Зміцер Дашкевіч. Фото: euroradio.fm
Суд Маскоўскага раёна Мінска асудзіў былога старшыню «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча на 1,5 года калоніі, а яго жонку Насту — на 3 гады хатняй хіміі. Дашкевічаў, якія выхоўваюць чатырох дзяцей, абвінавацілі ў грубым парушэнні парадку за ўдзел у акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года. «Радыё Свабода» публікуе апошняе слова Змітра Дашкевіча, у якім ён разважае пра суд і Бога, а таксама распавядае, як дачка аднаго з суддзяў прасіла ў яго прабачэння за прызначаннае шмат гадоў таму пакаранне. «Медыязона» перадрукоўвае расшыфроўку яго словаў.
Канечне, я разумеў, што мяне чакае, але тое, што мы пачулі ад пракурора, — гэта вышэй за разуменне дабра і зла.
Ісус даў нам уладу адпусціць грахі чалавеку ці пакараць. <нрзб> Які павінен быць грэх, што маці чатырох дзяцей, немаўлятка неданошанага, просяць пасадзіць у турму?
Я часам задаю сабе пытанне, што думаюць гэтыя людзі, <нрзб> калі просяць выносіць прысуды. Было б прасцей, каб мы бачылі перад сабой звярэй <нрзб>. А так яны ходзяць, усміхаюцца. Следчыя, якія пішуць гэтыя справы, просяць прабачэння, усміхаюцца, цукеркі носяць на закрыццё справы. Тым не менш іх пішуць.
Летась я стаяў каля ГУМу, калі да мяне падышла дзяўчына са слязамі на вачах. Кажа: «Вось даведалася, што вы тут стаіце, прыйшла папрасіць прабачэння за тату». Я не зразумеў, пра што яна гаворыць. Кажа: «Тата мой у 2004 годзе даў вам 14 сутак, памятаеце?» А я вельмі добра запомніў, таму што гэта быў адзіны выпадак, калі мне 14 сутак давалі. І вось праз 17 гадоў да мяне падышла дачка суддзі і сказала: «Прабачце майго тату». Напэўна, гэта быў адзін з самых шчымлівых момантаў за гэтыя больш чым 20 гадоў <нрзб>. Я не паспеў у яе запытаць, але, я ж так разумею, яны размаўлялі з татам, тата думаў пра гэта ўсе гады. Даючы мне 14 сутак, выразна разумеў, што ён робіць беззаконне. Нават 14 сутак, хоць у той момант я не вельмі расстроіўся б і 14 гадам. А тут па паўтара года мы просім матулі з немаўляткам на руках.
У той час да вас падыдуць вашыя дзеці і скажуць: «Мама, а дзе ты была?» <нрзб> Дашкевіч, <нрзб>, злачынца <нрзб>. Напэўна толькі тады адбудзецца асэнсаванне.
Што адбываецца зараз, немагчыма зразумець. Калі абаронцы тырана, што білі мяне па твары пры маёй жонцы цяжарнай і казалі: «Что говорит этот человек? Пусть говорит нормально. Пусть нормально разговаривает». Калі везлі ў машыне, гэты губопавец сказаў: «Я б цябе знішчыў толькі за тое, што ты дзяцей у гэта ўцягнуў». Я кажу: «Паслухай, што значыць уцягваю, што я раблю не тое?» Ён: «Ну вось лісты пішаце, мы пазнаходзілі лісты, далучылі да крымінальнай справы <нрзб>». Знайшлі лісты, якія дзеці нашыя пісалі Марыі Калеснікавай — «Маша, мы молімся за цябе, мы любім цябе». Вось гэта злачынства — дзеці пішуць лісты палітвязням.
Калі мяне арыштоўвалі на Акрэсціна па крымінальнай справе, таксама губопаўцы смяяліся: «Жонка будзе нараджаць у турме». Я думаў, што гэта самы страшны дзень у маім жыцці, але сёння, напэўна, яшчэ страшнейшы. Настачка, прабач мне, што я цябе ў гэта ўцягнуў. Не мог уявіць ніколі, што такое можа з намі адбыцца. Я ўвесь час разважаў, што я нясу гэты крыж і данясу яго, але я не мог падумаць у страшным сне, што я ўскладу гэты крыж на цябе. Даруй, што я так мала думаў пра цябе. Я кахаю цябе і малюся за цябе і за нашых дзетак, за неданошанага Даніільчыка нашага (плача). <нрзб> Ты святая жанчына. Я не ведаю такіх. Даруй, што я падвёў цябе.
Я не разумею, што адбываецца. Людзі з вышэйшымі юрыдычнымі адукацыямі лічаць, што злачынца — гэта той, хто супраць гвалту выйшаў, а не той, хто робіць гвалт. Злачынцамі яны лічаць таго, хто хоча праўды, а не таго, хто кажа: «Временами не до законов». Спадзяюся на Божую волю, хоць я і разумею, што адбываецца, скажу вам так. <нрзб>
У тым, што такая сістэма не можа існаваць, няма сумневу. Я проста зычу вам, суддзі, пракуроры, падумаць пра душу сваю. Я заўсёды кажу гэта на судах, хоць гэта і бессэнсоўна: Ісус Хрыстос кажа — што ты дасі за <нрзб> душу сваю, калі прыйдзе дзень суду справядлівага? Што ты дасі <нрзб> за душу сваю, калі будзе суд сапраўдны? Сапраўдны суд! Вы назвалі сябе судом. Бог называе сябе судом. Імя Бога — суддзя. І я <нрзб>: прыйшоў суддзя і судзіў мяне справядліва за тое, што выйшаў 23-га з дзецьмі і раздаваў буклеты «Малітва за Беларусь», Бібліі раздаваў. У дзень сапраўднага суду, калі будзе сапраўдны суд <нрзб>, вы нічога не дадзіце Богу за душу сваю. І дай Бог, каб вашы дзеці праз 17 гадоў ці праз 17 месяцаў ці вы самі прыйшлі і сказалі: «Прабач». І, бачыць Бог, не жадаю нікому з вас зла. Адзінае, каб вы трошку задумаліся, што вы робіце, ці ёсць нешта, што б вы не зрабілі, калі вам загадаюць. <нрзб> Пачулі ад пракурора. Ці ёсць для вас нейкія межы?