«Пойдуць нашым хлопцам з Палка Каліноўскага». Як беларусы разам з украінцамі плятуць маскіровачныя сеткі для фронту
Статья
3 февраля 2023, 16:26

«Пойдуць нашым хлопцам з Палка Каліноўскага». Як беларусы разам з украінцамі плятуць маскіровачныя сеткі для фронту

Ілюстрацыя: Соня Уладзімірава / Медыязона

Беларусы, якія з'ехалі пасля 2020, збіраюцца ў Познані, каб дапамагаць: спачатку ўцекачам з Беларусі і Украіны, а зараз — ваярам. Дзяўчыны і хлопцы плятуць маскіровачныя сеткі, дасылаюць іх у полк Каліноўскага — з дапамогай сетак беларускія добраахвотнікі хаваюць свае баявыя пазіцыі. Падчас пляцення да ініцыятывы далучылася настаўніца з Бабруйска, якую звольнілі за жоўта-сінія стужачкі ў валасах, прачытала лекцыю па гісторыі Беларусі. «Медыязона» пагаварыла з валанцёрамі аб занятку, які яны завуць «невялікі ўнёсак у перамогу».

Украінцы і беларусы плятуць разам

Днямі дзве маскіровачныя сеткі дванаццаць на тры метры адправяцца ў полк Каліноўскага з Познані. Гэта заказ ад байцоў — сеткі будуць дапамагаць хаваць баявыя пазіцыі палка ад дронаў выведкі. Пляценнем маскіроўкі займаліся ў Польшчы беларусы з Instytut Myśli Białoruskiej.

Да гэтага ініцыятыва займалася гуманітарнай дапамогай для ўкраінцаў: перадавалі пасылкі ва Украіну, рыхтавалі абеды для бежанцаў, збіралі для іх вопратку. Фонд адкрыла 38-гадовая Яніна Яшчук, якая з’ехала з Беларусі пасля 2020 года, дапамог ёй польскі актывіст Марцін Станеўскі.

У снежні Яніна пазнаёмілася з украінцамі з Nets For UA, якія плялі маскіровачныя сеткі для ЗСУ. Рабілі яны гэта на пляцоўцы пад адкрытым небам, і беларуска прапанавала дапамогу.

— Яны размясцілі свае сеткі ў нашым памяшканні, а мы ім аддалі ключы ад яго. Плесці пачынаюць з 12:00 да 20:00, змяняючы адно аднаго. Прыходзілі і беларусы дапамагчы, але было не масава. У асноўным плялі сеткі ўкраінцы, — расказвае Яніна.

Арганізатары фонду Instytut Myśli Białoruskiej распавядаюць, што яны з лета падтрымліваюць кантакт з прадстаўнікамі палка Каліноўскага ва Украіне. Вазілі для іх медыцыну і генератары. Калі Яніна пазнаёмілася з актывістамі Nets For UA, то прапанавала палку Каліноўскага дапамогу ў выглядзе маскіровачных сетак.

— Я проста звязалася з імі, спытала: «Вам сеткі выпадкова не патрэбныя?» Назвала памеры, якія можам зрабіць, яны сказалі: «Так, акей, пляцеце, прывозьце». Вось так пачалі плесці для сваіх, — дзеліцца Яніна.

Стваральніца фонду расказвае, што цяпер усё памяшканне разбітае на дзве часткі: з аднаго боку вісяць сеткі Nets For UA, з другога — сеткі для палка Каліноўскага. Беларусы імкнуцца плесці для сваіх, украінцы для сваіх. Калі адны даплялі сваю сетку, то пераключаюцца на дапамогу другім. Або, калі ахвочых плесці з аднаго боку нашмат больш, чым з другога. Так і з матерыяламі, кожны купляе сабе, але без праблем дзеляцца адно з адным, калі нечага не хапае.

— Мы пакінулі прастору паміж сетак для сустрэч. Спачатку праводзілі сустрэчы «Беларускамоўнага клуба», размаўлялі, падцягвалі веданне роднай мовы, а пасля плялі сеткі. Часам гэта адбывалася паралельна: размаўлялі і плялі, — кажа Яніна.

Настаўніца з жоўта-блакітнымі стужкамі ў валасах

У сярэдзіне снежня Instytut Myśli Białoruskiej арганізаваў дабрачынны кірмаш для збору сродкаў для палка Каліноўскага. На кірмашы Яшчук пазнаёмілася з Ларысай Секержыцкай, той самай настаўніцай з Бабруйска, якой не працягнулі кантракт праз сіне-жоўтыя стужачкі ў валасах.

— Я не зразумела, што гэта яна, і Ларыса не прызналася, што яна тая самая настаўніца. Сказала, што з радасцю далучыцца да акцый, што яна гісторык і вельмі хоча расказваць беларусам пра гісторыю Беларусі. Потым мы абмяняліся інстаграмам, і толькі там увечары я ўжо ўбачыла, хто гэта такая, — успамінае Яніна.

Ларыса кажа, што прапанова чытаць лекцыі для беларусаў паступіла ад Яніны. Найбліжэйшай значнай датай у гісторыі Беларусі было 160-годдзе паўстання Кастуся Каліноўскага. Instytut Myśli Białoruskiej вырашыў у гэты дзень правесці першую лекцыю па гісторыі, і сумясціць яе з пляценнем сетак.

— Ёсць людзі, якія не апускаюць рукі і робяць добрыя справы для дапамогі беларусам і ўкраінцам. Мы прыйшлі на кірмаш, дзе пазнаёміліся з добрымі беларусамі ў Познані. У тым ліку і з тымі, якія плятуць сеткі для нашых ваяроў, — расказвае Ларыса. — Я пры знаёмстве сказала, што настаўнік гісторыі і магу праводзіць заняткі, як для дзетак, так і для дарослых. Яніна прапанавала да ўгодак падзей паўстання правесці лекцыю, я згадзілася.

Плялі сеткі пад лекцыю аб паўстанні Каліноўскага

Яніна кажа, што мерапрыемства сабрала рэкордную колькасць ахвотных далучыцца да пляцення сетак: на сустрэчы было больш за 40 чалавек. «Ледзь змяшчаліся за масксеткамі», — дадае арганізатарка фонду. Яніна ўпэўненая, што менавіта лекцыя Ларысы прыцягнула такую колькасць чалавек.

— Каб правесці цікавую лекцыю па гісторыі, трэба час для падрыхтоўкі. Гэта вялікая праца: падабраць матэрыял, вылучыць асноўнае, адаптаваць матэрыял пад слухачоў і быць цікавым аратарам. Перад сабой ставіла задачу быць цікавым і карысным лектарам па тэме паўстання, для гэтага зрабіла трошкі інтэрактыву, каб замацавалася лепш тэорыя. Са сваёй старэйшай дачушкай Веранікай (7 год) мы прыйшлі значна раней на вызначанае месца, каб падрыхтавацца да лекцыі, — расказвае Ларыса.

Ларыса кажа, што падзяк за лекцыю ад беларусаў было вельмі шмат. Яна зразумела, што шмат чаго з гісторыі Каліноўскага слухачы проста не ведалі. «Гэта мая першая лекцыя. Гэта толькі пачатак», — дзеліцца Ларыса.

Ларыса прызнаецца, што пасля пераезду ў Польшчу яе справы пайшлі нашмат лепш: «Прызвычайваемся жыць, а не выжываць». Яна кажа, што не хоча, каб яе досвед настаўніцы «сышоў у нябыт» праз тое, што яна не мае магчымасці працаваць у роднай Беларусі. Для гэтага Ларыса пачала выкладаць гісторыю анлайн. «Зараз у мяне ёсць вучні з усяго свету. Дарослыя, падлеткі, дзеці: тыя, якія жадаюць ведаць гісторыю сваёй радзімы хоць і не жывуць там», — дзеліцца Ларыса. Дзяўчына кажа, што гэта вельмі натхняе яе прыдумляць новыя падыходы да выкладання гісторыі Беларусі.

— На цяперашні час мае думкі добра адлюстроўваюць словы Кастуся Каліноўскага з «Мужыцкай праўды»: «Няма ж, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку», — кажа Ларыса.

Унёсак у агульную перамогу

Тэхналогіі пляцення маскіровачных сетак беларусаў навучылі ўкраінскія валанцёры, а далей рамяство перадаюць адзін аднаму.

— Гэта зусім не складана, але трэба рабіць дасканала і ўважліва, каб атрымалася якасная сетка, — дзеліцца Юлія, якая ў вольны час ходзіць плесці сеткі.

Юліі 34 гады, яна пераехала ў Польшчу ў 2021 годзе, працуе UI/UX дызайнерам. Дзяўчына прызнаецца, што дапамога Украіне — «важная частка барацьбы за нашу ўласную краіну».

Тэхніка не складаная: вязаць моцныя вузлы і вытрымліваць прамыя лініі, каб ячэйкі атрымаліся прыкладна чатыры на чатыры сантыметры, распавядае Аліна. Ёй падабаецца дапамагаць украінцам і адчуваць сябе карыснай, а пляценне — выдатная нагода для сустрэчы са «сваімі».

— Можна дамаўляцца ці чаціцца пэўны час і так і не сустрэцца. А тут дамовіўся ўжо на іншую добрую справу, а заадно прыйшоў паразмаўляць са сваімі.

Крысціне давялося бегчы двойчы: у 2021 годзе з Беларусі, у 2022 — з Украіны. Яна жыла недалёка ад Бучы і Ірпеня, а цяпер таксама далучылася плесці маскіроўку, бо «для перамогі і новай Беларусі важны кожны сапраўдны беларус і беларуска».

— Я сваімі вачыма бачыла і сваімі вушамі чула, што зрабілі нашы байцы. І пакуль беларусы замежжа вырашаюць, хто ў доме галоўны, хлопцы-беларусы паміраюць кожны дзень, паміраюць беларускі і маленькія беларусы, якія сядзяць у Дняпры або Кіеве проста цяпер пад абстрэлам.

Ларыса Секержыцкая расказвае, што разам з дачкой асвоіла пляценне хутка, пакуль рыхтавалася да сваёй жа лекцыі.

— Часу было шмат, дзяўчына паказала нам, як плесці. І мы плялі іх да лекцыі, дачушка пляла і падчас лекцыі, і апасля. Мы ведаем, для каго гэты сеткі, навошта яны патрэбны. І верым, што яны ўратуюць жыцці нашых ваяроў. Разумею, што гэта невялікі ўнёсак у перамогу, але маленькія якасныя крокі кожнага прывядуць да канчатковай мэты — перамогі над агульным ворагам як для ўкраінцаў, так і для беларусаў.

Выпраўлена ў 22:33 3 лютага 2022 года. У артыкуле было памылкова ўказана, што ўдзел у пляценні прымаюць толькі дзяўчыны. Насамрэч маскіровачныя сеткі плятуць і хлопцы. З гэтай нагоды выпраўлены загаловак, лід і памылка ў асноўным тэксце.