«Я старалася ўлезці ўсюды, дзе можна». У 2020 годзе лекарка Дар'я Чэхава збегла з Беларусі, а ўлетку яе чакаюць на працу ў Нью‑Ёрку
Полина Хрушч
Перевод
15 декабря 2023, 19:32

«Я старалася ўлезці ўсюды, дзе можна». У 2020 годзе лекарка Дар'я Чэхава збегла з Беларусі, а ўлетку яе чакаюць на працу ў Нью‑Ёрку

Дар'я Чэхава. Фота: з асабістага архіва

Тэрапеўтка Дар'я Чэхава, вядомая ў твітары пад нікам «Плоткіна», у 2020 годзе сумленна пісала пра ковід, калі адміністрацыя лякарні прасіла «казаць пра добрае». У першыя дні пасля прэзідэнцкіх выбараў таго года лекарка дапамагала пратэстоўцам, сустракала параненых у прыёмным аддзяленні і расказвала пра гэта ў сацсетках. Дар'ю двойчы выклікалі ў міліцыю — супрацоўнікі прачыталі яе твітар і паабяцалі «перадаць інфармацыю ў СК». Дзяўчына экстрана з'ехала з Беларусі. Праз тры гады лекарка пацвердзіла дыплом у ЗША — вось яе гісторыя.

— Цябе выхоўвалі так, што трэба змагацца за людзей, за іх здароўе, за жыццё. Ты думаеш, што гэта галоўнае, хочаш быць прыстойным грамадзянінам сваёй краіны, — кажа Дар'я. — Я ўсё жыццё шмат вучылася, каб быць карысным членам грамадства, якасна рабіць сваю працу.

І ў нейкі момант гэта ўсё стала непатрэбным. Для мяне гэта быў момант здрады, ці што. Ты не патрэбная краіне, у якой ты нарадзілася і пражыла усё сваё жыццё. Было цяжка зразумець, што табе больш няма куды вяртацца, няма куды азірацца. З іншага боку, ты працягваеш ісці наперад.

Дар'я пазбавілася дома і любімай працы, калі ёй было 25. Замест таго, каб раніцай спяшацца ў прыёмнік 10-й бальніцы ў Мінску, тэрапеўтка шукала працу ў Рызе. Было нялёгка — для офісных вакансій лекарка была «занадта кваліфікаванай» спецыялісткай, а без ліцэнзіі лякарні прапаноўвалі толькі месца санітаркі.

Прайшло тры гады. Тэрапеўтка пацвердзіла дыплом у ЗША і паступіла ў рэзідэнтуру — яе перад пачаткам самастойнай медычнай практыкі праходзяць усе дактары. У ліпені Дар'ю чакаюць у Нью-Йорку.

«Я старалася ўлезці ўсюды, дзе можна». Стажыроўкі ў ЗША

Беларуска не раз была ў ЗША — прыязджала стажыравацца ў штаты Пенсільванія і Нью-Ёрк. Знайсці стажыроўку ў Амерыцы няпроста — трэба шмат заплаціць спецыяльным сэрвісам, каб прыехаць і нечаму навучыцца. Дар'я выбрала іншы спосаб — знайшла праз знаёмых лекараў, якія паклікалі яе папрактыкавацца.

Першая стажыроўка ў Пенсільваніі праходзіла ў бальніцы, дзе аказваюць паліятыўную дапамогу. Другі раз Дар'я была ў буйным шпіталі і прайшла адразу некалькі стажыровак: з рэаніматолагамі, нефролагамі і кардыёлагамі.

— Я старалася ўлезці ўсюды, дзе можна. Хадзіла, глядзела, слухала — гэта было класна. Калі быў вольны час, я з медбратам тусавалася ў прыёмным аддзяленні. Таксама было цікава — ён мяне навучаў, паказваў, як усё працуе. Класны дзядзька.

Пад шэфствам рэзідэнтаў Дар'я аглядала пацыентаў і размаўляла з імі. Адной з задач была прэзентацыя пацыентаў — аповяд аб тым, як яны патрапілі ў лякарню і на што скардзяцца. У канцы трэба было паставіць свой дыягназ, абгрунтаваць яго і прызначыць лячэнне. За паспяховыя прэзентацыі аўтарытэтны кардыёлаг назваў Дар'ю «суперзоркай».

— У мяне ў прынцыпе добра атрымлівалася, за кошт гэтага, напэўна, у яго склалася такое ўражанне пра мяне. Было вельмі прыемна, гэта праўда.

Больш адпачынку і камунікацыі з пацыентамі. Адрозненні беларускай і амерыканскай медыцыны

У ЗША няма профільных аддзяленняў, як, напрыклад, «кардыялогія» альбо «гастраэнтэралогія». Пацыенты знаходзяцца ў агульных аддзяленнях і лечаць іх лекары-шпіталісты — такую спецыялізацыю пасля рэзідэнтуры атрымае і Дар'я. Вузкія спецыялісты могуць дапамагаць з лячэннем, калі ў шпіталіста ўзнікаюць цяжкасці.

У рэанімацыі пацыента назірае каманда дактароў розных спецыяльнасцей, і кожны павінен даць справаздачу аб яго стане са свайго боку. «Якасць дапамогі ў гэтым выпадку вышэйшая. Пацыента можна раней выпісаць з рэанімацыі, перавесці ў звычайнае аддзяленне. Да гэтага мы заўсёды імкнемся», — распавядае яна. У Беларусі пацыента ў рэанімацыі глядзіць толькі яго лечачы доктар, які пры неабходнасці кансультуецца з калегамі.

Амерыканскія лекары бяруць тыдзень адпачынку пасля аднаго-двух працоўных тыдняў, а іх беларускія калегі чакаюць водпуску.

У Штатах у дактароў больш магчымасцяў у плане апаратаў і абсталявання. «Кідаецца ў вочы, што там усё ёсць», — кажа Дар'я.

Дар'я Чэхава. Фота: з асабістага архіва

У ЗША лекары прытрымліваюцца волі пацыента, калі той вырашыў, што яго не трэба інтубаваць і рэанімаваць. Яшчэ ёсць паняцце «проксі» — гэта чалавек, які прымае рашэнне, калі пацыент не можа прыняць яго самастойна.

Ёсць і негатыўныя бакі: паводле назіранняў Дар'і, амерыканскія дактары камунікуюць з пацыентамі і іх сваякамі больш, чым беларускія медыкі. Гэта бывае вельмі цяжка псіхалагічна. Эмацыйна цяжка падпарадкоўвацца патрабаванню не рэанімаваць пацыента ці адключыць яго ад апарата, тлумачыць Дар'я.

— Зразумела, што пацыент першапачаткова сам прыняў гэтае рашэнне, але ўсё роўна ты як доктар адчуваеш вось гэты груз адказнасці.

Доктар заўважае перавагі беларускай медыцыны перад амерыканскай: большая даступнасць для пацыентаў і меншая колькасць судовых іскаў (скаргі, як правіла, да суда не даводзяць). А яшчэ лекарам у Беларусі прасцей атрымаць паслядыпломную адукацыю і стаць вузкім спецыялістам.

У ЗША, як і ў Беларусі, не хапае дактароў. У Штатах ёсць дзве спецыяльнасці, блізкія да лекарскай: асістэнт лекара і nurse practitioner (медсястра, якая атрымала дадатковую адукацыю — МЗ). Яны менш вучацца і менш плацяць за вучобу, але могуць рабіць тое ж, што і лекар — нават прызначаць лячэнне. Пры гэтым адказнасць за іх нясе доктар.

— Людзям нявыгадна паступаць цяпер на доктара — гэта дорага і займае шмат часу. Робіш тое ж, што асістэнт лекара, але яшчэ за ўсімі сочыш, правяраеш прызначэнні і гэтак далей У лекараў-мігрантаў ёсць магчымасць патрапіць на рынак, таму што дактароў, якіх выпускаюць амерыканцы, недастаткова.

Праграма рэзідэнтуры па ўнутранай медыцыне, куды паступіла Дар'я, доўжыцца тры гады. Першы год праходзіць пад наглядам больш старэйшых дактароў, з другога года паўнамоцтваў і самастойнасці становіцца больш.

У першы год заробак рэзідэнта — 67 000 даляраў у год, потым ён павялічваецца. Пасля заканчэння рэзідэнтуры заробак таксама падрастае: залежыць ад спецыяльнасці і месца працы.

Трэба перапраграмаваць мозг. Як здаць самы складаны экзамен у свеце

Доўгі шлях падрыхтоўкі да амерыканскай рэзідэнтуры пачаўся ў сакавіку 2021-га, праз паўгода пасля ад'езду з Беларусі. Першапачаткова Дар'я хацела пацвердзіць дыплом у Латвіі, але вывучэнне латышскага да С1 заняло б гады. Лекар вырашыла здаваць амерыканскі іспыт USMLE — адзін з самых складаных у свеце.

USMLE складаецца з трох этапаў. Для пацверджання дыплома патрэбны два этапы, а трэці можна здаць ужо ў рэзідэнтуры. Дар'я здала ўсе тры: да першага рыхтавалася год, да другога — некалькі месяцаў, а да трэцяга — чатыры дні.

Лекар кажа, што за гэты час «па сутнасці атрымала другую адукацыю» — настолькі адрозніваюцца сістэмы навучання. Дысцыпліны тыя ж, але вывучаюцца яны зусім на іншым узроўні.

— Пайшло шмат часу на тое, каб перапраграмаваць мозг на гэты іспыт. У патане трэба ведаць назвы генаў, за што яны адказваюць, як працуюць, ведаць у драбнюткіх падрабязнасцях працэсы, якія адбываюцца ў клетках, з назвамі ўсіх гэтых складаных рэчываў. Мы настолькі падрабязна гэта не вывучалі ва ўніверсітэце.

Каб адказваць на пытанні іспыту, трэба думаць адразу на некалькіх узроўнях, я б так сказала. На першым этапе іспыту могуць быць такія пытанні. Даюць клінічную сітуацыю і пытаюцца: які механізм дзеяння прэпарата, які падышоў бы тут лепш за ўсё? Трэба за хвіліну паставіць дыягназ, якая бактэрыя выклікала, дапусцім, інфекцыйнае захворванне, якія ў яе ўласцівасці, які антыбіётык лепш падыходзіць і які ў яго механізм дзеяння.

Дар'я Чэхава. Фота: з асабістага архіва

У нас у ВНУ таксама дастаткова добра вучаць, тут проста іншы падыход. У амерыканцаў ёсць зусім новыя моманты накшталт этыкі. Мы гэта не вывучаем, а ў іх ёсць цэлыя задачы: трэба прыняць правільнае рашэнне, абраць правільную рэпліку, каб пацыенту адказаць.

Другі этап іспыту складаецца з задач па ўнутраных хваробах, хірургіі, педыятрыі, акушэрстве і гінекалогіі, статыстыцы і этыцы. У іх трэба прызначыць лячэнне і вызначыць прагноз пацыента. Асаблівую ўвагу надаюць скрынінгавым даследаванням: важна ведаць, у якім узросце і на што трэба правярацца з пункту гледжання прафілактыкі захворванняў.

Трэці этап іспыту доўжыцца два дні. Яго заданні нагадваюць першыя два этапы, але ёсць і змадэляваныя сітуацыі — да лекара прыходзіць пацыент з пэўнымі скаргамі, а доктар павінен у рэжыме рэальнага часу вырашыць, што з ім рабіць.

Іспыт трэба здаць без пераздач — яны лічацца «чырвоным сцягам» у заяўцы на рэзідэнтуру. Пасля паспяховай здачы USMLE і Occupational English Test, з неабходнымі дакументамі ад Міністэрства аховы здароўя роднай краіны доктар атрымлівае сертыфікат адукацыйнай камісіі па справах выпускнікоў замежных медыцынскіх ВНУ (ECMFG).

— У мяне былі прыгоды вясёлыя з сертыфікатам, працэс яго атрымання заняў месяцы. Спачатку [у Міністэрстве аховы здароўя Беларусі] не хацелі аддаваць дакументы, потым далі не вельмі добрую характарыстыку. Я хацела падацца на рэзідэнтуру яшчэ ў мінулым годзе, але з-за складанасцяў з бюракратыяй страціла час.

Працэс нечым нагадвае Tinder. Паступленне ў рэзідэнтуру

Тэрапеўтка жартуе, што працэс паступлення ў рэзідэнтуру чымсьці нагадвае аплікацыю для знаёмстваў Tinder. Галоўнае — мэтч, але ўсё ўладкавана значна складаней.

Усё адбываецца на спецыяльным сайце. Лекар складае заяўку, усярэдзіне яе — рэзюмэ, сертыфікат, рэкамендацыі лекараў (лепш, калі гэта амерыканцы) і матывацыйны ліст.

Дар'я кажа, што скласці яго дапамаглі фанфікі па Гары Потэру, якія яна пісала ў школе. Пачынаецца матывацыйны ліст таксама са школьнай гісторыі.

— Я першапачаткова наогул не хацела быць у медыцыне. Аднойчы ў школе я засталася адна пасля заняткаў. Прыйшла прыбіральшчыца, у яе быў парэз на пальцы, і я дапамагла яго забінтаваць. Яна мяне пахваліла і сказала, што мне трэба быць доктарам. Мне было 12 гадоў, і пасля гэтага я вырашыла: а чаму б і не?

Пасля складання заяўкі лекар выбірае праграму рэзідэнтуры, улічваючы свае пажаданні і патрабаванні да кандыдатаў. Сярод патрабаванняў можа быць, напрыклад, навуковая дзейнасць і клінічны досвед у ЗША.

Заяўкі падаюцца цэнтралізавана, у канцы верасня праграмы атрымліваюць доступ да ўсіх заяваў і пачынаюць іх разглядаць. Упадабаных кандыдатаў запрашаюць на інтэрв'ю. Пасля некалькіх інтэрв'ю кожны лекар складае свой рэйтынг праграм рэзідэнтуры, а кожная праграма — рэйтынг кандыдатаў. Гэты працэс доўжыцца да match day у сакавіку, калі апліканты даведаюцца, ці выбрала іх упадабаная праграма.

Дар'ю запрасілі на інтэрв'ю раней, яшчэ ў сярэдзіне кастрычніка. Пачалася размова з нечаканага пытання.

— Лекар, які мяне інтэрв'юяваў, сказаў: «Я чытаю ліст рэкамендацыйны. Тут доктар піша, што вы вымушаныя былі з'ехаць з-за палітыкі, бралі актыўны ўдзел у палітычным жыцці». Ён папрасіў расказаць крыху пра тое, чаму мне прыйшлося з'ехаць.

У першую секунду я крыху разгубілася — многія казалі, што мала хто ўзнімае такія пытанні на інтэрв'ю. Лічыцца, што гэта далікатная тэма для гутаркі.

Пастаралася хутка і зразумела расказаць пра тое, што адбывалася. <…> У канцы завярнула, што гэтая сітуацыя зрабіла мяне мацнейшым, больш сталым чалавекам. І зараз я сяджу тут з вамі, таму ўсё добра, хэпі энд.

Я нават падзякавала лекару за тое, што ён мяне пра гэта спытаў. Гэта быў маркер таго, што я хацела б з такімі людзьмі працаваць далей.

Пасля інтэрв'ю Дар'я атрымала запрашэнне на праграму і прыняла яго. Яна прайшла ў рэзідэнтуру загадзя, не чакаючы сакавіка — гэта называецца pre-match. Лекарка тлумачыць, што так адбываецца з праграмамі, якія набіраюць каманду рэзідэнтаў загадзя.

— Я ўжо адчуваю сябе значна больш свабоднай, таму што ёсць прамежкавы пункт, да якога ты прыйшоў. Сам шлях моцна ціснуў псіхалагічна. Ідзеш і не ведаеш, атрымаецца ў цябе ці не, а назад ісці няма куды.

«Усё праз сябе прапускаеш». Валанцёрства ў цэнтры дапамогі ўкраінцам

Падчас падрыхтоўкі да чарговага этапу іспыту Дар'я валанцёрыла ў цэнтры дапамогі ўкраінскім уцекачам у Рызе. Лекарка дапамагала ўкраінцам з афармленнем дакументаў і старалася падтрымліваць псіхалагічна. Бывала цяжка, прызнаецца яна.

— Была сям'я — бабуля, мама і дзве ўнучкі. Я ў бабулі спытала адрас ва Ўкраіне, і яна кажа: «Запішыце мой адрас, але дома гэтага ўжо няма, яго разбурылі». Ты пазначаеш месца, якога ўжо не існуе. Наступнае пытанне пра сямейнае становішча. Я пытаю, замужам ці яна. У яе такая разгубленасць. Кажа: «Я як бы замужам, але ў мяне мужа ракета забіла. Мы яго ў двары пахавалі. Я не ведаю, дакументаў няма ніякіх. Напэўна, пазначайце, што я ўдава, яго ж ужо няма ў жывых».

Былі людзі, якія паказвалі фота сваіх згарэлых шматпавярховак — «гэта быў мой дом». Адна жанчына з сынам уратавалася, але ў іх кот згарэў. Мяне таксама вельмі зачапіла, як гэта сумна і цяжка.

Людзі з Марыупаля нават не маглі запаўняць толкам дакументы, таму што проста ў шоку знаходзіліся. Я старалася дапамагчы, чым магла, падбадзёрваць, неяк супакойваць. Вядома, усё праз сябе прапускаеш. Памятаю, думала, што буду хутчэй рыхтавацца да іспыту, але гэтага не адбылося, бо я проста прыходзіла з валанцёрства і было складана ўключыцца неяк у працоўны працэс.

«Твае праблемы — поўнае глупства». Як трымацца ў цяжкія моманты

Дар'ю падтрымлівалі сябры і сям'я, матываваць сябе дапамагалі маленькія мэты, а іх дасягненне рухала наперад.

Лекарка распавядае, што ў цяжкіх сітуацыях дагэтуль узгадвае беларускія пратэсты. Усведамленне таго, што перажылі і працягваюць перажываць людзі, дапамагае па-іншаму паглядзець на рэчы, кажа Дар'я.

— Да мяне ў прыёмнае аддзяленне прыйшла маладая пара з ковідам. Падхапілі, знаходзячыся ў камеры. Яны з усмешкай абсалютна бесклапотна расказвалі пра тое, як ім зрабілі «масаж дубінкамі». Пры гэтым у іх былі сінякі па ўсім целе, асабліва ў хлопца. Вельмі запомніўся хірург, які не мог лінейкай гэтыя сінякі вымераць, бо яе не хапала па памеры. Трэба было браць, мусіць, рулетку, каб замяраць усё гэта.

Людзі пры гэтым усё яшчэ працягвалі ўсміхацца і аптымістычна глядзець на рэчы. Я памятаю гэтых хлопцаў, яны мне неяк у душу запалі. <…> Пачынаеш думаць, што твае праблемы — поўнае глупства. Ты на волі, ты здаровы чалавек, усё абсалютна другаснае.

«Хочацца імкнуцца да чагосьці далёкага». Вяртанне ў Беларусь

Дар'я ўжо не бачыць сябе доктарам у Беларусі. У будучыні, пасля дэмакратычных змен у краіне, яна хацела б прыехаць паглядзець на месцы, з якімі звязаны дзіцячыя ўспаміны. «Жадання вяртацца на пастаяннае месца жыхарства ў мяне няма», — кажа яна.

— Я старалася не думаць пра свой ад'езд, таму што гэта выклікала непрыемныя асацыяцыі. Імкнешся адгарадзіцца ад гэтых думак, але ў той жа час адгароджваешся ад усяго, што цябе звязвала з гэтай краінай. Гэты працэс адбываецца незалежна ад мяне.

Стаяць іншыя мэты, іншыя задачы. Ты сябе ўжо бачыш чальцом іншага грамадства ў іншай краіне. Цяпер мне хочацца імкнуцца да чагосьці далёкага, адкрываю для сябе ўвесь свет.