла праваабаронцам ад 7 да 10 год зняволення. Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі атрымаў 10 год, Валянцін Стэфановіч — 9 год, Уладзімір Лабковіч — 7. Змітра Салаўева суд завочна прысудзіў да 8 год пазбаўлення волі.

Абноўлена ў 12:17. Дададзеныя прысуды «вясноўцам».