«Нам не трэба думаць, як гэта рабіць, — мы ўжо гэта робім». Як беларусы дапамагаюць украінцам у вайну
Статья
30 марта 2022, 12:39

«Нам не трэба думаць, як гэта рабіць, — мы ўжо гэта робім». Як беларусы дапамагаюць украінцам у вайну

Арганізацыя Free Belarus Center. Фота: прадастаўлена Палінай Бродзік

Напачатку 2020 года беларусаў згуртавала пандэмія COVID-19. Прайшло два гады — і вопыт самаарганізацыі і валантэрства спатрэбіўся ў суседняй краіне, якая дала прытулак шмат каму з нас. Гэты тэкст не пра тых, хто змагаецца на фронце. Яго героі дапамагаюць тым, хто зараз ваюе за Украіну і тым, хто ратуецца ад гэтай вайны. «Медыязона» паразмаўляла з добраахвотнікамі з Беларусі, якія збіраюць гуманітарную дапамогу, гатуюць ежу, здаюць кроў і дзяжураць на вакзалах — хоць часам ім самім даводзіцца спаць на падлозе.

Максім Кавалёў. Кіеў — Івана-Франкоўск

З Максімам мы пагаварылі яшчэ напачатку вайны — ён застаўся ў Кіеве дапамагаць сябрам і знаёмым з тэрытарыяльнай абароны: купляў ежу, сродкі гігіены і медыкаменты па запытах. Калі ў тэрабароне не было чым дапамагаць, хлопец прыходзіў працаваць у краму.

— У любую краму проста прыходзіш, кажаш: «Вітанкі, ці патрэбна вам дапамога нейкая?». Насамрэч, тут ва ўсіх гарадах чарга з валанцёраў, то бок не так проста знайсці сабе працу рукамі, — расказвае ён.

Прыгатаваная ежа для ЗСУ, тэрабароны і перасяленцаў. Фота: Максім Кавалёў

Самай вялікай нязручнасцю для валанцерства ў Кіеве Максім называе блокпасты — з беларускім пашпартам іх праходзіць складаней. Хлопец кажа, што ставіцца да гэтага з разуменнем, але перасоўванне па горадзе займае шмат часу.

— Неяк на адным з кіеўскіх блокпастоў мяне спынілі, калі ішоў пешкі. Папрасілі пашпарт, я ім даў пашпарт і свой дазвол на жыхарства. Спыталі, чаму з Беларусі страляюць па Украіне. Я сказаў: «Таму што мы не даціснулі ў свой час». Дакументы вярнулі і адпусцілі, я пайшоў далей, — апісвае хлопец.

Падчас нашай гутаркі Максім падзяліўся планамі пра пераезд у Львоў ці Івана-Франкоўск — па гэтых гарадах перасоўвацца значна прасцей, кажа ён. 7 сакавіка хлопец з'ехаў у Івана-Франкоўск, дзе працягвае займацца валанцёрствам.

— Мы гатуем ежу для ЗСУ, тэрабароны і перасяленцаў. Чысцім бульбу, капусту, цыбулю, раскладаеем ежу па боксах, запакоўваем, мыем посуд, — пералічвае Кавалёў.

Арына Каршунова, Івана-Франкоўск

Арына пераехала ў Івана-Франкоўск з Кіева за некалькі тыдняў да пачатку вайны. З першага дня расійскага ўварвання дзяўчына шукала магчымасці «чымсьці дапамагчы Украіне». У тэрытарыяльную абарону беларуску без вайсковага досведу не ўзялі, і ў першыя дні вайны яна вырашыла здаць кроў на патрэбы фронту.

— Усе пяць гадзін, якія я стаяла ў чарзе, я хвалявалася, таму што мне трэба будзе дастаць мае беларускія дакументы. Гэта былі першыя дні, і пачуццё сораму было настолькі вялікае, што я проста трэслася і плакала ў чарзе. Людзі побач размаўляюць адзін з адным, носяць гарбату, шакаладкі, піцу — вельмі нагадвае Беларусь у 2020 годзе. Я вельмі хвалявалася, але мне былі радыя. Здзівілся, што я прыйшла, і былі радыя, — згадвае Арына.

Бар ў Івана-Франкоўску, дзе працуюць добраахвотнікі. Фота: Арына Каршунова

Дзяўчына распавядае, што ў яе былі «сілы і жаданне ўсімі магчымымі спосабамі дапамагаць Украіне ў яе барацьбе», таму на здачы крыві яна не спынілася. У першыя дні вайны дзяўчына ўзмацняла будынкі разам з мясцовымі жыхарамі.

— Нават дзеці дапамагаюць завязваць гэтыя мяхі, жанчыны дапамагаюць іх насіць — усё вельмі-вельмі хутка адбываецца. Але ўжо літаральна праз дзень-два, калі я падышла туды, мяне проста як дзяўчыну не ўзялі. Там столькі хлопцаў, столькі мужчын, якія кажуць, што няма мне там месца, бо, умоўна кажучы, фізічнай сілы ў мяне не хапае, каб быць з імі нараўне. Хаця гэта няпраўда! — смяецца Арына.

Зараз дзяўчына дапамагае гатаваць ежу для ЗСУ, тэрытарыяльнай абароны і перасяленцаў у мясцовым бары, куды трапіла з дапамогай знаёмых.

— Тут кіпіць праца кожны дзень па вельмі шмат гадзін, я вельмі шчаслівая тут знаходзіцца, таму што тут няма месца трывозе ці нейкім іншым перажыванням. Усе людзі моцна падтрымліваюць адзін аднаго і тут грае музыка, бегаюць сабакі, усе вельмі мілыя — вельмі крутая атмасфера, — дзеліцца дзяўчына.

Іра Лукашэнка, Львоў

Іра займаецца валанцерствам у Львове, куды яна пераехала з Кіева на другі дзень вайны. Дзяўчына тлумачыць, што не хацела «сядзець у сховішчы і нічога не рабіць». Калі дзяўчына ўбачыла навіны пра вялікія чэргі на межах, то вырашыла пераехаць у прыгранічны горад, каб дапамагаць тым, хто з'язджае ад вайны. Цяпер Іра займаецца рознымі задачамі па заяўках, якія з'яўляюцца ў валанцёрскіх чатах.

Шэлтар у Львове. Фота: Iра Лукашэнка

— Я валанцёру ў інфармацыйным цэнтры, то бок анлайн. [Раблю] усё, што тычыцца кансультацый анлайн: куды звяртацца і па якіх пытаннях, што рабіць, куды ісці, каму тэлефанаваць і гэтак далей. Другое: я купляю ежу, рэчы першай неабходнасці тым, хто не можа сабе гэтага дазволіць. Ну і трэцяе: есць лакацыі для таго, каб уцекачы маглі пасядзець і адпачыць пасля таго, як яны ўцяклі, і пасля таго, як яны ў падвалах хаваліся некалькі дзён. Аднаму з такіх шэлтараў мы дапамагаем: прывезлі матрацы, падушкі, коўдры, ежу і ўсё, што трэба для размяшчэння людзей, — апісвае свае абавязкі дзяўчына.

Іра расказвае, што хацела разам з сяброўкай дапамагаць на мяжы, але не склалася — перашкодай стаў беларускі пашпарт.

— Нам адразу сказалі: «Вы можаце нават не лезці. Беларусы, лепш сядзіце ў горадзе. Калі вы выедзеце, то назад не заедзеце — вам ніхто не дасць», — расказвае яна.

Іра ўспамінае, як аднойчы разам з іншымі валанцёрамі сустрэла патруль тэрытарыяльнай абароны: «Пачалі дакументы пытаць, задаваць пытанні, нават да таксіста прычапіліся, што ў яго няма львоўскай прапіскі. Калі ўбачылі дакументы беларускі, таксама пачалі задаваць пытанні: "Вы ўвогуле ведаеце, што вы робіце? З вашай краіны ляцяць ракеты»" — і гэтак далей. Нам было вельмі страшна, але мы паказалі дакументы валанцёрства і нас пусцілі, усе добра».

— На наступны дзень я вельмі-вельмі сумавала і перажывала: «Ды як так? Ды мы дапамагаем, а яны тут на нас?..» Злосць — гэта нармальна, асабліва ва ўмовах вайны. Можна іх зразумець, тым больш іншыя людзі разумеюць, хто мы такія і навошта мы робім нешта, — мяркуе дзяўчына.

Міхась Тананка, Варшава — Львоў — Пшэмысль

Міхась — студэнт польскай ВНУ, цяпер ен дапамагае ўцякачам на вакзале ў Пшэмыслі. Да гэтага хлопец паспеў пабываць валанцёрам у Варшаве і ў Львове. Напачатку вайны ен з'ехаў у Варшаву — збіраў гуманітарную дапамогу, але праз некалькі дзён вярнуўся ва ўніверсітэт.

— Я зразумеў пасля першага дня, што проста не магу знаходзіцца [ва ўніверсітэце]: галава ў іншым месцы. Усе думкі пра Украіну, на занятках чытаю пра Украіну — сяджу плачу, зусім не магу вучыцца. Я прыйшоў у дэканат, папрасіў даць мне адпачынак на месяц. Яны зразумелі становішча, сказалі: «Вядома, едзь дапамагай», — расказвае хлопец.

Міхась атрымаў адпачынак у дэканаце і збіраўся з'ехаць у Львоў, але затрымаўся ў Пшэмыслі.

— Я не ведаў, што на вакзале адбываецца. Я ехаў [на вакзал] на адзін дзень. Тут быў такі хаос, калі я прыехаў, вельмі шмат людзей. І я так закруціўся-закруціўся, што проста шэсць дзён без адпачынку валанцёрыў, спаў па дзве гадзіны на падлозе. Вельмі моцна была патрэбная дапамога з перакладамі з украінскай на англійскую, польскую, таму я тут застаўся на доўгі час, а потым ужо паехаў у Львоў, — распавядае студэнт.

Вакзал у Пшэмыслі. Фота: Михась Тананка

У Львове Міхась плеў маскіровачную сетку і спрабаваў знайсці сабе яшчэ нейкую працу. Праз шэсць дзён ён зразумеў, што валанцёраў у горадзе дастаткова, і вырашыў вярнуцца ў Пшэмысль.

— Там уся краіна валанцерыць. Я адчуў, што на мяжы мая дапамога нашмат больше патрэбная: тут мала людзей, якія ведаюць некалькі моваў, — тлумачыць свае рашэнне хлопец.

На момант нашай размовы Міхась не быў дома 20 дзён. На вакзале ў Пшэмыслі ён дапамагае людзям знайсці жытло і транспарт. Хлопец валанцёрыць разам са сваімі сябрамі і адзначае, што ў Пшэмыслі шмат іншых беларускіх валанцёраў.

— Я прыехаў да сяброўкі сюды, і потам рэкламаваў у інстаграме, што я тут, пісаў: «Прыязджайце, дапамога патрэбная». І пасля гэтага прыехалі чалавек дзесяць. Я тут ездзіў па межах розных, і таксама сустракаў беларусаў на кожнай мяжы. Усюды дапамагаюць, усюды есць беларусы. У нейкіх момантах іх нават больш, чым украінцаў і іншых, — кажа ен.

Ганна і Антон Шамянковы, VetInfo

Беларуския ветэрынары — лекарка Ганна і правізар Антон — стварылі ў тэлеграме свой канал, у якім кансультавалі беларусаў з хатнімі жывёламі: дапамагалі прачытаць аналізы, давалі парады, выказвалі думку адносна дыягназу жывёлы. З 24 лютага сям'я дапамагае ўсім, хто ўцякае ад вайны са сваімі гадаванцамі, ці мае патрэбу ў дапамозе.

Ганна і Антон. Фота: з асабістага архіву

Ветэрынары тлумачаць, што гадаванцы ўцекачоў адчуваюць моцны стрэс, які прыводзіць да розных паталагічных працэсаў: харчовых алергіяў, запору, адмовы ад корму, прыгнятання нярвовай сістэмы ці, наадварот, падвышанай узбуджальнасці.

— Доктар можа выказаць сваю думку адносна магчымага дыягназу. Мы даем парады, як па магчымасці можна вырашыць праблему самастойна, асабліва ва ўмовах зачыненых ветэрынарных клінік. За час вайны да нас звярнулася чалавек 500, — расказваюць Ганна і Антон.

Яны публікуюць парады пра тое, як дапамагчы жывелам перажыць эвакуацыю і ператрымку, а таксама збіраюць карысныя спасылкі — правілы для заезду гадаванцаў у розныя краіны і адрасы клінік, якія могуць дапамагчы бескаштоўна.

— Мы арганізавалі збор сродкаў для дапамогі ўкраінскім жывелам. Падпісанты сабралі дзве машыны корму, напаўняльнікаў, туалетаў, пераносак і пялюшак, — кажуць дактары.

Цяпер Ганна і Антон прапануюць усім ахвочым атрымаць кансультацыю за ахвяраванне, якое пойдзе на дапамогу ўкраінскім жывёлам.

Паліна Бродзік, Free Belarus Center

Паліна — каардынатарка ініцыятывы Free Belarus Center, якая ва Украіне аказвала гуманітарную падтрымку беларусам, якія былі вымушаныя з'ехаць з краіны. Цяпер FBC дапамагае і ўкраінцам — у першую чаргу з эвакуацыяй.

— За гэты час мы ўжо вывезлі больш за 2000 людзей на аўтобусах. Усе аўтобусы рухаюцца ў кірунку заходніх рэгіенаў Украіны, і далей да польскай мяжы, але яе не перасякаюць, — расказвае Паліна.

Па яе словах, у FBC даўно шукаюць магчымасці эвакуацыі людзей з іншых рэгіёнаў. На наступны дзень пасля нашай гутаркі аўтобус ад ініцыятывы ўпершыню забраў людзей з Запарожжа, куды іх прывозяць з Харкава, Марыупаля, Энергадара і іншых гарадоў. На момант публікацыі гэтага тэкста ініцыятыва вывезла з Запарожжа больш за 100 чалавек.

Апроч эвакуацыі людзей з Украіны, FBC займаецца гуманітарнымі грузамі — іх скіроўваюць у пэўныя тэрабароны ці шпіталі.

Учора прыехала 20 інвалідных вазкоў, якія былі куплены ініцыятывай беларусаў у Германіі, арганізацыяй Razam. Мы дапамагалі іх перанакіраваць: 10 пойдуць у вайсковы шпіталь у Кіеве, і яшчэ 10 у Львоў — у ініцыятыву, якая працуе з людзьмі з інваліднасцю і ветэранамі АТА, — прыводзіць прыклад Паліна.

У ініцыятывы есць гарачая лінія: звязацца з FBC можна па тэлефоне і праз тэлеграм-бот. На дадзены момант ініцыятыва атрымала больш за 400 запытаў, кажа каардынатарка.

Супрацоўнікі Free Belarus Center і пажарныя польскага горада Кенты, якія дапамагалі збіраць гуманітарку. Фото: прадастаўлена Палінай Бродзік

— Цяпер да нас паступіў запыт ад падазроных, якія знаходзяцца ў Лук'янаўскім СІЗА. Яны папрасілі дапамогу з харчаваннеем, таму што да іх даходзіць у апошнюю чаргу, — расказвае Паліна.

Яна ўспамінае адзін з самых складаных запытаў, які паступіў ініцыятыве: трэба было знайсці медыкаменты для анкахворай жанчыны ў Чаркасах. Лекаў на той момант нідзе не было.

— Мы пераспрабавалі ўсе варыянты: абтэлефаноўвалі і анкадыспансэры, тэлефанавалі ў мясцовую абласную адміністрацыю, у Мінздароўя на гарачую лінію. Гэтыя лекі знайшліся ў Кіеўскай вобласці, бліжэй да Чарнігаўскай, што ўжо небяспечная зона. У той момант, калі яны ўжо былі на шляху ў Чаркасы, з намі звязалася дачка хворай жанчыны і сказала, што яны толькі што выйшлі ад лекара, які сказаў, што гэта ўжо безнадзейна. Гэта было вельмі складана эмацыйна, — распавядае Паліна.

Яна адзначае, што на гарачую лінію часта звяртаюцца людзі, якія знаходзяцца ў паніцы і проста маюць патрэбу ў падтрымцы. Для іх есць асобны бот, да якога падлучаны некалькі псіхолагаў.

Наста Базар, Кракаў

Наста— нізавая актывістка. Яна жыла ва Украіне год і тры месяцы, а ў снежні разам з жонкай і дзецьмі пераехала ў Кракаў. У Кіеве Наста адкрыла прастору для імпрэз і ўзаемадапамогі «Беларускі Хаб» і дапамагала беларусам, якія з'ехалі з краіны. Пасля пераезду ў Кракаў актывістка працягнула дапамагаць беларусам у вымушанай эміграцыі, а з пачатку вайны дапамагае і ўкраінцам.

— Розніца толькі ў тым, што ва ўсіх, хто з'язджаў з Беларусі, калі есць жытло, то яно стаіць цэлае. Ва ўсіх, хто цяпер прыязджае з Украіны, найчасцей гэта жытло ўжо разбурана, — кажа яна.

Наста разам з жонкай і сяброўкай займаецца рознай дапамогай. З пачатку вайны яны сустракаюць уцекачоў на мяжы, знаходзяць для іх часовае жытло і дапамагаюць арандаваць кватэры на доўгі тэрмін. Актывістка кажа, што часцей за ўсё праблемы вырашаюцца з дапамогай шматлікіх гарызантальных сувязяў.

— Мая знаемая беларуска з Кіева прыехала сюды і папрасіла даць пераночыць яе сяброўцы-ўкраінцы. Гэтая сяброўка кажа: «Слухай, у мяне есць сяброўка, якая хоча ехаць, але яна баіцца за рулем сама ехаць з Кіева». Я ей падкідаю беларусаў, яны сядаюць разам і едуць з Кіева ў Польшчу, — прыводзіць прыклад Наста.

Фота: Наста Базар

Па яе назіраннях, да валанцерства ў Кракаве актыўна далучаецца беларуская дыяспара.

— Я ведаю, што вельмі шмат маіх знаёмых ездзяць на мяжу, забіраюць людзей да сябе, даюць ім варыянты, куды можна ехаць далей. Вельмі шмат людзей ходзяць на вакзалы валанцёрыць, шмат хто — на пункты адпачынку. Я не ведаю, калі шчыра, ніводнага беларуса ці беларускі, якія б сядзелі тут такія кшталту: «Я працую, мяне гэта не хвалюе», — распавядае актывістка.

Неўзабаве пасля пачатку вайны, кватэра Насты і яе жонкі Дашы ператварылася ў імправізаваны склад. Знаёмыя, якія засяляюць да сябе людзей, прыходзяць да іх за матрацамі і пасцельнай бялізнай.

— Нам пашанцавала: кватэра, якую мы знялі, да гэтага здавалася турыстам, і тут было вельмі шмат пасцельнай бялізны, ручнікоў і гэтак далей. Уласнік кватэры вельмі прыемны паляк, і ён сказаў, што ўсё гэта можна аддаваць. Людзі пачалі нам яшчэ прывозіць пасцельную бялізну, коўдры, падушкі. Не так даўно з Бельска-Бялай нам прывезлі матрацы аднамесныя і кучу дзіцячых — гэта ўсё ў нас ляжыць, — расказвае Наста.

Яна адзначае, што многія людзі гатовыя прыняць уцекачоў у сябе дома, але з часам з'яўляецца патрэба шукаць жытло на доўгі тэрмін. З гэтым Наста і Даша таксама дапамагаюць: шукаюць кватэры і трымаюць сувязь з рыэлтарамі. Але жанчыны хочуць вырашыць пытанне з даўгатэрміновым жытлом для ўцекачоў іншым спосабам.

— Вельмі хацелася б зняць хостэл — мы шукаем цяпер ахвотных у гэтым усім браць удзел і, адпаведна, хостэлы. Другі варыянт — гэта кватэры, але ў кватэрах [можна размясціць] меншую колькасць людзей, — дзеліцца ідэяй Наста.

Актывістка расказвае, што працуе над адкрыццем фемінісцкага цэнтра салідарнасці разам з польскай фемінісцкай арганізацыяй «Аўтаномія».

— Гэта будзе прастора для жанчын, куды можна будзе прыходзіць, папіць гарбату, паразмаўляць. Мы з Дашай запускаем групы ўзаемападтрымкі для жанчын, арт-тэрапію. З каляжанкамі будзем рабіць кінапрагляды, дыскусіі і ўсе, што захочам, каб гэта было бяспечнае месца для жанчын, куды можна прыйсці і атрымаць падтрымку, — кажа Наста.

Разважаючы пра валанцёрскую дапамогу беларусаў, яна кажа: «У нас проста есць досвед. Мы вельмі моцна згуртаваліся яшчэ на гісторыі з ковідам, потым мы згуртаваліся вельмі моцна падчас нашай рэвалюцыі. Нам не трэба думаць, як гэта рабіць, — мы ўжо гэта робім. Таму, мне здаецца, беларусы вельмі ўключыліся».

Наталля, Берлін

24 лютага Наталля прыляцела ў адпачынак у Дубай і ўжо ў таксі даведалася, што Расія напала на Украіну. Яна вырашыла вярнуцца ў Германію раней і праз паўтары тыдні стала валанцёркай на вакзале ў Берліне.

Раздача ежы на вакзале. Фота: Наталля

— Велізарная колькасць людзей прыязджае на цягніках і аўтобусах у Берлін. Яны не размаўляюць на нямецкай і часта не размаўляюць на англійскай. Яны не ведаюць, што рабіць, калі прыязджаюць. Тут і працуюць валанцеры — сустракаюць людзей і дапамагаюць ім разабрацца, што рабіць далей, — апавядае Наталля.

Дзяўчына перакладае на англійскую пытанні ўцекачоў і звязвае іх з іншымі валанцёрамі. Наталля змяніла некалькі заняткаў, напрыклад, рабіла сім-карты для ўцекачоў і раздавала ежу на вакзале. Яна адзначае, што нягледзячы на вялікую колькасць валанцёраў, сярод іх бракуе людзей, якія кажуць на ўкраінскай ці рускай мовах.

— Вельмі шмат валанцёрыць рабят, якія размаўляюць на англійскай, нямецкай, іспанскай, італьянскай — для іх часам нават няма працы. Мая знаёмая беларуска хадзіла [валанцёрыць], і яна мне сказала, што беларусы асабліва карысныя ў параўнанні, напрыклад, з расіянамі, таму што разумеюць польскую і ўкраінскую.

Яна Казюля, Razam

Яна — адна з каардынатарак збору гуманітарнай дапамогі ў арганізацыі беларусаў у Германіі Razam. Напачатку вайны ініцыятыва адкрыла пункт збору гуманітарнай дапамогі. Цяпер ён адзін з самых буйных у Берліне, запэўнівае суразмоўніца.

Гуманітарную дапамогу арганізацыя беларусаў пачала збіраць разам з украінцамі. Як кажа Яна, украінцы адказваюць за транспарт, а беларусы — за арганізацыйную частку. Спачатку гуманітарную дапамогу адпраўлялі толькі ва Украіну і на мяжу, а цяпер яе можна атрымаць і ў Берліне.

Збор гуманітарнай дапамогі ў Razam. Фота: Яна Казюля

— Вельмі шмат уцекачоў прыязджаюць у Берлін з пустымі рукамі, і ім вельмі патрэбна адзенне. На момант, калі востра ўстала гэта пытанне, у Берліне быў адзіны пункт выдачы — на вакзале, і ўсіх людзей абслужыць ніяк не паспявалі. Мы адкрылі адмысловы шоўрум, расклалі адзенне па памерах, паставілі сталы — калі з дзецьмі прыходзяць, дзеці там могуць маляваць, там цацкі для іх ёсць. Кожны дзень у гэтай кропцы выдачы адзення мы раздаем ежу: кожны дзень з 14 да 17 можна атрымаць порцыю гарачэй ежы, — распавядае каардынатарка.

Яна Казюля працуе гідам па Берліне, и цяпер праводзіць бескаштоўныя экскурсіі па горадзе для ўцекачоў.

— Я падумала, што для людзей, якія прыехалі ў незнаёмы горад, тут усе чужое. [Я вырашыла], што было б нядрэннай ідэяй паказаць ім горад. Вельмі аператыўна запаўняюцца ўсе месцы. Гэту ідэю я падгледзела ў сваей калегі з Гамбурга, следам за мной яе падхапілі іншыя мае берлінскія калегі, потым дзяўчына са Стакгольма, — апавядае беларуска.

Яна дадае, што ей у Instagram кожны дзень прыходзіць вялікая колькасць розных пытанняў ад уцекачоў.

— Проста: «Вітаю, я не ведаю зусім, можаце вы дапамагчы ці не, але мы прыехалі ў Германію і не ведаем, як нам тут трэба рэгістравацца» і гэтак далей, — апісвае яна.

Дзяўчына стварыла спіс спасылак, каб адказваць людзям на пытанні пра гуманітарную дапамогу, рэгістрацыю і працаўладкаванне.

— Кожны дзень вось такая гарачая лінія атрымваецца міжвольная, — усміхаецца Яна.