«Хуй вайне». Беларусы ўвесь год выступалі супраць вайны ва Украіне, а іх за гэта пераследавалі
Статья
24 февраля 2023, 13:48

«Хуй вайне». Беларусы ўвесь год выступалі супраць вайны ва Украіне, а іх за гэта пераследавалі

Ілюстрацыя: Соня Уладзімірава / Медыязона

З пачатку поўнамаштабнай вайны беларусы знаходзілі спосабы выказваць салідарнасць з Украінай: малявалі антываенныя надпісы, перадавалі фота расійскай тэхнікі, паведамлялі пра яе перамяшчэнне, ладзілі дыверсіі на чыгунцы. Паводле звестак праваабаронцаў, больш за паўтары тысячы чалавек былі затрыманыя за антываенную пазіцыю, 56 з іх — асуджаныя па крымінальных справах. «Медыязона» сабрала прыклады таго, як беларусы ўвесь год выступалі супраць вайны.

«Спыніце вайну». Антываенныя акцыі і пікеты

Праз некалькі дзён пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ў Беларусі праходзіў асноўны дзень рэферэндуму аб папраўках у Канстытуцыю. Беларусы пісалі антываенныя лозунгі ў бюлетэнях і выкрыквалі іх на ўчастках для галасавання. Тады ж мінчукі сабраліся каля будынка Генштаба Мінабароны і хадзілі па вуліцах з украінскімі сцягамі; міліцыя затрымала больш за 1100 чалавек.

У пачатку сакавіка 2022 года мінчанка Жанна Трафімец разам з унучкай выйшла на Кастрычніцкую плошчу ў Мінску з плакатам «Спыніце вайну» і жоўта-блакітнымі шарыкамі. Мінчанку фатаграфаваў студэнт Мікіта Антаневіч — яго арыштавалі на 15 сутак за непадпарадкаванне міліцыянту, а саму Трафімец суд аштрафаваў на 3 040 рублёў за несанкцыянаваны пікет.

У верасні мінулага года бабруйчанін Вячаслаў Букас запаліў дзве жоўтыя і дзве блакітныя лампадкі каля помніка «Бабруйчанам — ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсій». Суд палічыў, што Букас пры дапамозе пікету «выказаў сваё грамадска-палітычнае меркаванне да Дня незалежнасці Украіны» і арыштаваў яго на 15 сутак.

У тым жа месяцы сілавікі затрымалі пяцярых менчукоў, якія вывесілі ўкраінскі і бел-чырвона-белы сцягі на фасадзе дома па вуліцы Лесі Украінкі. Спачатку ім прад’явілі абвінавачванне ў злосным хуліганстве. Як сцвярджаюць праваабаронцы, цяпер мінчан абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання і спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці.

За надпісы «Хуй вайне» ружовай фарбай на сценах некалькіх будынкаў суд аштрафаваў палачанку Вольгу Кавалёву. У Ляхавічах работнік ЖКГ Аляксандр Касумаў нанёс графіці «Не вайне!» на сцены гаража. Калі яго зафарбавалі, ён зрабіў новыя зверху — «No war!» і «Luka забойца!». Касумава асудзілі на паўтара года хатняй хіміі па справе аб апаганьванні будынкаў. Такую ж справу распачалі супраць пенсіянеркі з Брэста за надпісы «Не вайне» і «Жыве Беларусь» на рэкламным банеры. За налепку «Украіна, даруй» на аўтамабілі грэка-каталіцкага святара Васіля Ягорава аштрафавалі на 1 600 рублёў.

Двухзначныя тэрміны. Кібератакі, дыверсіі і дадзеныя аб перамяшчэнні ваенных эшалонаў

Неўзабаве пасля пачатку вайны хакерская група «Кіберпартызаны» атакавала камп’ютарную сетку «Беларускай чыгункі», з-за чаго чыгунка перайшла на ручны рэжым кіравання. Хакеры пісалі, што гэта дазволіць «затармазіць перакід акупацыйных войскаў і даць украінцам больш часу на адбіццё нападу».

Запаволіць перакідку расійскіх вайскоўцаў і тэхнікі спрабавалі не толькі «Кіберпартызаны» — вядома пра крымінальныя справы як мінімум супраць 12 «рэйкавых партызан», якія фізічна пашкоджвалі элементы чыгункі.

Светлагорскія «рэйкавыя партызаны» атрымалі 66 гадоў пазбаўлення волі на траіх: суд прысудзіў Дзянісу Дзікуну 23 года калоніі ўзмоцненага рэжыму, Дзмітрыя Равіча — да 22 гадоў, а Алега Малчанава — да 21 года калоніі. Паводле версіі следства, ноччу з 28 лютага на 1 сакавіка жыхары Светлагорска па заданні BYPOL падпалілі рэлейную шафу з абсталяваннем на чыгунцы.

У пачатку лютага суд вынес прысуд бабруйчанам, якіх затрымалі са стральбой за «тэракт» на чыгунцы. Дзмітрыю Клімаву і Уладзіміру Аўрамцаву прысудзілі 22 гады пазбаўлення волі, а Яўгену Мінкевічу — 1,5 года.

41-гадовы жыхар Мінскага раёна Віталь Мельнік атрымаў 16 гадоў калоніі строгага рэжыму. Паводле версіі Генпракуратуры, у сакавіку ён падпаліў рэлейную шафу на чыгуначным перагоне Навасады-Барысаў. Пры затрыманні супрацоўнікі міліцыі «абгрунтавана ўжылі агнястрэльную зброю» — стрэлілі па ніжніх канцавінах праз «рэальную пагрозу ўзброенага супраціву».

Жыхару Стоўбцаў Сяргея Глебку суд прысудзіў 11 гадоў калоніі. У «пакаянным» відэа, якое публікавала МУС, Глебка распавёў, што паклаў два палены на пуці, бо «нагледзеўся тэлеграм-каналаў»: «Быў не згодны, хацеў выказаць сваю падтрымку і падпаліў гэтыя палены», — казаў ён.

Аб дыверсіях на чыгунцы і перамяшчэнні расійскай тэхнікі пісаў тэлеграм-канал «Live. Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі». Нядаўна сілавікі затрымалі 15-гадовага брата Вайцяховіча. Актывіст распавёў «Медыязоне», што «супрацоўнік КДБ», з якім ён перапісваўся, абяцаў адпусціць яго брата ў абмен на выдаленне канала і спыненне любой актыўнасці. Вайцяховіч не стаў выдаляць канал — яго непаўналетняму брату прад’явілі абвінавачванне па крымінальнай справе, падлетак знаходзіцца ў СІЗА.

Тэрміны за фота і відэа ваеннай тэхнікі

Вайсковую актыўнасць на тэрыторыі Беларусі штодня адсочвае праект «Беларускі Гаюн». Паводле падлікаў праваабаронцаў, за перадачу дадзеных аб ваеннай тэхніцы «Беларускаму Гаюну» і недзяржаўным СМІ асуджаныя не менш за 30 чалавек. Як правіла, ім ставяць у віну спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці.

Па гэтым артыкуле асудзілі 23-гадовага журналіста Intex-press Юрыя Ганцарэвіча — ён атрымаў 2,5 гады калоніі за перасылку фота з подпісам «аэрадром у Баранавічах» у бот «Радыё Свабода». У судзе журналіст казаў, што «хацеў паказаць, што ў бок Украіны лётаюць не беларускія самалёты, а расійскія, і такім чынам даказаць, што Беларусь не ўдзельнічае ў ваенных дзеяннях».

Настаўніца з Хойнікаў Ірына Абдукерына сфатаграфавала перамяшчэнне калоны вайсковай тэхнікі і адправіла здымкі ў «Беларускі Гаюн». Суд прызнаў яе вінаватай не толькі ў спрыянні экстрэмізму — ёй паставілі ў віну дыскрэдытацыю Беларусі і распальванне варожасці. Суд асудзіў Абдукерыну да 4 гадоў калоніі.

Ветэрынара Яўгена Глушкова — жыхара вёскі Зябраўка, побач з якой знаходзіцца аэрадром — затрымалі па падазрэнні ў шпіянажы. Праваабаронцы пісалі, што ў яго тэлефоне сілавікі знайшлі стары здымак аэрадрома, зроблены з дрона. Суд прысудзіў Глушкову 9 гадоў калоніі па абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве і спрыянні экстрэмізму.

«Путін здохне». Рэпрэсіі за антываенныя ціктокі

Большасць затрыманых ціктокераў публікавалі відэа пра пратэсты ў Беларусі, але сілавікі звярталі ўвагу на ролікі ў падтрымку Украіны — ім не спадабалася песня «Путін, сука, здохне», украінскі гімн ці дзяржсімволіка.

Дваіх салідарных з Украінай ціктокераў — Аляксея Бондара і Алену Балтрукову — ужо асудзілі да 3 гадоў хатняй хіміі.

«Вяла інстаграм і цікток, у якім негатыўна адгукалася аб ваенных дзеяннях Расіі на тэрыторыі Украіны», — казала Балтрукова ў «пакаянным» відэа.

У адным з сваіх ролікаў дзяўчына звярталася да меркаванай аўтаркі нашумелай аб’явы пра продаж дрыля ў цвярскім пабліку «ВКонтакте»: «Прадам набор Metabo за 2 тысячы 400 рублёў, фірменны, у выдатным стане, муж прывёз з спецаперацыі з Украіны».

— Буду гаварыць па-руску, каб гэтая і іншыя рускія мразі мяне зразумелі. Ты ж, сука, разумееш, адкуль гэта і як гэта дасталася твайму мужу? «Спецаперацыя», кажаш? Блядзь, ды не смяшы ты мяне. Па-твойму, ён гэта выцягнуў у ворага, з якім ён ваяваў? Ды ніфіга падобнага. Украінскія вайскоўцы не ходзяць на бой наперавес з мікрахвалёўкамі, дрылямі і іншымі тэлефонамі, якія табе прынеслі, — казала ціктокерка.

Ілюстрацыя: Соня Уладзімірава / Медыязона

«Акупантаў не абслугоўваем». Песня, малітва і паслуга

Падставай для пераследу за праўкраінскую пазіцыю сілавікі палічылі нават малітву. У студзені яны затрымалі святара мінскага храма Дыянісія Карасцялёва за малітву пра ўкраінскіх вайскоўцаў. У навагоднім набажэнстве ён прачытаў запіску аб здароўі «воінаў і абаронцаў Украіны». Аўтары блізкага да сілавікоў канала напісалі, што падчас службы Карасцялёў «агітаваў за нацыстаў з "Азова"».

Мітрапаліт Веніямін адправіў ліст «пра інцыдэнт» дабрачынным Мінскай дыяцэзіі — яго апублікавала «Хрысціянская візія». У паведамленні гаворыцца, што Карасцялёў «быў адхілены ад здзяйснення святадзействаў для прынясення пакаяння».

У жніўні 2022 года спявачка Мерыем Герасіменка праспявала песню «Обійми» украінскага гурта «Океан Ельзи». Неўзабаве пра гэта напісалі праўладныя каналы. Спявачка перастала выходзіць на сувязь, а ў бар «Банки-бутылки», побач з якім яна выступала, прыехалі сілавікі. Суд асудзіў Герасіменку да 3 гадоў хатняй хіміі. Уладальнік бара Андрэй Жук атрымаў 2,5 гады хатняй хіміі па тым самым артыкуле.

Увосень дырэктар крамы аўтазапчастак у Баранавічах Віктар Макаранка адмовіўся прадаваць дэталі расійскім вайскоўцам. На адным з пасяджэнняў па сваёй справе ўладальнік крамы распавядаў, што ў кастрычніку 2022 года ўбачыў у краме трох вайскоўцаў; у дваіх былі шаўроны з сімвалам Z. Ён сказаў: «Акупантаў мы не абслугоўваем», а адзін з салдат спытаў, чаму дырэктар лічыць іх акупантамі. Макаранка адказаў, што іх армія «ўварвалася ва Украіну і забівае там людзей». Суд прызнаў Макаранку вінаватым у парушэнні раўнапраўя грамадзян і аштрафаваў на 11 100 рублёў.

Акрамя таго, за год вайны ўлады пераследавалі беларусаў, якія жадаюць ваяваць на баку Украіны (як мінімум 11 чалавек затрыманыя), і сваякоў добраахвотнікаў, якія ўступілі ў ЗСУ.