«У нашай сустрэчы было вельмі шмат любові». Беларусы ў эміграцыі распавялі, як убачыліся з мамамі пасля доўгай разлукі
Александра Шакова
Перевод
27 октября 2023, 19:03

«У нашай сустрэчы было вельмі шмат любові». Беларусы ў эміграцыі распавялі, як убачыліся з мамамі пасля доўгай разлукі

Ілюстрацыя: Барыс Хмельны / Медыязона

Беларусы, якія не могуць вярнуцца дадому і жыць там, цяжка перажываюць разлуку з блізкімі. Сустракацца складана: візы атрымаць цяжка, стаяць на мяжы доўга, туры ў Еўропу ці квіткі ў Грузію — дорага. Чацвёра беларусаў распавялі «Медыязоне», як сустрэліся з мамамі, якіх доўга не бачылі з-за вымушанай эміграцыі.

З бацькам не размаўлялі год. Мікіта

У 2020 годзе Мікіту з-за пратэстаў адлічылі з пятага курса медыцынскага ўніверсітэта. З-за гэтай сітуацыі перад ад'ездам з Беларусі Мікіта пасварыўся з бацькам — той не паехаў яго праводзіць. Яны не размаўлялі год.

Мікіта з'ехаў у Маскву, а адтуль паляцеў у Славакію, дзе працягнуў вучыцца па «калямедыцынскай» спецыяльнасці.

— З боку бацькоў я тады разумення не сустрэў: яны казалі, што расстроеныя з-за мяне, што ўсе мае аднакурснікі стануць лекарамі, а я цяпер дурань без адукацыі і незразумела, чым буду займацца, — згадвае ён.

Пасля пераезду ў Еўропу адносіны з мамай у Мікіты сталі наладжвацца: яна цікавілася як справы, прапанавала дапамогу. Бацька ведаў пра справы Мікіты толькі са слоў жонкі.

Першая сустрэча сям'і адбылася ў Літве — і толькі ў жніўні 2022 года. Пасля сустрэчы пра крыўды ўсе забыліся.

— Мы правялі тыдзень на Балтыйскім моры. Расставацца было цяжка і сумна, таму што хацелася дадому. Пачынае з'яўляцца адчуванне, што не так усё і дрэнна ў краіне, узнікае адчуванне бяспекі. Але бацькі працвярэжвалі сваімі аповедамі пра тое, што адбываецца ў Беларусі.

Убачыўшыся з бацькамі, Мікіта пачаў задумвацца, што ім варта было б з'ехаць з Беларусі. Ён баіцца за іх бяспеку і за тое, што ў нейкі момант межы проста закрыюцца ці ў краіне забароняць атрымліваць візы ў Еўропу.

— Я кажу ім часта, што перспектыў у Беларусі асабліва ніякіх, што хутка новыя выбары і будзе яшчэ горш, што мною могуць зацікавіцца і пачаць прыходзіць да іх, што мае сябры некаторыя адбываюць тэрміны. Але ў адказ толькі — а кім мы там будзем, а як жа мова, і гэтак далей. Увогуле — чакаем у мора надвор'я.

Час, які можна правесці разам, бяжыць вельмі хутка. Алена

Алена з'ехала з Беларусі ў Грузію ў 2021 годзе. Улетку 2022 года да яе ў госці ўпершыню прыляцела сястра. Нядаўна ў іх зноў атрымалася сустрэцца. Першы раз сястра ляцела з Мінска на самалёце, а цяпер давялося ехаць на аўтобусе.

«У Беларусі сталі проста нерэальна дарагімі квіткі на самалет. Таму яна ехала праз Расію тры дні на аўтобусе. Са сваімі ўражаннямі, канечне. Як яна кажа — нейкі проста вялікі вар’яцкі дом, а не краіна. І гэтыя літары Z, і вайсковая тэхніка. Хапіла ўражанняў».

Маці Алены хварэе, таму не можа прыехаць у госці да дачкі. З гэтай прычыны яе сястра не пераязджае з Беларусі — маці патрэбна дапамога і клопат.

Рэдкія сустрэчы з сястрой — вялікая эмацыйная разгрузка для Алены: «Я так рада, калі яна прыязджае! Мы абдымаемся, гутарым пра ўсё, што адбываецца, што адбылося вось за два гады маёй эміграцыі. Нейкія ўспаміны, сумесныя прыколы, пра тое, што было, пра планы на жыццё. Шмат гуляем, ходзім па розных месцах».

«Развітвацца вельмі цяжка, я загадзя пра гэта думаю. Час, які можна правесці разам, бяжыць вельмі хутка. Невядома, калі наступным разам пабачымся. Ёсць страхі, што яна не зможа больш прыехаць, што межы Беларусі закрыюць канчаткова, што ў сілавікоў узнікнуць прэтэнзіі і за ёй прыйдуць».

Ілюстрацыя: Барыс Хмельны / Медыязона

Стала зразумела, што мама не маладзее. Каця

Каця з'ехала з Беларусі ў 2021 годзе. Нядаўна яна змагла сустрэцца з мамай пасля больш за два гады разлукі.

«Візу для мамы было зрабіць цяжка. Мы ўвесь час шукалі магчымасці, але былі прычыны і сямейныя, і фінансавыя. Не толькі тое, што немагчыма запісацца».

Улетку 2023 года сям'я купіла аўтобусны тур у адну з краін Еўропы — дабірацца туды, каб сустрэцца з мамай, прыйшлося і самой Каці. Па словах дзяўчыны, яе маці за два гады адчувальна змянілася.

«Калі ты асабіста не бачыш чалавека столькі часу, не можаш яго абняць, дакрануцца да яго, бачыш толькі па відэасувязі, то потым разумееш — так, мама не маладзее. Так, яна пастарэла. Мне заўсёды здавалася, што мы з ёй аднаго росту — ну, можа я на пару сантыметраў вышэй. А вось мы ўбачыліся, і я разумею — мама стала ніжэй за мяне. Такая маленькая, але такая ж актыўная, вясёлая і жывая».

Разам маці і дачка пабылі толькі паўтара дня. Паўтара дня Каця з мамай гулялі па горадзе, і размаўлялі «наогул пра ўсё».

«Мне здаецца, мы ўвогуле не гутарылі пра тое, колькі мы не бачыліся. Проста абмяркоўвалі горад, ежу, людзей, мінулае. Напэўна, гэта такая штука ў эміграцыі, ты пачынаеш настальгаваць, успамінаць, як у дзяцінстве збіраў сена ці карміў курэй, ці нешта яшчэ. Успаміналі моманты з майго дзяцінства: смешныя, сумныя. Атрымалася цалкам адключыцца, здавалася, што ў свеце існуем толькі мы ўдваіх».

Акрамя маці Каці ў аўтобусе было яшчэ некалькі чалавек, якія спецыяльна куплялі тур, каб сустрэцца з блізкімі.

«Там быў дзядуля гадоў 70, ён расказваў, што сустрэўся з унукам у Польшчы — яны заязджалі на экскурсію ў адзін горад. І ў іх было літаральна некалькі гадзін на сустрэчу. Яны таксама не бачыліся некалькі гадоў, і вось дзядуля сказаў, што апошні раз убачыў унука».

Калі Каця развітвалася з мамай, да іх падышла незнаёмая жанчына з аўтобуса. Яна папрасіла дазволу абняць Кацю і сказала: «Можа, я свайго таксама калі-небудзь убачу». Верагодна, яна казала пра свайго сына.

«Гэта, канечне, вельмі эмацыйна. Людзі купляюць такія дарагія туры — прыкладна 400 еўра — каб проста пабачыцца са сваімі роднымі. Нам пашанцавала, бо маці атрымала шматразовую візу».

Расставацца было сумна. Каця кажа, што нават не думала плакаць да таго моманту, пакуль яе не абняла тая жанчына з аўтобуса. Пры гэтым у дзяўчыны з'явілася лёгкасць: удалося ўбачыць маму, і яна была ў парадку.

«У нас з маці у дзяцінстве былі складаныя адносіны. Яны палепшыліся пасля таго, як я паступіла ва ўніверсітэт і з'ехала з роднага горада. Пасля майго ад'езду з Беларусі мы сталі яшчэ бліжэй».

Абвастрылася патрэба адна ў адной. Марго

Марго з'ехала з Беларусі ў 2021 годзе. Спачатку ў Грузію, а пазней у Літву. Некалькі месяцаў таму яна сустрэлася з мамай — той удалося зрабіць візу і прыехаць да дачкі ў Вільню.

«Наша сустрэча была вельмі эмацыйнай, у ёй было вельмі шмат любові. Я рада была ўбачыць яе пасля такога доўгага расстання».

Як і ў Каці, адносіны Марго з мамай пасля эміграцыі сталі больш блізкімі.

«Раней у нас не было такой блізкай сувязі, а цяпер у нас з ёй як быццам абвастрылася патрэба адна ў адной, і ўсе пачуцці сталі ярчэй».

Марго правяла з мамай каля тыдня. Спачатку яны былі ў Вільні, там маці дзяўчыны ўдзельнічала ў кірмашы рамеснікаў са сваімі працамі з эпаксіднай смалы. Такое хобі ў яе з'явілася пасля ад'езду дачкі. Астатнія некалькі дзён яны правялі на моры — у Паланзе і Клайпедзе.

«Яна параўноўвала кошты на прадукты, параўноўвала менталітэт. Першае, што яна сказала — як спакойна яна сябе адчула, як стала менш трывогі, страху перад паліцыяй, якія людзі гасцінныя, усмешлівыя. Крэм свой Nivea купіла, таму што ў Беларусі не прадаюцца».

«Плакалі мы, вядома, абедзве. Стаялі доўга, абдымаліся — з надзеяй на тое, што хутка зможам сустрэцца зноў. Так, страшна, што межы могуць закрыць, і разам з тым ёсць упэўненасць, што зараз у нас будзе магчымасць бачыцца, калі не зараз, то праз месяц, праз пару месяцаў ці нават гадоў. З'явілася вера ў тое, што ўсё гэта магчыма. І гэта вельмі вялікае шчасце, таму што пасля такой сустрэчы ўжо ўвогуле не так страшна».