«Там у яе ўсё ёсць, а са мной — зноў праблемы». Як скончылася гісторыя кахання палітвязня «хіміка» Абрамука і маёра МУС
Зоя Сонечных
Перевод
14 февраля 2024, 18:02

«Там у яе ўсё ёсць, а са мной — зноў праблемы». Як скончылася гісторыя кахання палітвязня «хіміка» Абрамука і маёра МУС

Ілюстрацыя: Нікала Нідвара / Медыязона

Пра гісторыю кахання палітвязня Дзмітрыя Абрамука і супрацоўніцы хіміі пісалі ўсе. Але якім быў працяг? Тады закаханыя хавалі многія дэталі: як ім удавалася трымаць у таямніцы стасункі, як падтрымлівалі адно аднаго і як наважыліся — кожны на свае ўцёкі. Таццяна — у Ізраілі, а Дзіма цяпер у Польшчы: прапанова рукі і сэрца ў сіле, але за гэты час час палітвязень паспеў трапіць і выйсці з нарказалежнасці, заяўляў, што вернецца ў Беларусь, нягледзячы на новую крымінальную справу — усё праз разбітае сэрца. Ён распавёў «Медыязоне», як будуе жыццё пасля калоніі, эміграцыі, наркотыкаў і неапраўданых надзей на каханага чалавека.

Мефедрон

Ужываць мефедрон Дзіма пачаў з ліпеня 2023-га, пасля сваркі з Таццянай — маёрам з Віцебскай ВУАТ, з якой у яго 5 месяцаў былі стасункі. Калі «Медыязона» размаўляла з Дзімам у лістападзе 2023-га, ён прызнаў залежнасць. Цяпер кажа, што амаль справіўся — каб канчаткова злезці, «трэба закахацца». Пра тое, што ўжывае, распавёў на працы — не мог больш хаваць нервовасць і асабістую драму. У пякарні, дзе Дзіма працуе пазменна ўжо паўгода, паставіліся з разуменнем.

Праца яму падабаецца, зарплаты хапае, каб здымаць жыллё на дваіх з прыяцелем. Калі ў пякарні даведаліся ягоную гісторыю — хімія за «карагодную» справу ў Берасці і абразу Лукашэнкі, узмацненне жорсткасці рэжыму да калоніі і пастаянны ціск, адпраўка ў ШІЗА — калектыў яго падтрымаў, «пачалі ставіцца з павагай як да беларуса», кажа Дзіма.

З забаваў — паходы на футбольныя матчы варшаўскай «Легіі» і прагулкі. У планах пайсці ў спартзалу, разабрацца з дакументамі і з’ездзіць у Ізраіль «на мора».

— Чакаю перамогі беларускай апазіцыі і кахання, — так ён апісвае настрой. Да гэтага дадае, што яго «бесяць псеўдапамочнікі» (гаворка пра дапамогу палітвязням пасля вызвалення і вымушанай эміграцыі) і «прыхарошванне» гісторый тых, хто быў у зняволенні — «інтэрв’ю, дзе кожнага гнабілі і забівалі».

Дзіма прызнае, што можа гаварыць рэзка, але за прамалінейнасць, паводле яго словаў, яго паважалі ў зняволенні: супрацоўнікі непрыкметна віталіся за руку, іншыя папярэджвалі аб тым, што была каманда «Абрамука валіць», трэція нават ацанілі яго ўцёкі з хіміі: «Красава, што да дзяўчыны збягаў».

Уцёкі

Дзіма і Таццяна ў сваіх штодзённых сазвонах на хіміі жартам абмяркоўвалі яго ўцёкі на спатканне да яе: яна да таго моманту сабралася звольніцца з МУС, яму пагражаў перавод у калонію, а перад гэтым — марафон сутак у ШІЗА праз надуманыя парушэнні.

— Выходжу з ШІЗА, праходзіць 5 дзён, падыходзіць атраднік: «Мачэча сказаў цябе ўябаць». Я закідваю гэта Тані — яна кажа: «Усё, табе пізда».

Да таго моманту Абрамук прабыў у штрафным ізалятары ўжо 30 сутак і схуднеў на 30 кілаграмаў. Палітвязень вырашыў бегчы, каб убачыцца з каханай.

Ён уцёк проста з-пад канвою пасярод горада: міліцыянт яго не дагнаў. Дзіма адправіўся чакаць Таню ў двор, пра які яны дамовіліся загадзя — ёй ён адправіў смс: «На базе».

У таксі Таццяна ўчапілася ў ягоную руку і не магла паверыць у тое, што адбываецца, распавядае палітвязень. Гэта была іх першая сустрэча сам-насам і па-за сценамі папраўчай установы. У той жа дзень, 10 студзеня 2022 года, Таццяна звольнілася.

— Яна захацела звольніцца, калі пазнаёмілася са мной. Ужо было відаць, што дзеецца гамон. Кажу, Таня, як ты тут працуеш, вунь Банцара катаюць, што гэта, бляць? «Але я ж нічога не раблю». Кажу, ты шо, гоніш, ты ж у пагонах, лягавы. Ну і яна: «Я звольнюся, я звольнюся». І яна ў натуры спрабавала звольніцца, яе не адпускалі, яна тройчы пісала заяву на звальненне. 10-га яна паклала на стол сваю ксіву, дамову і яе звольнілі за прагулы, грошай аддала 3 000 даляраў.

З 10 па 13 студзеня Дзіма з Таццянай хаваліся на «канспіратыўнай» кватэры: размаўлялі, гатавалі пюрэ і катлеты, гулялі з дачкой Тані: «Сказаў, што дазволю размаляваць татуіроўкі, калі вярнуся з «камандзіроўкі"».

У гэты час Абрамука ўжо падалі ў вышук — адпрацоўвалі адрасы кантактаў, якім ён тэлефанаваў, разаслалі супрацоўнікаў з арыенціроўкамі на вакзалы, хоць па інструкцыі павінны былі зрабіць гэта толькі праз трое сутак — а да таго часу ён планаваў вярнуцца ў ПУАТ.

Тыя тры дні Дзіма прыслухоўваўся да кожнага шоргату: раптам уварвуцца, а там «бчбшнік і супрацоўніца». Развітваючыся, яны дамовіліся з Таццянай пра план — ажаніцца і паехаць на мора, як ён выйдзе з калоніі або, калі ў Тані пачнуцца праблемы, каб яна з’язджала: «Дзе б ты ні была, я да цябе прыеду».

Каханне

Першае парушэнне, якое Абрамук атрымаў на хіміі, яму выпісала Таццяна. Яна знайшла яго інстаграм і «здала» яго — там былі відэа з хіміі, а відэаздымка ў межах ПУАТ забароненая.

— Я паехаў на суд (па іншай крымінальнай справе), яна папрасіла, каб я не ўцякаў — я вярнуўся. У пачатку жніўня яна паклікала мяне да сябе ў кабінет і са слязамі на вачах сказала, што не можа са мной мець зносіны, пакуль не скажа праўду: «Першае парушэнне вы атрымалі праз мяне». Па ёй было відаць, што перажывае, шкадуе пра гэта.

Іншым разам падказка Таццяны дапамагла Дзіму пазбегнуць пакарання за тое, чаго ён не рабіў.

— Кастрычнік 2022-га. Я быў днявальным, да мяне падышлі: «О, усё, ты сказаў мат, табе рапарт, будуць нейкія сведкі». Думаю, халера з вамі. На наступны дзень пішу, што не згодны з рапартам. Прыбягае Таня: «Чуеш, Абрамук, глядзелі зараз відэа, ты там матам не гаворыш, а яны крыюць. Так што пішы ў сваіх паперках, каб прадставілі да рапарту відэаматэрыял з 9 да 10 вечара ў якасці доказу». Парушэнне мне ў выніку не робяць. Калі б яна не сказала, то я б проста напісаў «не згодны», а гэта нікога не цікавіць.

Банцар дзякуючы яе дакладнай працы выйшаў на месяц раней: калі яму замену рэжыму зрабілі, яму там накасячылі, калі ён у СІЗА адправіўся. Потым ён напісаў апеляцыю, яго адправілі на хімію. Яна пералічыла яго дні, адправіла ў Мінск яго дакументы, ён павінен быў выйсці ў студзені 2022, а выйшаў у снежні 2021.

У лістападзе 2022-га ў ПУАТ прыехалі кадэбэшнікі. Яны ўварваліся да Дзімы ў пакой, забралі тэлефон, абшукалі памяшканне і сказалі: «Табе пізда». Дзіму адпусцілі, тэлефона няма, а Таццяна чакала яго званка.

— Я забраў стары тэлефон, расказаў гэтую сітуацыю — яна ў слёзы, у страх. Увечары мы яшчэ раз стэлефанаваліся і яна плача: «Кахаю цябе, дурань, як ты не можаш гэтага зразумець».

Я выключыў потым відэа, пайшоў папаліць, засталіся на аўдыё. Чую: «Абрамук, ты што, ахуеў?» У сэнсе — ахуеў, кажу. «Дзе прапанова, не будзе ў нас вяселля, ці што?» Я пайшоў у той кут, дзе звычайна з ёй гаварыў, і спытаў: «Ты будзеш маёй жонкай?» Яна адказала: «Буду».

Напярэдадні чарговай адпраўкі ў ШІЗА палітвязень замовіў у ювелірнай майстэрні залаты пярсцёнак — для заручын. Так і сказаў: «Я еду на ШІЗА, няхай дзяўчына забярэ пярсцёнак». Калі ён патэлефанаваў ёй 5 студзеня, выйшаўшы з ШІЗА, Таццяна паказала яму пярсцёнак.

Другі раз ён прапанаваў стаць яго жонкай ужо ў Ізраілі.

Ілюстрацыя: Нікала Нідвара / Медыязона

Ізраіль

— Вы так хутка пасварыліся пасля Ізраіля, праз тыдзень?

— Трэба па перапісцы глядзець, так. Ой, гоніць мне, што ў яе новы чэл, у яе ўсё ёсць, новае жыццё, і «ты пачынай новае».

Лаяцца пара пачала пасля таго, як Дзіма вярнуўся з Ізраіля — Таццяна з’ехала туды з дачкой пасля таго, як звольнілася і яе пачалі выклікаць на «гутаркі» пра Абрамука. У Дзімы ёсць цэлы архіў лістоў адно аднаму і скрынаў паведамленняў — як з пяшчотамі, так і з абразамі.

Таццяна чакала палітвязня больш за год: яна з’ехала ў снежні 2022-га, а ён вызваліўся ў красавіку 2023-га. На першым званку Дзіму пасля вызвалення яна расплакалася, сказала, што не кахае — «заглушыла пачуцці», і папрасіла яе забыць. Яшчэ раз стэлефанаваліся ў траўні: «І ўсё нармальна ўжо, пагутарылі, яна перажывала, што магу яе кінуць».

— Я калі сядаў [у калонію], яна такія паэмы пісала, верыла. Але змянілася. Я ніколі пра сябе нічога не хаваў, што ўжываю траву, што ўжываў наркотыкі, што магу сарвацца. Яна адказвала: «Я цябе так кахаю, мы цябе каханнем сагрэем, не сарвешся». Я сеў. Выйшаў з думкай, што мяне чакаюць, а мяне ніхто не чакае. Ёй, як легаваму, які ўсё жыццё ўсё хаваў, вядома, адчуваецца там свабода. Проста ёй там добра, яна ў спакоі, а я — ну што? Каханне і каханне.

«Добры дзень, Абрамук»

Дзіма ўпэўнены, што калі б не ён, Таццяна дагэтуль працавала б у «мусарні». Ніякіх сумневаў, праўладныя погляды і нават чырвона-зялёны манікюр.

— А вы, Абрамук, як усе — міма праходзілі? — жартавала супрацоўніца з асуджанага.

— У сэнсе, міма? Не. Я хадзіў на пратэсты, у карагодзе не ўдзельнічаў.

Дзіма наракае на палітвязняў, якія адмовіліся ад сваёй пазіцыі, кажа пра іх: «Хто па батон, хто па тэлефон, усе выпадкова праходзілі, адзін я на мітынг».

У адну з першых сустрэч Таццяна зайшла ў яго пакой у чырвона-зялёнай сукенцы: «Добры дзень, Абрамук. Ну як вам?».

— Я кажу: «Таццяна Юр’еўна, калі ласка, ніколі больш не надзявайце яе. Як таварыш, як асуджаны вам кажу». Ёй было ў прыкол, можа, гэта была нейкая жаночая гульня, — трактуе гэты ўчынак Абрамук.

За асуджаным таварышы таксама заўважылі змены ў «гардэробе». З 8 да 17, пакуль «Юр’еўна» на змене, Дзіма быў, як ён кажа, пры гальштуку: у майцы пола, штанах, кросах. А пасля 17 — у расцягнутай майцы і шортах. Пра Таццяну адзначалі, што тая пачала прыходзіць на працу з макіяжам.

Так і віталіся кожны дзень:

— Добры дзень, Абрамук!

— Добры дзень, харошага дня!

Больш за ўсё пагаварыць пары ўдавалася на перакурах. Для гэтага ў іх быў свой сігнал:

— З будынка адміністрацыі ПУАТ супрацоўнікі прыходзілі да нас у курылку, і калі ідзеш, там кафля, і яна спецыяльна тупала абцасам па кафлі, каб я чуў у пакоі — і ішоў паліць і размаўляць.

Размаўлялі пра ўсё: «Яна мне — поўную праўду ад ложка да дробязяў, і я ёй усё пра сябе — поўную праўду, ну, поўную». Потым пачалі стэлефаноўвацца кожны дзень пасля працы.

Яна скардзілася яму, як перажывае: «Як ні прыйду на працу, усе хочуць уз’ябаць Абрамука. Ты прыкінь, як мне — сяджу на нарадзе, там мой каханы чалавек ходзіць па калідоры, а тут начальства вырашае, што трэба табе ўябаць».

Красава

Дзіма ўспамінае, што і на хіміі, і ў ізалятары былі супрацоўнікі, якія яму дапамагалі, некаторыя атраднікі цішком ціснулі руку — «Красава».

На прыёме ў псіхолага, да якога Дзіма з Таняй хадзілі па чарзе (праходзілі тэсты на сумяшчальнасць характараў, а потым параўноўвалі адказы), ён даведаўся, што яму «будуць дадаваць чырвоную бірку». На хіміі пачалі «закручваць гайкі»: вешаць спагнанні праз дробязі. Напрыклад, у Абрамука з дазволу начальніка хіміі на тумбачцы ляжала кніжка пра Бэнксі — «тут яны прыйшлі, сфоткалі і палічылі парушэннем».

Абрамука папярэджвалі: «Ты нікуды не лезеш — робіш, што хочаш».

— Памятаю, спякота, іду, штаны падкасаў — а ў шортах нельга на хіміі. Стаяць начальнік і яго намнеснік: «Ой, а хто там у шортах?» Кажу, дазвольце ўсім хадзіць, немагчыма праз спякоту. Яны крычалі, палохалі, але потым дазволілі да 17 гадзін так хадзіць.

Дзіма здымаў відэа з хіміі, дзе паказваў свае налепкі з «Пагоняй» на тэлефоне, у адказ на «рассылку» ад Васкрасенскага з прапановай папрасіць памілаванне напісаў «Жыве Беларусь!». Пакуль пад канвоем асуджаных вадзілі ў краму ў горад, ён расклейваў БЧБ-налепкі. Калі «пачалі валіць» Ігара Банцара, з якім Дзіма пасябраваў на хіміі, заступаўся за яго, пісаў журналістам для агалоскі.

Калі стала ясна, што з ШІЗА-СІЗА Дзіма ўжо не выберацца і пасля ўсіх сутак паедзе ў калонію праз узмацненне жорсткасці рэжыму, адзін з супрацоўнікаў ізалятара, дзе яго трымалі, выклікаў хуткую, пра што папярэдзіў палітвязня. «Хвароба» дала яму 5 дзён «пабалдзець» і сабрацца для калоніі.

Калі Дзіму пераводзілі з ІЧУ ў СІЗА — з кайданкамі за спінай — ён упаў з лесвіцы і пашкодзіў плячо. Баліць дагэтуль — праз гэта давялося сысці з працы на будоўлі.

Змены

— Дзе я зрабіў што не так — я цяпер сумняваюся. Свае абяцанні ўсе выканаў, а яна памянялася цалкам. Успамінаю нашы размовы: «Таня, я ўжо больш не магу, можа падысці да Эдзіка, высадзіць на каня і паехаць на калонію?» — «Не, ты зможаш усё. У цябе ёсць мы, твае дзяўчаткі».

Пасля кожнага ШІЗА Дзіма рабіў тры званкі: спачатку маме, потым бабулі, затым абавязкова Таццяне — менавіта ў такой чарговасці, каб «бабуля і мама не абрывалі тэлефон», пакуль ён гадзінамі размаўляў з каханай.

Больш за ўсё ён тады перажываў, што калі ў іх нешта не атрымаецца, «яна да канца жыцця будзе шкадаваць, што сышла з працы праз яго».

На яго трывогі яна адказвала: «Мы за ручку пойдзем і ўсё вырашым. Ты выходзіш, потым мы едзем на мора, потым пачынаеш наш цярністы побыт».

У ШІЗА Таццяна пісала Дзіму лісты, якія не даходзілі, бо перапіска там забароненая. Яна не магла гэтага не ведаць, як супрацоўнік установы, але стрымаць сябе не магла і пісала ад выдуманага імені. Пасля чарговых сутак у ШІЗА пара стэлефанавалася: Дзіма казаў, як уяўляў сабе іх паездку на мора з дачкой, гэтыя мары яго вельмі падтрымлівалі ў ізалятары. Таццяна спытала, ці аддавалі яму лісты, і настаяла, каб ён хутчэй прачытаў адзін з іх. Гэта быў ліст ад яе — пра тое, як яны сям’ёй «пасля ўсяго» паедуць на мора.

— Таня, якая была ў куце са мной на відэа (гэта быў «спецыяльны» кут для размоў па відэа, каб можна было бачыць, ці не ідзе хто), дапамагала, верыла ў мару і мне дала гэтую надзею, памянялася за год. Усе перажывалі, што гэта я буду сядзець, выйду кончаным і азлобленым, а выйшла наадварот.

— Мне здаецца, калі б яна не з’явілася, не было б таго Абрамука, пра якога ўсе чыталі. Маўляў, пакутаваў за бчб, за ідэю. Я б, напэўна, падзабіў хуй, заябала б, і ўцёк у Літву, як планаваў.

«Медыязона» знайшла кантакт Таццяны і напісала ёй, але яна не адказала на паведамленні.

Цяпер пара амаль не камунікуе: Дзіма паказвае некаторыя лісты, дзе Таццяна прапануе «цаніць моманты на хіміі, дзе абое былі патрэбныя адно аднаму», а таксама просіць яе не турбаваць, запэўніваючы, што не кахае яго. Дзіма ўпэўнены, што кахае, прыкмячае, што Таня посціць у цік-току яго ўлюбёныя песні і працягвае адказваць на лісты, нягледзячы на тое, што яны ўвесь час лаюцца. Ён лічыць, што яна баіцца цяжкасцяў: праз новую крымінальную справу ў Беларусі легалізавацца ў Ізраілі ён не можа, а значыць, пераехаць і ажаніцца таксама. «Там у яе ўсё ёсць, выплаты, жыллё, а са мной — зноў праблемы. Бляць, як гэта ўсё ўспамінаеш, так назад прысесці хочацца. Як было ўсё ахуенна».