«Чужую брахню не знаходзяць час правяраць». Як і навошта праўладныя блогеры ўкідваюць фэйкі ў незалежныя СМІ
Статья
1 сентября 2022, 17:37

«Чужую брахню не знаходзяць час правяраць». Як і навошта праўладныя блогеры ўкідваюць фэйкі ў незалежныя СМІ

Ілюстрацыя: Маша Д. / Медыязона

Блогеры Яўген Катляроў і Юрый Церах ужо на працягу некалькіх гадоў падсоўваюць незалежным СМІ фэйкавыя навіны. Часам яны дамагаюцца поспеху — і тады пішуць разгромныя водгукі аб працы журналістаў. «Медыязона» ўзгадала гісторыю пранкераў і паразмаўляла з медыяэкспертам Паўлюкам Быкоўскім пра тое, якія мэты яны пераследуюць і ці могуць іх містыфікацыі падарваць давер чытачоў да недзяржаўных выданняў.

У канцы ліпеня ў рэдакцыйны бот «Медыязоны. Беларусь» напісаў карыстальнік з нікам «Клещ Валера» — ён сцвярджаў, што ў Гомелі міліцыянты затрымалі вулічнага мастака, які «размаляваў балончыкамі стары будынак па вул. Шпітальнай». Да паведамлення прыкладася фотаздымак будынка з муралам, які ўзнаўляе карціну Івана Айвазоўскага «Бура».

Паводле слоў «Кляшча», фрэску ўжо паспелі зафарбаваць, а самога мастака «пасадзілі на 15 сутак». «Валера» сцвярджаў, што сядзеў з гэтым чалавекам у адной камеры ІЧУ.

«Медыязона» задала яму некалькі дадатковых пытанняў: якое ў мастака прозвішча, па якім артыкуле яго асудзілі і адкуль у «Валеры» фотаздымак графіці. Ён адказаў: фотаздымак быў на тэлефоне сястры мастака, судзілі сукамерніка за хуліганства, а прозвішча яго — «Концевой».

Калі карэспандэнты «Медыязоны» заўважылі, што на самой справе на фотаздымку выяўлены будынак у Сімферопалі, які размаляваў мастак Уладзіслаў Падапрыгара, «Валера» сказаў, што абодва мастакі капіявалі Айвазоўскага ў розных гарадах адначасова, каб высветліць, «у каго лепш атрымаецца».

«Никита Концевой» — адзін з псеўданімаў, што выкарыстоўвае праўладны блогер Яўген Катляроў, які распаўсюджвае фэйкі ў незалежных СМІ. Тым разам яму ўсё ж такі ўдалося падмануць журналістаў — нататкі пра затрыманне няіснага гомельскага мастака апублікавалі некалькі недзяржаўных выданняў, пазней яны выдалілі гэтую публікацыю.

Праз некалькі дзён уладальнік акаўнта «Клещ Валера» змяніў нік і зноў напісаў «Медыязоне». Гэтым разам ён скінуў фотаздымак не разарванай ракеты, корпус якой тырчаў з асфальту.

«З аэрадрома ў Пакалюбічах запуск ракет», — сцвярджаў пранкер.

Калі рэдакцыя знайшла арыгінал фота — два гады таму азербайджанскія медыя ілюстравалі гэтым здымкам навіны пра абстрэл Мінгячэвірскай цеплаэлектрастанцыі, у якім абвінавачвалі армянскіх вайскоўцаў, — «Валера» напісаў: «Дык у нас тут армян шмат. Лічымся маленькай Арменіяй».

Катляроў, Какойта, Канцавы, Церах і Людажор

Падкідваць фэйкавыя навіны незалежным СМІ гомельскі дальнабойшчык Яўген Катляроў, таксама вядомы як Яўген Какойта, пачаў яшчэ да падзей 2020 года. У 2019 годзе ён зарэгістраваўся на фэйсбуку пад імем Мікіты Канцавога і ад яго імя напісаў, што быў затрыманы ў Курапатах у навагоднюю ноч. Агенцтва «Белапан» апублікавала гэтую навіну, узяўшы каментар у самога Канцавога.

Пазней Катляроў раскрыў пранк і абурыўся тым, што агенцтва не паспрабавала праверыць інфармацыю аб затрыманні ў МУС. «Радыё Свабода» пісала, што ў той жа дзень змагло атрымаць каментар міліцыі; там затрыманне Канцавога адмаўлялі. Пры гэтым, адзначала выданне, такі адказ — звычайная рэакцыя беларускіх сілавікоў, калі ім не хочацца паведамляць пра затрыманых.

На публікацыю «Белапан» адрэагаваў калумніст урадавай газеты «СБ. Беларусь сёння» Андрэй Мукавозчык. З адзінкавага выпадку з затрыманнем няіснага Канцавога ён зрабіў выснову, што незалежным беларускім СМІ нельга верыць у прынцыпе.

«Ці верыце вы "незалежным СМІ" так, як веру ім я? Гэта значыць — на слова? Дык вось: не верце. Бо мала таго, што яны за свае словы не адказваюць, яны і чужую брахню не знаходзяць час правяраць», — пісаў Мукавозчык.

Пачынаючы з 2020 года Катляроў стаў вырабляць фэйкі нашмат больш актыўна. Яго аповед пра здзекі з затрыманых у аўтазаку быў апублікаваны TUT.by. Прадставіўшыся адным з затрыманых, блогер выдумаў гісторыю, якую выданне надрукавала, а пазней было вымушана выдаліць з выбачэннямі.

Катлярову праўладныя блогеры і выданні прыпісваюць таксама аўтарства гісторыі пра згвалтаваную і скалечаную амапаўцамі беларуску Крысціну, апублікаванай шведскім выданнем ETC.

Ілюстрацыя: Маша Д. / Медыязона

Калумніст «СБ. Беларусь сёння» Юрый Церах, таксама вядомы як блогер Людажор, часта публікуе падрабязныя справаздачы аб пранках Катлярова. У адным з такіх пастоў ён сцвярджаў, што гісторыя Крысціны выдуманая дзеля тролінгу.

«Тролі з супольнасці "Людажор" вырашылі выйсці на прынцыпова новы ўзровень — міжнародны. Прыдумалі фэйк і адправілі яго ў Швецыю аднаму мігранту з ліку нашых былых суайчыннікаў, які яго паспрабаваў прыладзіць у буйныя шведскія выданні», — пісаў Церах.

Аўтар артыкула Андрэас Густаўсан расказваў «Еўрарадыё», што лічыць гісторыю дзяўчыны праўдзівай. Паводле яго слоў, ён размаўляў з Крысцінай па відэасувязі і бачыў, што яна пазбавілася амаль усіх зубоў. Журналіст паабяцаў яшчэ раз звязацца з гераіняй, каб пацвердзіць гісторыю, але гэтага дагэтуль не адбылося.

Некаторыя з фэйкаў Катлярова былі знарочыста недарэчнымі. Раніцай 29 лістапада ён укінуў паведамленне пра затрыманні каля станцыі метро «Пушкінская», у якім сцвярджалася, што сілавікі каля «Макдональдса» страляюць у пратэстоўцаў прысоскамі з пластмасавага дзіцячага пісталета. Гэтую навіну апублікаваў «Белсат», а затым выправіў пост.

У той жа самы дзень фэйкавае паведамленне прыйшло ў рэдакцыю «Нашай Нівы»: Катляроў сцвярджаў, што на вуліцы Скрыганава ў Мінску сілавікі «ўжылі партатыўныя ручныя вадамёты» і, як пісала газета, даслаў «нейкі здымак з разгону пратэстаў за мяжой, на якім выяўлены чалавек, якога адкідае патокам вадамёта».

Не выправіць памылкі, а дыскрэдытаваць медыі

— На жаль, большасць нашых людзей сляпыя, мабыць, гэта закладзена ў генах. Гены трэба ціснуць і пальцам адкрываць людзям вочы, паказваючы праўду. Гэта ўсё роўна, што разбурыць унутраныя перакананні чалавека. Вось ён верыць, што гэта праўда, а калі ты разбурыш гэтае перакананне, чалавеку трэба будзе перафарматавацца, трэба будзе выпраўляць свой мозг і зноўку ўсё спасцігаць і асэнсоўваць, — тлумачыў сваю дзіўную дзейнасць сам Катляроў.

Медыяэксперт праекта Media IQ Паўлюк Быкоўскі сумняваецца, што рэгулярныя ўкіды фэйкавых навін здольныя развіць крытычнае мысленне ў чытачоў.

— Тым больш, што яны выкарыстоўваюцца не для таго каб знайсці і выправіць памылкі, а для таго каб дыскрэдытаваць медыя, — дадае ён.

У публікацыях самога Цераха, кажа Быкоўскі, «вельмі шмат маніпуляцый, падтасоўкі фактаў, ёсць мова нянавісці і іншае».

— Гэта значыць, там шмат усялякіх рэчаў ёсць, якія ніяк не звязаныя з развіццём культуры дыскусіі, крытычнага мыслення і развіцця медыяў. Я не магу сабе ўявіць, якім чынам тыя, хто займаюцца маніпуляцыямі, дапамагаюць развіваць мысленне ў тых, кім яны маніпулююць, — разважае эксперт.

Менавіта дыскрэдытацыя незалежных СМІ, на думку Быкоўскага, складае галоўную мэту Катлярова і Цераха.

— Незалежныя СМІ для беларускага кіроўнага рэжыму ўспрымаюцца як інструмент апазіцыі, як той, хто выступае арганізатарам пратэстаў — ну і гэтак далей, і да таго падобнае. І таму іх дыскрэдытацыя ўкладваецца ў агульную схему, — тлумачыць ён.