Ілюстрацыя: Danny Berkovskii / Медыязона
Стэндап амаль замоўк у Беларусі, мноства комікаў з'ехалі праз верагоднасць пераследу. На беларускага стэндапера Славу Камісаранку за жарт пра Лукашэнку завялі крымінальную справу. Сілавікі праводзяць праверку па справе аб распальванні варожасці ў дачыненні да коміка Андрэя Скарахода, які рабіў пародыі на Лукашэнку. Мы пагаварылі з беларускімі стэндап-комікамі з клуба беларускай камедыі @panstandup, якім давялося праз меркаванні бяспекі пакінуць Беларусь і працягваць сваю творчасць у Польшчы.
Усе стэндап-артысты, з якімі мы пагутарылі, аб’ядналіся ў эміграцыі у клуб беларускай камедыі @panstandup, але свой пераезд у Польшчу яны не называюць «рэлакацыяй творчасці».
— Я не думаю, што тут падыходзіць гэты тэрмін, таму што я і іншыя комікі нашага аб’яднання з’язджалі з Беларусі ці Украіны не таму, што не маглі выступаць там. Я ад’язджаў, каб абараніць сябе ад магчымых рэпрэсій, хтосьці бег ад вайны. Таму, першачаргова, тут была тэма бяспекі, а не малой аўдыторыі на канцэртах, — лічыць Міхась Ільін.
Максім Канавал упэўнены, што пэўная «рэлакацыя творчасці» ўсё ж адбылася.
—Цяпер мы ў Польшчы, таму, натуральна, пастаянна дадаюцца нейкія назіранні і жарты пра краіну і мясцовых жыхароў, ўклады.
Комікі кажуць, што асноўнай публікай на стэндап-канцэртах з’яўляюцца рэлаканты, эмігранты і экспаты.
— Ментальна мы, артысты, і нашы гледачы ўсё роўна вельмі падобныя і зразумелыя адно аднаму, — прызнаецца Канавал.
— Калі мы гаворым пра Польшчу, то тут, вядома, складаней было легалізавацца, чым перайсці на новую аўдыторыю. Творчасць ніхто спецыяльна не пераладжвае, комікі працягваюць расказваць у першую чаргу пра тое, што ім блізка. Проста знаходзячыся тут, заўважаеш нейкія забаўныя менавіта польскія рэчы. Трапляеш у нейкія няёмкія сітуацыі, але ўжо ў Польшчы. Так што нейкае пераладжванне творчасці адбываецца само сабой, — дзеліцца Андрусь Райн.
З праблемамі легалізацыі Андруся падтрымлівае і ягоны калега Максім Канавал: «Прынамсі, свой стэндап я пішу сам, а вось каб легалізавацца ў Польшчы, мне спатрэбілася дапамога юрыста з боку».
— У цэлым «сітком» — гэта тая разнавіднасць стэндапа, у якой я выступаю — яна пра тое, што чалавек трапляе ў некаторыя новыя сітуацыі, аказваецца ў новай абстаноўцы і спрабуе з яе неяк выйсці. Таму пераезд у Польшчу — гэта мноства нейкіх новых рэчаў і сітуацый, пра якія ты не можаш не жартаваць. Плюс да гэтага людзі, якія пераехалі ў Польшчу, таксама сутыкаліся з гэтымі сітуацыямі. І жарты на гэтую тэму заўсёды маюць зваротны водгук, — лічыць Міхась Ільін.
Але ж сфармаваць сваю аўдыторыю на тым узроўні, якая была да пераезду, комікам яшчэ не ўдалося.
— Я думаю, гэты працэс усё яшчэ працягваецца і не спыніцца ніколі. Эмігранты— з’ява, якая абнаўляецца, на шчасце ці на жаль, хоць касцяк пастаянных гледачоў ужо ёсць, — кажа Максім Канавал.
— Наша справа — пісаць матэрыял, выступаць, прыдумляць і рэалізоўваць новыя праекты, як лайв, так і для нашага ютуб-канала, а астатняе — само сабой будзе. Тыя, каму імпануе наша праца, падпісваюцца на нас, прыходзяць на шоў — за гэта мы ўдзячныя, больш нічога і не трэба. Аўдыторыя расце паступова, калі не стаяць на месцы, — рэзюмуе Андрусь Райн.
Выступы ў Польшчы мала чым адрозніваюцца ад выступаў у Беларусі. Адзіная розніца, паводле слоў комікаў, што тут яны сябе адчуваюць у бяспецы і могуць жартаваць на тыя тэмы, якія ў Беларусі былі табу.
— Мне здаецца, што калі ў цябе смешныя жарты, то гледачы будуць на іх адпаведна рэагаваць, дзе б яны ні жылі: у Беларусі, Польшчы ці, да прыкладу, у ЗША, — лічыць Максім Канавал.
— У Беларусі, у адрозненне ад Польшчы, пастаянна праводзіліся стэндап-канцэрты, і людзі маглі выбіраць, на якога коміка пайсці. У Польшчы ў гэты час нічога такога не было. І для беларусаў у Польшчы стэндап стаў чымсьці новым, таму яны, як мне здаецца, прымаюць артыстаў цяплей, — дадае Міхась Ільін.
З недахопам тэм для выступаў таксама няма праблем. Калі раней комік жартаваў пра паход у паліклініку, то цяпер ён пажартуе пра паход у польскую паліклініку.
—Комікі, як правіла, адлюстроўваюць у сваім стэндапе тое, што адбываецца з імі — і з рэлакацыяй менш адбывацца з комікамі дакладна не стала, — лічыць Максім Канавал. Ды і беларускія ўлады пастаянна «падкідваюць нейкі трэш», з якога можна жартаваць.
Але з арганізацыяй выступаў прыйшлося знаёміцца амаль з нуля.
— Калі я жыў і выступаў ва Украіне, я наогул не займаўся арганізацыйнымі пытаннямі. Я выступаў у розных арганізатараў, і ўся мая арганізацыйная праца заключалася толькі ў тым, што рэкламаваў у сацсетках наступныя выступы. Цяпер, вядома, давялося пазнаёміцца і з гэтым бокам стэндап-выступаў, калі табе трэба арганізаваць выступ пачынаючы ад першага паведамлення ў мэсэнджары ўладальніку ўстановы і заканчваючы, умоўна кажучы, складваннем крэслаў і выключэннем святла пасля выступу, — расказвае Максім Канавал.
Цяпер комікі ўжо выпрацавалі свой пул пляцовак у розных гарадах, і з арганізацыяй стала крыху прасцей. Напачатку ўся складанасць перамоваў упіралася ў веданне польскай мовы: «фразы "Курва бобр" недастаткова, каб дамовіцца з пляцоўкай», — смяецца Андрусь Райн.
Але нават з цяжкасцямі моўнага бар’ера арганізацыя канцэртаў у Польшчы, у параўнанні з Беларуссю, «гэта неба і зямля», лічыць Міхась Ільін.
—Трэба разумець, што ў Беларусі захаваўся Савецкі Саюз з усімі гэтымі гастрольнымі пасведчаннямі. У 2021 годзе даходзіла да абсурду, калі табе прыходзілася раздрукоўку сваіх жартаў несці ідэолагам у выканкам, каб атрымаць гэта пасведчанне, — дадае комік.
У Польшчы асноўнай аўдыторыяй на выступах з’яўляюцца беларусы. Комікі за гэта дзякуюць дыяспары гарадоў, якія ўсяляк дапамагаюць пашыраць інфармацыю пра канцэрты артыстаў з @panstandup.
Адразу пасля 24 лютага, прызнаюцца стэндап-артысты, некалькі тыдняў @panstandup не праводзіў ніякіх канцэртаў.
—Было не да жартаў і не да стэндапу, і мы, як і большасць людзей, таксама былі напалоханыя і разгубленыя, — кажа Максім Канавал.
Каб самім пазбегнуць занурэнне ў навіновы змрок і выцягнуць за сабой людзей, комікі пачалі даваць дабрачынныя выступы. Сабраныя на такіх канцэртах грошы ішлі на дапамогу Украіне. «Гэтыя выступы сапраўды нам дапамаглі, стала крыху лягчэй усё выносіць», — кажа Андрусь Райн.
— Большая частка комікаў нашага аб’яднання пераехалі ў Польшчу адразу пасля вайны. У нас быў прыгнечаны стан, але мы разумелі, што сваімі выступамі, сваімі жартамі дапамагаем людзям трохі перазагрузіцца. У нас саміх маральнай дылемы не было, таму што канцэрты дабрачынныя, і так мы дапамагалі пацярпелым ад вайны, — дадае Міхась Ільін.
Максім Канавал заўважыў, што з пачаткам вайны толькі ўзмацнілася самацэнзура. Хоць, кажа, што і раней яна была. Аднак і ў ваеннай тэматыцы ёсць тэмы для жартаў, якія не пад табу: «другая армія свету» і яе «аналоговнет»-узбраення.
—Калі ты закранаеш у стэндапе тэму вайны ва Украіне, ты не будзеш жартаваць пра пэўныя рэчы, калі ты адэкватны чалавек, — мяркуе Максім.
Міхась Ільін не заўважыў нейкай змены ў самацэнзуры пры напісанні жартаў. Комік кажа, што з’язджаў яшчэ да «закручвання гаек» ГУБАЗіКам беларускім стэндаперам. Але назірае за артыстамі, якія пераехалі ў Польшчу пасля пачатку вайны, і бачыць, што нават ваенная тэма не накладвае столькі самацэнзуры, як страх рэпрэсій у Беларусі. «Яны тут проста расцвітаюць», — дзеліцца назіраннямі Ільін.
Але ўсе комікі ўпэўненыя, што і сваімі выступамі яны робяць унёсак у перамогу над дыктатурай Лукашэнкі і Пуціна.
— Хацелася б, вядома, верыць, што і наш гумар з’яўляецца нейкай зброяй, але да канца ўпэўненасці ў гэтым няма. У любым выпадку, гэта лепш, чым нічога, — лічыць Максім Канавал.
— Найлепшай зброяй, каб пахіснуць дыктатуру, з’яўляюцца джыпы з кулямётамі, дзесьці пад сотню, а не гумар, — згодны з калегам Міхась Ільін. — Але гумар і палітычная сатыра павінны існаваць у любым палітычным ладзе, не толькі пры дыктатуры, лічыць комік. Бо гумар — гэта крытыка ўлады, яна павінна заўсёды быць.
— Калі мае жарты пра КFС неяк пахіснуць рэжым, то гэта крута! — спадзяецца Андрусь Райн.