«Суцэльная саюзная прастора». Навошта расійцы ездзяць у Беларусь падчас вайны
Статья
22 августа 2022, 12:19

«Суцэльная саюзная прастора». Навошта расійцы ездзяць у Беларусь падчас вайны

Чыгуначны вакзал у Мінску. Фота: Christian Kober / robertharding / East News

З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне ўсё больш кампаній сыходзяць з Расіі, адключаюць анлайн-сэрвісы і блакуюць плацяжы. «Медыязона» паразмаўляла з расійцамі, якія прыязджаюць у Беларусь вырашаць свае новыя праблемы, пра тое, што яны думаюць пра нашу краіну.

Дэкаратыўнае замежжа з пустымі вуліцамі

Андрэй жыве ў Пецярбургу, працуе ў страхавой кампаніі і любіць падарожнічаць. У пачатку жніўня ён вырашыў правесці выходныя ў Беларусі, таму што гэта «якое-ніякое замежжа».

«У Беларусі я быў не першы раз. Гадоў дзесяць таму ездзіў з бацькам да сваякоў і разбіраць сямейныя архівы», — расказаў ён «Медыязоне».

У Беларусь Андрэй з сябрамі прыехалі на цягніку.

«Здалося, што Мінск горшым дакладна не стаў. Горад развіваецца, будуюцца новыя дамы і дарогі. З’явілася трэцяя лінія метро», — дзеліцца ўражаннямі пецябруржац.

За два дні кампанія паспела пабываць у Мінску і Нясвіжы. Планавалі, што змогуць расплачвацца расійскімі картамі, але выявілася, што гэта магчыма толькі з сістэмай «Мир», а такіх карт у расійцаў з сабой не было. Таму кампанія мяняла наяўныя.

Са знаёмымі беларусамі сустрэцца не ўдалося, і ўсе зносіны з мясцовымі абмежаваліся дыялогамі на касах і ў чэргах, кажа Андрэй.

«Мне здалося, што людзі да нас прыязныя. Не ўзнікла да нас нейкага негатыву, відаць было, што мы турысты. Але беларускай мовы я, на жаль, не пачуў. Усе вакол гаварылі выключна на рускай мове», — заўважае расіец.

Але асобныя словы на беларускай мове турысты ўсё ж такі заўважылі — на шыльдах і цэнніках. «Дастаткова забаўна гучыць для рускай мовы. Але пры гэтым многае зразумела», — успамінае Андрэй.

Яго паездка ў Беларусь прыйшлася на выходныя 6-7 жніўня, але цэнтр Мінска ў гэтыя дні быў пусты.

«Людзі ці то спалі ўсе, ці то з’ехалі на дачу. Хоць былі бачныя турысты, і рускіх людзей там досыць лёгка ў натоўпе адрозніць часам», — кажа ён. Андрэй звяртае ўвагу, што дарогі ў Беларусі лепшыя, чым у «стэрэатыпнай Расіі», але на гэтых дарогах пуста. Увечары ў суботу сябры пайшлі ў цэнтр, каб параўнаць начное жыццё Мінска з пецярбургскім.

«Як мне здалося, варта адысці ад галоўнай вуліцы, і ўсё вымірае. Людзей фактычна няма. Мы ішлі ад Зыбіцкай да гатэля і за 20 хвілін не сустрэлі амаль нікога. Рэдка нават машыны праязджалі», — успамінае расіец.

Вандроўнікі, прызнае Андрэй, разумелі, што трапілі ў Мінск напярэдадні гадавіны масавых пратэстаў, якія абярнуліся міліцэйскім гвалтам на вуліцах.

«Мы ведалі, што зараз там дастаткова бяспечна. Што цяпер той час, у які можна ехаць. У адрозненне ад падзей, якія адбываліся не так даўно», — тлумачыць ён.

Калі не ведаць пра палітычную сітуацыю ў Беларусі, то можна «не адчуць, што нешта не так», перадае свае адчуванні ад краіны турыст. Андрэя з сябрамі цікавіла не палітыка, а маршруты «з замкамі, зубрамі і Белавежскай пушчай».

Пра паездку ніхто з сяброў не пашкадаваў. Гэта проста і блізка, кажа пецябруржац.

«Зараз Беларусь у сілу асаблівых абставін — адна з самых даступных краін для наведвання. У нас такая ж сітуацыя з Абхазіяй. Туды актыўна едзе народ з Расіі. Таму што якое-ніякое замежжа, хай і дэкаратыўнае. Вось я мінулым летам быў у Абхазіі, там нават аэрапорта свайго няма», — разважае ён.

Як і на мяжы з Абхазіяй, ніхто ў Беларусі не правяраў у турыстаў з Расіі пашпарта.

«Нават ніякіх штампікаў не ставяць. Дастаткова расійскага пашпарта пры пасадцы на цягнік. Мы думалі, хоць нейкія памежнікі нас будуць правяраць, але ніхто. Суцэльная саюзная прастора. Здаецца, усіх гэта задавальняе», — кажа Андрэй.

Картачны турызм

У сакавіку на фоне ўварвання ва Украіну Visa і Mastercard увялі абмежаванні для карыстальнікаў з Расіі. Некаторыя расійскія банкі цяпер адключаныя ад гэтых аплатных сістэм, а расійскія кліенты не могуць скарыстацца картамі Visa або Mastercard за мяжой.

Каб аплачваць падпіскі на замежныя анлайн-сэрвісы і падарожнічаць, многія расійцы зараз афармляюць банкаўскія карты ў Беларусі, Узбекістане, Таджыкістане, Кыргызстане ці Арменіі.

У красавіку-чэрвені 2022 года банкі суседніх з Расіяй краін прыкметна нарасцілі выпуск карт. Беларускія банкі, напрыклад, павялічылі колькасць карт на 11,52% — да 17 мільёнаў штук; для параўнання: у першым квартале 2021 года выпуск карт у Беларусі скараціўся на 1,03%.

Нярэдка па карты ў суседнія краіны расійцы едуць цэлымі групамі. На запыт «тур за картой» можна нагугліць аб’явы, у якіх абяцаюць пракансультаваць наконт адкрыцця рахункаў у Арменіі, Узбекістане або Таджыкістане.

У тураператараў «Интурист», «Русский Экспресс», PAC Group і «ВЕДИ ГРУПП» можна заказаць паездку ва Узбекістан або Арменію па карту. Беларусь у такіх аб’явах згадваецца радзей — дабрацца сюды любы расіец можа самастойна.

Другі плюс гэтага кірунку — таннасць, кажа «Медыязоне» Яўген, блогер і падарожнік з Яраслаўля. У красавіку ён прыязджаў у Беларусь, каб аформіць карту Белгазпрамбанка.

«Блізка. Білет на самалёт 10 тысяч рублёў туды-назад. Гадзіну ляцець. Прыехаў, паеў, за гадзіну зрабілі карту, паляцеў назад. Калі імянная, можна дзень або два пачакаць», — тлумачыць турыст.

У банку ў яго запатрабавалі толькі пашпарт і дэпазіт у памеры 300 долараў. Праз тры месяцы дэпазіт вярнулі. Картай, кажа расіец, ён паспеў скарыстацца ў Стамбуле, без праблем аплаціў падпіску ў Zoom і сэрвісах Apple. Папаўняць яе можна праз Qiwi-кашалёк або наяўнымі праз знаёмых у Беларусі.

«А яшчэ я не ведаў такой фішкі, мне потым расказалі. Зрабіць можна было ў гэтым жа банку Mastercard-карту і "Мир" беларускую. І з нашага "Мира" на беларускую пераводзіць. А з тамтэйшага "Мира" ўжо на Mastercard, каб выходзіла хутчэй і танней», — дзеліцца ноу-хау расіец.

Яўген шмат ездзіць па свеце і вядзе блог пра падарожжы. Пост пра досвед афармлення беларускай карты атрымаў велізарны водгук, успамінае ён.

«Куча народу напісалі, на вуліцы ў Яраслаўлі падыходзілі і пыталіся пра гэта, старыя сябры ўспомнілі. Актуальная тэма», — кажа блогер.

Статыстыкі па выпуску карт для нерэзідэнтаў «Медыязона» ў адкрытых крыніцах не знайшла. У Белінвестбанку на запыт рэдакцыі адказалі, што дакладных лічбаў не ведаюць, але зваротаў «стала больш». У Прыёрбанку і МТБанку звестак аб выпуску карт таксама не далі.

Zara, каўбаса, сыр і масла

«Мы ў Zara! Нават не веру, што я гэта кажу. Такое адчуванне, што яе ўжо сцерлі з твару зямлі, прынамсі, для нас», — кажа на відэа расіянка Марына, якая прыехала ў Беларусь на тыдзень, каб пабачыцца з сябрамі і прайсціся па крамах.

У Беларусі па-ранейшаму працуюць крамы абутку Nike і Adidas, даступнае адзенне Zara, Massimo Dutti, Bershka, Stradivarius і Pull and Bear, адкрытыя рэстараны McDonald’s.

Для іх наведвання расійскі аператар FUN&SUN запусціў шоп-туры ў Беларусь. Турысты вылятаюць з Масквы кожны чацвер, засяляюцца ў гатэль «Мінск» і жывуць там чатыры дні. Такая паездка абыходзіцца ў 54 тысячы расійскіх рублёў на дваіх.

Пры гэтым турыстаў суправаджаюць у банку пры афармленні карты і паказваюць, дзе знаходзяцца крамы. За 8 тысяч расійскіх рублёў тураператар прапануе індывідуальную аглядную экскурсію па Мінску.

Падобныя паслугі ёсць і ў Tez Tour, але тут фармат паездкі ў Беларусь могуць падабраць для кліента індывідуальна. На сайце кампаніі ёсць нават спіс найлепшых гатэляў для такога шопінг-туру.

Наведаць беларускія крамы запрашае яшчэ адно расійскае турагенцтва — «Империя отдыха». «Зараз Беларусь з’яўляецца бадай адной з самых прыязных і адкрытых для расійцаў краін», — запэўніваюць у кампаніі.

Цэны на некаторыя прадукты ў Мінску значна ніжэйшыя, чым у Маскве ці Пецярбургу, кажа «Медыязоне» расіянка Ганна. Яна прыехала ў Беларусь удваіх са сваім маладым чалавекам.

«Паехаць было спантанным рашэннем — мы думалі паехаць па Расіі на некалькі дзён. Калі стала глядзець мапу — зусім недалёка Беларусь. Высветлілася, што можна ехаць без замежнага пашпарта — яшчэ прасцей», — тлумачыць Ганна.

У Беларусі турысты паглядзелі вайсковыя музеі, з’ездзілі ў Хатынь і на «Лінію Сталіна», а пасля — на Камароўскі рынак.

«Купілі каўбасу на Камароўскім рынку, прывезлі адзенне, ніжнюю бялізну, ну, і касметыку захапілі таксама. Узялі з сабой сыр «Брэст-Літоўск», таму што проста адчуваецца розніца ў кошце. Масла хацелася захапіць, таму што я сама кандытарствам займаюся, вельмі мяне здзівіла, што такі кошт. Але не маглі ўжо звезці», — расказвае Ганна.

Сапраўды, цэны на малако і масла ў беларускіх і расійскіх крамах адрозніваюцца амаль у два разы. Так, літр малака «Просто» тлустасцю 3,2% будзе каштаваць у Расіі 90 мясцовых рублёў. За такую ж бутэльку малака «Здравушка» беларус аддасць 1,7 рубля.

Такая ж сітуацыя з маслам — адзін і той жа пачак у 120 грамаў выйдзе расійцу ў 209 расійскіх рублёў, а беларусу — у 3,9 беларускіх рубля.

За сваю бяспеку ў Беларусі Ганна не турбавалася, кажа яна. Расіянка ведае пра масавыя пратэсты і наступныя рэпрэсіі, але «нечага такога, каверзаў нейкіх не адчувалася».

«Утульная, добрая краіна, вельмі смачна. Цэны даступныя. Але часам хадзілі і думалі: "Чаму людзей няма?"», — прызнаецца турыстка.