Ілюстрацыя: Mari Msukanidze / Медыязона
Мінімальная «сабойка» ў камеру пасля затрымання — бялізна, шкарпэткі, зубная шчотка, каўбаса і прысмакі. Калі чалавек у СІЗА, калоніі або на хіміі, кожны месяц яму патрэбны набор паболей. Не ўсім затрыманым сваякі дапамагаюць з перадачамі: часта не хапае грошай рабіць гэта пастаянна або сям’я вымушаная бегчы з Беларусі; ёсць і тыя, каму блізкія адмаўляюцца дапамагаць праз палітычныя погляды. «Медыязона» расказвае пра валанцёраў, якія падтрымлівалі беларусаў за кратамі і рабілі перадачы незнаёмым людзям.
28-гадовая Марына разам з ініцыятывай Dissidentby дапамагае палітычным зняволеным з 2019 года. Пасля выбараў 2020 года людзей, затрыманых па палітычных матывах, стала нашмат больш, а правілы перадач у ізалятары і калоніі пачалі ўзмацняцца.
— Правілы сталі стражэйшымі: напрыклад, на «атаварку» можна было адправіць грошы любому чалавеку. З 2021 года грошы зняволеным могуць перасылаць толькі сваякі. Раней мы збіралі перадачы і адпраўлялі іх у калонію ад свайго імя або ад імя сваяка, але яго прысутнасць на пошце была не патрэбная. Цяпер гэта зрабіць немагчыма.
Пакуль колькасць палітвязняў не дасягнула тысячы, валанцёры імкнуліся адправіць у СІЗА кожнаму двухкілаграмовую перадачу з прадметамі першай неабходнасці. Калі палітвязняў стала больш, пачалі шукаць тых, хто сядзіць без перадач — праз адвакатаў і тых, хто вызваліўся.
Стандартны набор ад валанцёраў: зубная шчотка і паста, аднаразовыя станкі, сродкі гігіены, садавіна, цукеркі, канверты для лістоў. На кожнай перадачы пазначаны кантакты таго, хто яе зрабіў — на гэты адрас зняволены можа напісаць адказ і расказаць пра сябе.
— Такім чынам да нас трапляла шмат інфармацыі з СІЗА: за што затрыманы чалавек, у якім ён стане, ці ёсць блізкія, якія яго падтрымліваюць, — тлумачыць Марына.
Кожнаму зняволенаму дазволена атрымаць у месяц трыццаць кілаграм перадач. Валанцёры спрабавалі адшукаць сваякоў перш, чым фармаваць перадачу: удакладніць, што менавіта трэба і колькі кілаграм яшчэ можна перадаць.
— Яшчэ варыянт, як даведацца, носяць чалавеку нешта ў СІЗА ці не: калі прымаюць тваю перадачу, супрацоўнік у сваіх дакументах указвае вагу пакета і колькі кг засталося ў чалавека ў гэтым месяцы. Калі бачыш, што засталося «свабодных» 28 кілаграм, становіцца зразумела, што перадачы не насілі. Значыць ёсць нейкая праблема ў сваякоў, альбо іх наогул няма. Пачынаеш шукаць гэтую праблему і паралельна насіць перадачы, — расказвае «схему» Марына.
Самая пашыраная прычына, са слоў Марыны, чаму радня пакідае затрыманага без перадач, — грошы. У многіх затрыманых няма сям’і наогул ці сваякі з’ехалі з Беларусі, ці засталіся пажылыя бацькі, якім фізічна цяжка даставіць перадачу.
— Таксама ёсць людзі, чые бацькі або блізкія сваякі не падзяляюць іх перакананняў ці таго, што яны робяць і як змагаюцца. Таму ім адмаўляюцца дапамагаць. Гэта не адзінкавы выпадак, такіх дастаткова ў СІЗА.
30-гадовы мінчанін Дзмітрый да выбараў займаўся бізнесам, але летам 2020-га пераключыўся на валанцёрства. Спачатку ён толькі дапамагаў сваякам правільна сфармаваць перадачу, прыбраць «забаронку», узважыць, запоўніць дакументы, каб адміністрацыя ізалятараў прыняла пакет.
— Мы бралі спісы тых, хто ўтрымліваецца ў ЦІП і ІЧУ на сайце «Вясны», Dissidentby, тэлеграм-канале «Списки задержанных» і пачыналі шукаць сваякоў гэтых людзей, сяброў, блізкіх. Тэлефанавалі і пыталіся: «Сябры, патрэбна дапамога?» Неабавязкова прасілі грошы, людзям патрэбна была дапамога ў арганізацыі працэсу: не ведалі, як перадаваць, што перадаваць, колькі. Вось гэта мы ўзялі на сябе.
Па чацвяргах, у дзень перадач, Дзмітрый разам з іншымі валанцёрамі прыязджалі пад ІЧУ і дапамагалі сваякам камплектаваць перадачы. Яны пачалі звяраць спісы, якія давала адміністрацыя ІЧУ і ЦІП, са спісамі праваабарончых ініцыятыў, апытваць сваякоў — так выходзіла «сфармаваць больш рэальную карціну затрыманых». Зразумела, што не ўсе атрымліваюць перадачы.
Валанцёры «кінулі кліч» у чатах і пачалі збіраць дапамогу, каб забяспечыць перадачамі тых, хто іх не атрымлівае. Ахвотных дапамагчы было шмат, і з часам для рэчаў, прадуктаў і сродкаў гігіены, што перадавалі людзі, давялося шукаць склад.
Дзмітрый расказвае, што калі тэлефанаваў па аб’явах у пошуках памяшкання і казаў, для чаго патрэбны склад, яму ішлі на саступкі ў арэндзе і нават прапаноўвалі бясплатна. Некаторыя фірмы прывезлі стэлажы, нехта перадаў вагі, іншыя дапамагалі з грузавым транспартам.
Перадачы ў ІЧУ і ЦІП складаліся з 10 пар майткоў, 20 пар шкарпэтак, 10 зубных шчотак, печыва і каўбасы. Пасылкі былі разлічаны не на аднаго чалавека, а каб у адной камеры ўсе атрымалі прадметы першай неабходнасці. Акрамя «палітычных», перадавалі таксама замежнікам, якія чакаюць дэпартацыі, таму што «ім таксама рэдка прыносілі хоць нешта».
— Усё, што можна было перадаць па спісе дазволенага, валанцёры дастаўлялі да брамы. Прасілі старонняга неабыякавага чалавека патэлефанаваць у дзяўбаны званочак на варотах, каб адкрылі гэтыя сраныя дзверы, прадставіцца сваяком і ўпарыць ахоўніку перадачу. Каб яна прыйшла нават не канкрэтнаму чалавеку, які быў у дакументах, а проста ў камеру. Там усе падзеляцца, — успамінае Дзмітрый.
Пазней валанцёр пачаў дапамагаць і тым, каго ўтрымліваюць на Валадарцы або на хіміі. Інфармацыю пра зняволеных, якія маюць патрэбу ў перадачах, Дзмітрый атрымліваў ад ініцыятывы Dissidentby або фонду «Краіна для жыцця». Часам сваякі затрыманых пісалі і прасілі аб дапамозе, бо самі за мяжой.
Такіх неабыякавых, паводле слоў Дзмітрыя, хто дапамагае з перадачамі, было і застаецца вельмі нямала. Але бывала, узнікала блытаніна з-за таго, што шмат розных ініцыятыў.
— Бывае, прыязджаеш з перадачай чалавеку, пра які паступіла інфармацыя, а ў яго ўжо ліміт па вазе запоўнены. Пачынаеш разбірацца, а аказваецца, што нейкая дваровая ініцыятыва з Віцебска яму ўжо сабрала і прывезла ўсё.
Аднойчы пад Акрэсціна Дзмітрый пазнаёміўся дзядулем, які прынёс пакет з прадуктамі для затрыманых. Валанцёры расчуліліся, аддзячылі яму «прадуктовым наборам» са сваіх запасаў і адвезлі дадому. Некалькі месяцаў Дзмітрый падтрымліваў з ім сувязь і адвозіў прадукты.
— Расказаў мне, як у ягоным двары бабкі супраць яго паўсталі, яны ўсе за Лукашэнку, а ён з імі ваюе: «Ваш Лукашэнка ўжо ўсё, час за моладдзю!»
Паводле слоў валанцёра, сярод сваякоў затрыманых знаходзіліся і тыя, хто адвярнуўся ад сваіх дзяцей, братоў, сясцёр. Калі ім тэлефанавалі прапанаваць дапамогу з перадачамі, чулі ў адказ: «Не трэба ніякай дапамогі, ён сам уляпаўся, хай сам і выбіраецца — няма чаго было супраць прэзідэнта ісці».
Дзмітрый пакінуў Беларусь за некалькі тыдняў да таго, як ГУБАЗіК уварваўся і разграміў валанцёрскі склад. 9 ліпеня 2021 года былі затрыманыя Антон Сташэўскі, Юлія Сырых, Таццяна Астроўская і Марына Дуброўская.
46-гадовая Таццяна Астроўская дапамагала з перадачамі тым, каго адправілі на хімію. У ліпені 2021 года яе затрымалі разам з іншымі валанцёрамі. Амаль год яна правяла ў СІЗА, але ёй змянілі меру стрымання і адпусьцілі да суду. Астроўская збегла з Беларусі.
— У 2020 годзе адбылася эвалюцыя грамадства, і людзі не змаўляючыся размеркаваліся: нехта закрываў па перадачах Акрэсціна, нехта Жодзіна, мы — хімію з накіраваннем, — расказвае Астроўская.
Кантакты тых, каму патрэбныя перадачы на хіміі, Таццяна атрымлівала ад ініцыятывы Dissidentby. Асобны чалавек з іх каманды пісаў лісты ўсім «хімікам», камунікаваў са сваякамі асуджаных, прапаноўваў дапамогу ў перадачах і «ўдакладняў патрэбы».
Перадачы ў ПУАТ валанцёрам прасцей было адпраўляць поштай, чым ездзіць па хіміях па ўсёй краіне. Паштовыя перадачы даходзілі без праблем, і адпраўляць іх мог любы ахвочы.
— У перадачу мы ўкладвалі канверты, куды загадзя ўпісвалі зваротны адрас. На пошце пасылкі афармлялі на сябе, таму мянтам нас нават шукаць не трэба было: толькі праверыць, хто адпраўляе перадачы зняволеным некалькі разоў на тыдзень па сто з лішнім кілаграм. Наіўныя, як дзеці былі, — прызнаецца Астроўская.
Для асуджаных на хімію былі нарыхтаваныя стандартныя наборы перадач: туалетная паперы, шкарпэткі, майткі, брытвы, а таксама макароны, крупы, каўбасы і арэхі. Валанцёры імкнуліся спісацца з асуджаным і ўдакладніць, чаго яму не хапае і што трэба перадаць — так выходзіла больш эканомна.
Пазней у валанцёраў з’явіліся падапечныя ў калоніях. Правілы прыёму пасылак адрозніваліся: адправіць перадачу поштай мог толькі блізкі сваяк. Астроўская кажа, што абзавялася фотаздымкамі дакументаў сваякоў асуджаных, якія не маглі самастойна сабраць перадачу. Не ва ўсіх паштовых аддзяленнях работнікі былі гатовыя заплюшчваць вочы на тое, што чалавек на скане пашпарта адрозніваецца ад таго, хто прынёс перадачу. Але ўсё ж валанцёры знаходзілі «неабыякавых», і пасылка адпраўлялася адрасату.
— У нас часам на тыдзень на перадачы сыходзіла 500-600 долараў, часам 1000 — гэта блізу 10 перадач. Не кожная сям’я можа дазволіць сабе такія траты. Мы гэтыя грошы проста збіралі. Вобразна — стаялі з працягнутай рукой: адны дапамагалі сабраць шкарпэткі, іншыя — гелі для душа, трэція — станкі, чацвёртыя прынясуць грошы, каб мы маглі самі нешта купіць.
Перадачы камплектаваліся на арандаваным складзе, які пазней «накрыў» ГУБАЗіК. Таццяна кажа, што праца кіпела і днём, і ноччу. Людзі, якія жылі побач са складам, калі даведаліся, чым займаюцца ўнутры валанцёры, пачалі гатаваць і насіць ім гарачыя абеды.
Акрамя калоній і хіміі Астроўская, пачала насіць перадачы затрыманым і на Валадарку. Валанцёрка кажа, што працэс не моцна адрозніваўся ад перадач на Акрэсціна, акрамя больш стараннага надгляду змесціва: з цукерак трэба было зняць абгорткі, сыр і каўбасу нарэзаць. Пры перадачы ўказваеш свае пашпартныя дадзеныя.
— Карацей, валанцёраў потым затрымліваць сілавікам было адно задавальненне — усе асабістыя звесткі ў іх ужо былі, — смяецца Таццяна.
У СІЗА на Валадарскага ёсць камеры, якія затрыманыя называюць «Шанхаем»: у невялікім памяшканні размешчаныя трох’ярусныя шконкі і ўтрымліваецца 24 чалавекі. Улетку 2021 года людзі з гэтай камеры папрасілі перадаць ім вентылятар.
— Вентылятары і тэлевізары перадаюцца на Валадарку крыху па-іншаму, чым простыя перадачы. Я прыехала, сяджу на каленках, запаўняю дакументы для перадачы, а нада мной стаіць жанчына, глядзіць у мае паперкі і плача. Падымаю галаву: «А чаго гэта мы тут плачам?» Жанчына пытаецца мяне, маўляў, вы Таня Астроўская? Кажу: «Так». А яна: «Вы майму сыну перадачы носіце і лісты пішыце. Ён мне напісаў, што з’явілася такая Таня Астроўская, якая яму вельмі дапамагае, і без гэтай дапамогі ён бы не вытрымаў. Проста ў мяне няма грошай рабіць яму перадачы, таму толькі лісты пішу», — расказала валанцёрка.
Таццяна адвяла жанчыну на склад і сабрала ёй пару торбаў прадуктаў. Праз некалькі дзён Астроўскую затрымалі.
— Самае неверагоднае было, што яна потым насіла перадачы свайму сыну і мне. Гэта быў піздзец. Яна мне пісала лісты: «Таня, на цябе проста моляцца ў суседняй камеры, бо яны цяпер з вентылятарам». Яна мне доўга пісала, насіла перадачы нейкія, потым знікла. Яе сыну, здаецца, вынеслі нейкі вялікі тэрмін. Я за год у СІЗА страціла ўсе сувязі. Як іх знайсці цяпер — не ведаю.