«Немагчымасць эксплуатацыі» і даўнія пазыкі. Што адбываецца вакол мінскага Чырвонага касцёла, які ўлады хочуць адабраць у вернікаў
Статья
6 октября 2022, 17:11

«Немагчымасць эксплуатацыі» і даўнія пазыкі. Што адбываецца вакол мінскага Чырвонага касцёла, які ўлады хочуць адабраць у вернікаў

АМАП блакуе ўваход у Чырвоны касцёл падчас мітынгу прыхільнікаў беларускай апазіцыі ў Мінску, 26 жніўня 2020 г. Фота: Dmitri Lovetsky / AP

Раніцай каталіцкая царква паведаміла, што ўлады скасоўваюць дамову бязвыплатнага карыстання з супольнасцю касцёла святога Сымона і святой Алены, вядомага як Чырвоны касцёл, і патрабуюць на працягу некалькіх дзён вызваліць будынак. «Медыязона» расказвае, што вядома пра сітуацыю вакол самага пазнавальнага каталіцкага храма Беларусі.

Чаму ўлады патрабуюць вызваліць Чырвоны касцёл

Раніцай 6 кастрычніка тэлеграм-канал «Хрысціянская візія» паведаміў, што КУП «Мінская спадчына», якая мае права гаспадарчага распараджэння на Чырвоны касцёл, скасоўвае дамову бязвыплатнага карыстання з суполкай «Рымска-каталіцкая парафія святога Сымона і святой Алены» і патрабуе, каб вернікі на працягу некалькіх дзён забралі з храма сваю маёмасць.

Прэс-сакратар беларускага каталіцкага касцёла Юрый Санько расказаў, што парафія рыхтуе адказ і спадзяецца на працяг супрацоўніцтва з «Мінскай спадчынай», але ўдакладніў, што касцёл сапраўды зачыняецца «на рамонт і рэканструкцыю». У прадстаўніцтве Ватыкана ў Беларусі паведамілі, што «сітуацыя складаная», але апостальскі нунцый Антэ Ёзіч «займаецца гэтым».

Мяркуючы па інфармацыі «Радыё Свабода», часу ў прадстаўнікоў царквы зусім няшмат. У дакуменце «Мінскай спадчыны» на імя ксяндза Уладзіслава Завальнюка пазначаны тэрмін, да якога касцёл трэба вызваліць — 12 кастрычніка. Прычына — «немагчымасць эксплуатацыі» будынка.

Пажар і прыпыненне эксплуатацыі

Ноччу 26 верасня ў касцёле адбыўся пажар. Як пісала прэс-служба МНС, прычынай узгарання стала няспраўная электраправодка, а ад агню пацярпелі каля 20 квадратных метраў будынка.

У той жа дзень адміністрацыя Маскоўскага раёна Мінска часова прыпыніла працу касцёла. Кіраўніца адміністрацыі Таццяна Калядка ўдакладніла, што ў касцёле трэба будзе аднавіць працу сістэм пажаратушэння, паправіць электраабсталяванне і праводку.

Тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» са спасылкай на ўласныя крыніцы пісаў, што пасля пажару ў будынку аказліся выбітыя дзве шыбіны, а акрамя следчых да касцёла прыязджалі супрацоўнікі АМАПа, якія перакрылі падыходы да плошчы нават супрацоўнікам МНС. Таксама, паводле інфармацыі канала, з храма пасля пажару канфіскавалі камп’ютары і сістэму відэаназірання.

Выданне Katolik.life, спасылаючыся на вернікаў, якія гаварылі з вартаўніком касцёла, пісала, што той перад з’яўленнем дыму пачуў грукат у будынку.

Даўні канфлікт і пазыкі

Чырвоны касцёл, пабудаваны ў 1910 годзе пад кіраўніцтвам шляхціца Эдварда Вайніловіча, у 1923 годзе экспрапрыявала ў царквы савецкая ўлада. Спярша будынак пераабсталявалі пад тэатр, затым у кінастудыю, пасля тут адкрыўся Дом і музей кіно.

Зноў праводзіць тут набажэнствы вернікам дазволілі толькі ў 1990 годзе — каталіцкая царква атрымала права бязвыплатнага карыстання, але не валодання будынкам. У 2013 годзе храм перадалі з рэспубліканскай уласнасці ва ўласнасць горада Мінска, у гаспадарчае распараджэнне «Мінскай спадчыны».

У ліпені 2020 года Абшчына касцёла пачала збіраць подпісы пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб перадачы касцёла ў яе валоданне. Перад гэтым вернікам выставілі рахунак у 156 тысяч рублёў за амартызацыю і зямельны падатак. Кожны месяц пазыка прыходу ўзрастала на 14 тысяч рублёў, такую суму ў каталіцкай царквы палічылі непасільнай.

У адказ Мінгарвыканкам паведаміў, што патрабаванні да супольнасці абсалютна абгрунтаваныя, а плацяжы ад яе не паступаюць ужо больш за год. Аплату суполцы пачалі налічваць пасля рэканструкцыі касцёла, якую ў 2017-2019 гадах зрабілі за кошт дзяржавы. Да 2021 года пазыка вырасла да 350 тысяч рублёў.