«Нельга тут сядзець — гэта польская лаўка». У Варшаве пройдзе марш супраць дыскрымінацыі беларусаў і ўкраінцаў. Такая праблема сапраўды існуе?
Статья
12 сентября 2022, 18:28

«Нельга тут сядзець — гэта польская лаўка». У Варшаве пройдзе марш супраць дыскрымінацыі беларусаў і ўкраінцаў. Такая праблема сапраўды існуе?

Спартыўная пляцоўка ў мікрараёне Грохуў у Варшаве, адкуль група мясцовых жыхароў спрабавала прагнаць беларусаў і ўкраінцаў. Фота: «Медыязона»

13 верасня ў Варшаве пройдзе марш супраць нянавісці да беларусаў і ўкраінцаў. Жыхары мікрараёна Грохуў вырашылі арганізаваць яго пасля таго, як суседзі-палякі прагналі са спартыўнай пляцоўкі кампанію імігрантаў. Напярэдадні акцыі «Медыязона» паразмаўляла з беларусамі, якія жывуць у Польшчы і сутыкнуліся з праявамі ксенафобіі.

«Раз вы ў Польшчы, то павінны рабіць тое, што мы хочам»

Папярэджанне пра канфлікт інтарэсаў: Аляксей Худанаў — супрацоўнік «Медыязоны»

31 жніўня Аляксей Худанаў пайшоў гуляць у футбол на пляцоўцы каля дома. Кампанія беларусаў і ўкраінцаў, якія жывуць у Варшаве, трэніруецца тут кожную сераду. Як высветлілася, некаторым суседзям гэта не падабаецца.

Першы канфлікт на футбольнай пляцоўцы здарыўся ў пачатку месяца, успамінае Худанаў. Тады шлюбная пара запатрабавала вызваліць поле, каб там маглі пагуляць дзеці, прычым жанчына параіла гульцам з’язджаць ва Украіну; пасля гэтага муж і жонка развярнуліся і сышлі.

Праз тры тыдні іх зноў абурыла, што маладыя людзі «не даюць іх дзіцяці гуляць», але гэтым разам, расказвае беларус, канфлікт перайшоў на «зусім іншы ўзровень».

Худанаў кажа, што мужчына тады «адразу перайшоў да ксенафобскіх абразаў» і нават не паспрабаваў дамовіцца пра чарговасць выкарыстання агульнадаступнай пляцоўкі. Удзельнікі дваровай каманды здымалі тое, што адбываецца, на відэа.

«Ён кажа: "Вы ўкраінскія курвы!" Камусьці з нашых беларусаў было крыўдна гэта чуць, і ён не знайшоў нічога лепшага, чым сказаць, што мы наогул з Беларусі. І мужык кажа: "Беларусы? Дык гэта яшчэ горш. Беларускія курвы, значыць". У выніку ён стаў гаварыць: "Беларусы, украінцы — прэч!" і так далей», — успамінае Аляксей.

Кампанія вырашыла не сыходзіць з поля, хоць настрою працягваць гульню ўжо не было. Паляк паабяцаў, што «праз пяць хвілін нешта будзе», і «нешта» сапраўды адбылося — незадаволены сусед прывёў свайго сябра «ў байцоўскай экіпіроўцы і з капай у зубах».

«Я думаў, што ён цяпер будзе проста па адным нас вырубаць. Стала страшна, і я перастаў здымаць. Гэты першы мужык пачаў смялей нас выганяць і нават штурхнуў чалавека ў байцы колераў украінскага сцяга», — расказвае Худанаў.

Не сунімалася, з ягоных слоў, і жонка ініцыятара скандалу — казала, што беларусам і ўкраінцам лепш «не правакаваць палякаў», інакш «пысы будуць раз’ябаныя». Паводле яго слоў, жанчына крычала, што імігранты «павінны рабіць тое, што ім кажуць палякі».

«Адзін чувак размаўляў з агрэсарамі і сказаў, што прысядзе на лавачку, на што яму адказалі: "Не, нельга тут сядзець. Бо гэта польская лаўка. Украінскіх лавак няма"», — успамінае рэплікі апанентаў Аляксей.

Пасля гэтага выпадку ён вырашыў, што не хоча «пакідаць праблему як ёсць», і звярнуўся ў Цэнтр маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзін.

«Зараз прамаўчыш, а потым мае дзеці пойдуць у польскую школу, і такія вось людзі будуць яго чмарыць за тое, што ён беларус. Трэба казаць пра такое, трэба падымаць гэтую праблему», — упэўнены Аляксей.

Супрацоўнікі НКА адказалі ўжо на наступны дзень. Яны склалі заяву ў паліцыю, падрабязна апісалі інцыдэнт і расшыфравалі відэа, знятыя маладымі людзьмі. Кантакт беларуса перадалі журналістам — «літаральна праз пяць хвілін» з Худанавым звязаўся карэспандэнт Interia, а праз нейкі час з прапановай зняць сюжэт патэлефанавалі з тэлеканала Polsat.

«Важна адзначыць, што журналісты, з якімі я размаўляў, і супрацоўнікі гэтай арганізацыі трошкі выбачаліся за гэтую сітуацыю. Казалі, што спадзяюцца, што з намі такога больш не адбудзецца», — успамінае ён.

Сюжэт для Polsat здымалі каля дома Худанава на наступны дзень — проста насупраць пад’езда, дзе жыве агрэсіўны сусед.

«Мы надзяваем мікрафон, і я бачу, як выходзіць у кайданках гэты чувак і яго вязуць», — кажа Аляксей.

У той жа вечар ён даў паказанні ў паліцыі — у беларуса спыталі, «ці зачапіла яго гэтая сітуацыя», і выдалі дакумент аб тым, што ён прызнаны пацярпелым.

Ужо пасля гэтага, распавядае Худанаў, ён зноў сутыкнуўся з мужам і жонкай. Беларус кажа, што іх «ксенафобія нікуды не дзелася» — агрэсары «відавочна не раскайваліся».

«Быў такі мэсыдж у размове, што раз мы ў Польшчы, то павінны рабіць тое, што яны хочуць. Казалі, што плацяць падаткі за ўкраінцаў, а яны сябе нахабна паводзяць. Жанчына сказала, што калі б ведала пра тое, што ўсё запісваюць, так бы не казала. Мужык яе перабіў і сказаў, што калі б ведаў, што ўсе запісваюць, то даў бы ў пысу — так было б зразумела, за што сядзець», — пераказвае размову Аляксей.

Супраць яго суседзяў у выніку завялі крымінальныя справы: дваіх абвінавачваюць па артыкуле аб нападзе па нацыянальнай прыкмеце, яшчэ аднаго — па артыкуле аб дыскрымінацыі.

У якасці меры стрымання суд прызначыў ім паліцэйскі нагляд і забараніў падыходзіць да пацярпелых бліжэй, чым на 100 метраў.

«Такія людзі ў Польшчы не патрэбныя»

Іншы выпадак нападу на беларуса, зафіксаваны Цэнтрам маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзін, скончыўся не так добра — агрэсіўна настроеныя палякі ўдарылі па твары музыканта Антона Жыванава.

Некалькі «добра апранутых» мужчын у Варшаве пачулі, што музыка і яго сябры размаўляюць па-руску, прынялі іх за ўкраінцаў і пачалі чапляцца з пытаннямі, чаму маладыя людзі не ў арміі і не абараняюць сваю краіну. Калі Жыванаў сказаў, што ён родам з Беларусі, палякам гэта «не спадабалася яшчэ больш».

«Яны казалі, што мы агрэсары, а такія людзі ў Польшчы не патрэбныя», — расказваў музыка праваабаронцам.

Беларусы спрабавалі растлумачыць, што яны вымушаныя бегчы з радзімы праз палітычны пераслед, але гэта не дапамагло — Жыванава ўдарылі па твары «нечым падобным да кастэта».

Антон Жыванаў. Фота: Ośrodek Monitorowania Zachowań Rasistowskich i Ksenofobicznych / Facebook

Цэнтр падаў заяву ў паліцыю; пра вынікі расследавання не паведамлялася. «Медыязона» звярнулася да музыкі па каментар, але на момант публікацыі яшчэ не атрымала адказу.

Spierdalaj z Polski

13 жніўня ў Варшаве напалі на блогера Марціна Крама і ягоную дзяўчыну Юлію — беларус зняў пра гэта відэа. У роліку Крам расказвае, што пара адпачывала ў адным з бараў на беразе Віслы і ўжо збіралася сыходзіць дадому, як раптам Юлію ўдарылі ў патыліцу.

«Яна трымаецца за галаву, сядае, пачынае плакаць. Ёй здалося, як быццам дубінай ударылі, але мы схіляемся да таго, што ўдарылі галавой», — кажа блогер.

Маладыя людзі не зразумелі, у чым прычына нападу — Марцін сцвярджае, што яны не кантактавалі з агрэсарам, яго выхадка была спантаннай. Блогер паспрабаваў «без усялякіх пагроз, рукапрыкладства і лаянкі высветліць», што адбылося, але нападнік проста ўсміхаўся ў адказ, кажа Крам.

Неўзабаве да яго падышлі прыяцелі — тры дзяўчыны і двое мужчын; яны сталі пытацца ў Марціна, чаго ён хоча. Беларус расказаў пра напад на сваю сяброўку, пасля чаго агрэсар, паводле яго слоў, выгукнуў: «Spierdalaj z Polski

«Напэўна, іх абурыла, што мы не паводзім сябе ціха — нас б’юць, а мы нешта яшчэ хочам высветліць. І потым лысы мужчына штурхае мяне ў грудзі і маю дзяўчыну», — кажа Крам.

Пасля гэтага ён патэлефанаваў у паліцыю, а Юлія пачала здымаць відэа. Са слоў Марціна, затым лысы мужчына, якога спачатку ўтрымлівалі сябры, змог вырвацца і пачаў яго біць.

«Ёсць у мяне і сінякі, і невялікія ранкі. У нейкі момант лысы паспрабаваў мяне ўдарыць, але ўпаў. І ў гэты момант іншы мужык схапіў Юлю за валасы», — успамінае Крам.

Тады, прызнаецца блогер, ён стаў біць агрэсара ў адказ — «спачатку па назе, потым па твары». Як толькі той адпусціў дзяўчыну, пара адбегла ўбок, кажа Марцін.

Да беларусаў падышлі сведкі здарэння — палякі, хлопец і дзяўчына. Неўзабаве блогер сам знайшоў паліцэйскіх; яны сказалі пачакаць з заявай да наступнага дня, бо Марцін і Юлія ўжывалі алкаголь.

У выніку аднаго з нападнікаў затрымалі, але неўзабаве адпусцілі, спаслаўшыся на тое, што «справа, хутчэй за ўсё, грамадзянска-прававая», а не крымінальная — няма цялесных пашкоджанняў, якія маглі б гаіцца даўжэй за сем дзён.

Раніцай Юлія і Марцін пайшлі ў бальніцу, каб зафіксаваць пабоі і пераканацца, што ў дзяўчыны няма страсення мозгу.

«Усё было добра, але Юлі сказалі піць таблеткі — галава балела другі дзень. Ёй валасы вырвалі, было відаць гэта месца», — расказвае блогер.

Заяву ў паліцыю маладыя людзі падалі, як ім і параілі, на наступны дзень — у пастарунку ім зноў сказалі, што канфлікт «рэгулюецца грамадзянска-прававымі адносінамі». Пазней крымінальную справу ўсё-такі ўзбудзілі — агрэсараў абвінавачваюць па артыкуле аб нанясенні цялесных пашкоджанняў, расказаў «Медыязоне» Крам.

«Мэта такая — пакараць двух нашых крыўдзіцеляў. Я ведаю, што такіх выпадкаў зараз дастаткова, але іх імкнуцца не афішаваць — нібыта ўсё спакойна. Хачу вельмі моцна падзякаваць муніцыпальнай паліцыі, нашым сведкам, доктарцы, якая здымала пабоі і выбачалася за гэтую сітуацыю», — кажа блогер.

Банкі, праца, вучоба, жыллё

Праблемы, з якімі беларусы за мяжой сутыкнуліся пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, не абмяжоўваюцца непрыязнасцю выпадковых мінакоў — уладальнікам беларускіх пашпартоў стала цяжэй уладкавацца на працу і паступіць у ВНУ, зняць кватэру і адкрыць рахунак у банку.

Уладзімір з Гданьска меў рахунак у польскім MBank, але цяпер дамову збіраюцца скасаваць праз змены ў палітыцы кампаніі — банк больш не аказвае паслугі беларусам, у якіх няма ВНЖ.

«У мяне няма карты побыту, але я знаходжуся тут на падставе гуманітарнай візы — па сутнасці, Польшча дае мне прытулак. У банку сказалі: "1 верасня падайце нам інфармацыю, што ў вас ёсць карта побыту, ці мы скасуем ў аднабаковым парадку дамову"», — расказвае ён.

Вікторыя здымала кватэру пад Варшавай разам з некалькімі суседкамі, сярод якіх была ўкраінка. Паміж дзяўчатамі некалькі разоў узнікалі канфлікты: украінка была схільная вінаваціць усіх беларусаў у падтрымцы вайны.

«Аднойчы чалавек мне сказаў: "Ты ўся ў Беларусь, як і ўвесь твой народ, ты ўся ў Лукашэнку". Калі б мяне асабіста абразілі, напэўна, не было б такога адчування. Пазней яна мне выдала: вас хутка ўсіх выкінуць з гэтай краіны, бо беларусы — здраднікі», — расказвае Вікторыя.

Яна кажа, што некалькі разоў скардзілася кватэрнай гаспадыні і працадаўцу суседкі, але гэта не прынесла выніку. Пасля чарговай сваркі гаспадыня прапанавала беларусцы з’ехаць на працягу чатырох дзён.

«Гаспадыні было нявыгадна скасоўваць дамову з працадаўцам украінкі, які аплочвае арэнду», — тлумачыць Вікторыя.

Сяброўцы Алены адмовілі ў паступленні ва Уроцлаўскую харэаграфічную вучэльню.

«Першым разам яна тэлефанавала сама і размаўляла па-ангельску, бо па-польску не гаворыць. З ёй гаварылі да таго моманту, пакуль яна не згадала, што з Беларусі. Тады той чалавек, на якога яна трапіла, сказаў, што яны не прымаюць ні расійцаў, ні беларусаў, і паклаў слухаўку», — расказвае дзяўчына.

Калі ў вучэльню патэлефанавала сама Алена, якая ведае польскую, «размова ішла абсалютна адэкватна» — да таго моманту, пакуль яна не згадала Беларусь.

«Ён мне сказаў: "А, дык гэта ваша сяброўка тэлефанавала? Я ёй сказаў, што мы не прымаем расійцаў і беларусаў. Мы з вамі нават размаўляць не будзем". Толькі я адкрыла рот, каб нешта адказаць, і ён паклаў слухаўку», — успамінае беларуска.

Яна звярнулася ў Цэнтр маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзін, але адказу не атрымала. Паводле яе слоў, у іншых навучальных установах з сяброўкай «размаўлялі нармальна», а сама Алена сутыкнулася з дыскрымінацыяй па нацыянальнай прыкмеце ўпершыню.

Тое ж адзначаюць і іншыя героі гэтага тэксту: выпадкі, пра якія яны расказалі «Медыязоне», — адзінкавыя, да гэтага ніхто з іх не заўважаў у Польшчы перадузятага стаўлення да беларусаў.

«Паводле майго досведу, палякі заўсёды вельмі добра ставіліся да ўкраінцаў і беларусаў. Мне здаецца, у кожнай краіне ёсць нейкі маленькі працэнт людзей з ксенафобскімі поглядамі, і такія выпадкі не носяць масавага характару», — лічыць Аляксей Худанаў.