«Адвёз бабулі, а яна вырашыла захоўваць у сейфе на працы». Беларусы расказалі, дзе хавалі бчб‑сцягі на выпадак ператрусу і як іх правозілі праз мяжу
Статья
22 ноября 2022, 10:54

«Адвёз бабулі, а яна вырашыла захоўваць у сейфе на працы». Беларусы расказалі, дзе хавалі бчб‑сцягі на выпадак ператрусу і як іх правозілі праз мяжу

Ілюстрацыя: Аліса Ястрабава / Медыязона

Бел-чырвона-белым сцягам у Беларусі цяпер нельга не толькі размахваць, але і захоўваць дома — за гэта можна трапіць пад арышт ці атрымаць штраф. Сімволіку шукаюць пры ператрусах, за яе караюць дадатковымі «суткамі». «Медыязона» распытала беларусаў, як яны хавалі сцягі і «Пагоню», баючыся прыходу сілавікоў і перасякаючы мяжу Беларусі.

Балкон, сарцір у РУУС і валізка

Мінчанка Дар’я расказала, што першы час яны з мужам трымалі сцягі на балконе, хавалі ў старыя рэчы. Потым муж забраў на працу і захоўваў у шафцы для адзення — «там відавочна ператрус бы не сталі ладзіць».

— Яшчэ была цікавая гісторыя: калі мяне амапаўцы на Пушкінскай забралі, з сабой быў сцяг і налепкі з «Пагоняй». Прывезлі ў Партызанскі РУУС і павінны былі даглядаць. Разумеючы, што вельмі небяспечна, калі знойдуць гэта ўсё, я папрасілася ў прыбіральню. А там у РУУС для злосных «змагароў» паставілі асобную прыбіральню-сарцір на вуліцы, тыпу «бія». Я туды пайшла, налепкі выкінула. Дастала сцяг і думаю: «Хіба змагу яго ў парашу кінуць?» Карацей, узяла і акуратна павесіла яго ўнутры. Усё роўна ў гэты туалет толькі нашы ходзяць. Потым чую пазней, як у актавай зале, дзе нас трымалі, усе шэпчуцца: «О, вы бачылі? Нехта павесіў сцяг! Вы бачылі?»

У Польшчу пара забрала ўсе тры сцягі, акрамя таго, што застаўся ў РУУС. Перавозілі ў чамадане, схаваўшы глыбока ў рэчы.

Праз мяжу ў пальчатцы

Іншая гераіня Алеся хавала сцяг у зімовую «экіпіроўку»:

— Сцяг нашага Трактарнага пасёлка Мінска друкавалі падпольна, а потым цішком раздавалі тым, хто хацеў набыць. Я яго прывезла ў Польшчу праз Украіну, засунуўшы ў лыжную пальчатку (хацела ў майткі, але гэта банальнасць, так усе робяць). Цяпер ён са мной, бяру на мітынгі. Часам суседзі з Трактарнага так мяне і знаходзяць.

Сцяг забралі, астатняе засталося «адпачываць»

Аляксандр расказаў, што ў пачатку пратэстаў з аднадумцамі нарыхтоўваў кактэйлі Молатава.

— Калі зразумелі, што яны не патрэбныя, закапалі іх на тэрыторыі «суседа-хатаскрайніка». А сцягі, налепкі і іншыя БЧБ-атрыбуты захоўваў у канапе ў пакоі адпачынку на працы. Калі ад’язджаў у Польшчу, забраў толькі сцяг, які пашыла жонка. Ён увесь час вісеў у нашым пратэсным «штабе» — у альтанцы лазні. Астатняе засталося ў канапе.

З Беларусі вывозіў сцяг, загарнуўшы ў майку. Жонка пра «кантрабанду» не ведала.

«Сцяг — гэта мая гісторыя, частка мяне»

На паліцы каля камп'ютарнага стала ў Станіслава ляжалі тры сцягі. Хлопец нікуды іх не хаваў, усё яшчэ знаходзіцца ў Беларусі і, калі будзе з’язджаць, павязе як ёсць.

— Не хаваў іх, бо мяне не цікавілі законы, якія супярэчаць канстытуцыі. Нават не хацеў чытаць навіны, што за гэта будзе. Таму думаў, што калі зойдуць і ўбачаць, то скажу, што гэта маё, мая гісторыя краіны, частка мяне. «Прыгожы і стыльны сцяг, а вам якая справа?» — хацелася спытаць, калі прыйдуць. Карацей, майго прадзеда расстралялі ў 30-м годзе, таму ў крыві няма страху баяцца рэвалюцыі.

Бабуля і сейф

— У мяне з сімволікі быў сцяг і майка з «Пагоняй». Толькі на майцы замест рыцара на кані быў матацыкліст на матацыкле на дыбах. Пасля таго, як адседзеў 12 сутак, вырашыў, што дома небяспечна гэта захоўваць. Адвёз бабулі, бо там не прапісаны. І нядаўна даведаўся, што яна захоўвае гэта ў сейфе на працы, да гэтага часу. У Польшчу вырашыў не везці, пабаяўся. Набыў ужо тут сабе сцяг, на ганаровае месца дома павесіў, — расказаў «Медыязоне» мінчанін Аляксандр.

— У Беларусі сцяг купляў у самым пачатку пратэстаў, але ўжо тады іх у вольным продажы не было. Нехта зрабіў бота ў тэлезе, дзе пакідаеш заяўку, яго хтосьці шые, потым едзеш забіраць. Я яго забраў і паехаў на матацыкле забіраць жонку з працы каля Палаца Рэспублікі. Тады якраз аблавы на матацыклістаў былі, і я схаваў сцяг пад футболку, так і праехаў, кружачы, па ўсім горадзе. Крыўдна было б, калі тармазнулі і проста за правоз сцяга на суткі адправілі.

Вера і чаканне

Вераніка жыве ў Мінску і свой аповед назвала страхам, а не гісторыяй пра сцяг.

— Калі пачаліся масавыя ператрусы і затрыманні, мне стала страшна ў кватэры захоўваць нацыянальны сцяг. Вынесла ў склеп. Але і гэтага здалося недастаткова. Тады я яго вывезла ў вёску і схавала ў шафе ў доме бабулі. Там ніхто не жыве. Я прыязджаю летам часам. Ну, і чакаю, калі можна будзе яго дастаць. Вельмі чакаю.