«Да канца змены разумееш, што падобны да зомбі». Пагаварылі з беларускімі медыкамі пра перагрузкі, заробкі і праверкі пракуратуры
Александра Шакова
Перевод
12 января 2023, 14:29

«Да канца змены разумееш, што падобны да зомбі». Пагаварылі з беларускімі медыкамі пра перагрузкі, заробкі і праверкі пракуратуры

Ілюстрацыя: Аліса Ястрабава / Медыязона

На 12 студзеня ў рэспубліканскім банку вакансій можна знайсці 4613 запытаў на «лекара-спецыяліста». Праз недахоп кадраў дактарам даводзіцца браць у два разы больш пацыентаў, а пасля начных дзяжурстваў раніцай выходзіць на працу. «Медыязона» паразмаўляла з медыкамі пра іх перагрузкі, заробкі і нежаданне выпускнікоў ісці ў медыцыну.

На аднаго педыятра — 2500 дзяцей

37-гадовая Яна працавала педыятрам у Магілёве. Гэтае месца ёй удалося знайсці з цяжкасцю, бо на папярэдняй працы ёй склалі «сумнеўную» характарыстыку — напісалі, што яна знаходзілася ў незалежным прафсаюзе і актыўна вядзе сацсеткі. Некалькі месяцаў таму яе звольнілі, Яна выехала з Беларусі і займаецца ўладкаваннем жыцця ў новай краіне, пакуль не працуе.

За паліклінікай, дзе працавала Яна, была замацавана 20 участкаў, а абслугоўвала іх 11 лекараў. Усім, паводле слоў Яны, даводзілася працаваць больш за стаўку, зарабіць тады ўдавалася 1200-1300 рублёў. «Больш за стаўку», тлумачыць Яна, гэта пяць рабочых дзён па восем гадзін у паліклініцы і адна ноч у прыёмным аддзяленні стацыянара на тыдзень.

— Я працавала ў розных месцах, і дэфіцыт кадраў быў усюды. Ніхто звычайна не працуе на адну стаўку — па-першае, гэта маленькая зарплата. Па-другое, нават калі ты захочаш працаваць на адну стаўку, цябе ўсё роўна будуць нагружаць, таму што больш працаваць няма каму.

Лекарка тлумачыць: паводле нарматыву, за педыятрам, які працуе на стаўку, замацавана каля 800 дзяцей. На справе за лекарам замацавана 1200-1250 дзяцей. Калі доктар працуе на дзве стаўкі, ён бярэ яшчэ столькі ж пацыентаў. Так, кажа Яна, працуе большасць лекараў.

— Калі лекар сыходзіць у адпачынак, іншыя лекары бяруць яго нагрузку. І вось у цябе свае тры тысячы дзяцей і трэба ўзяць ягоныя тры тысячы. І даплочваць за гэта будуць толькі палову ад стаўкі.

Лекараў у паліклініках не хапае, таму тыя, хто працуе, перагружаныя. Па стандарце на прыём пацыента даецца 12-15 хвілін. Але рэгістратура, як расказвае Яна, запісвае пацыентаў з інтэрвалам у пяць хвілін. Каб прыняць усіх, лекар павінен затрымацца, сысці ён не можа.

Пасля прыёму ў паліклініцы — выклікі на дом. Паводле нормы, як кажа Яна, лекар павінен абысці восем пацыентаў за чатыры гадзіны. Але даводзіцца наведаць каля дваццаці, а аплачваюцца толькі першыя восем выклікаў. Адмовіцца лекар не можа — гэта выкліча скандал. Калі з дзіцем на ўчастку здарылася нешта сур’ёзнае, а лекар не прыйшоў на выклік, супраць яго могуць распачаць крымінальную справу.

— А палове дзявятай вечара ідзеш да кагосьці дадому, забіўшы на сваіх дзяцей і справы, і высвятляецца, што ў дзіцяці ўначы была тэмпература 37,5, а цяпер горла баліць. Такое вельмі раздражняе.

Лекараў правярае пракуратура

Акрамя лячэння, доктар абавязаны весці дакументацыю. Асобнага часу на гэта не прадугледжана, а справаздачнасці становіцца ўсё больш.

— Калі раней нас правярала толькі санэпідслужба, то цяпер яшчэ і пракуратура — пераглядаюць карты. Вось, здаецца, у каго шмат вольнага часу, — расказвае Яна.

Паводле слоў доктаркі, калі па палітычных прычынах звальняюць чарговага лекара, найбольшую праблему гэта стварае для загадчыка аддзялення. Яму трэба пераразмеркаваць пацыентаў і яшчэ больш нагрузіць рэшту калегаў.

Дактары, якіх звольнілі або якія звольніліся, нярэдка а’язджаюць у Польшчу, Чэхію, Чарнагорыю і іншыя краіны.

— Лекар знойдзе працу, калі трэба. Паўгода-год спатрэбіцца, каб пацвердзіць дыплом і вывучыць мову. Лекары з’язджалі і раней, але не так масава. Пасля 2020 года ж увесь час чуваць — гэты з’ехаў, і гэты, і гэты, — кажа лекарка.

Яна ацэньвае, што спецыялістаў і да хвалі эміграцыі было няшмат: у горадзе на 200 тысяч насельніцтва можа быць 70 лекараў, уключаючы паліклінікі і бальніцы.

— Калі за два гады 20 з іх з’язджае — гэта становіцца праблемай, — дадае педыятр.

«Да канца змены разумееш, што падобны да зомбі»

34-гадовая Алена працуе на хуткай у райцэнтры ў Магілёўскай вобласці. Паводле яе слоў, сітуацыя з кадрамі на хуткай лепшая, чым у паліклініках і бальніцах — за кошт студэнтаў і маладых спецыялістаў. З недахопам людзей сутыкаюцца толькі ў сезон прастудных захворванняў, калі лекары таксама масава захворваюць.

Алена пацвярджае, што для «больш-менш прыстойнай» зарплаты трэба працаваць на паўтары-дзве стаўкі. Пры працы на адну стаўку зарплата выходзіць каля 750-800 рублёў.

Графік Алены — суткі праз трое, у месяц выходзіць прыкладна 150 працоўных гадзін. Узімку, калі трэба падмяняць калегаў, можа даходзіць і да 220 гадзін.

— Працуючы ў такім тэмпе, да канца змены разумееш, што ўжо падобны на зомбі. Графік такі, што перапынак робіш у сярэдзіне змены, паабедаць. Потым вячэрняя перазменка з вячэрай і душам, і гадзін да трох ночы, як правіла, выклікі адзін за адным, — расказвае Алена.

Нягледзячы на графік і начныя змены, Алена не хацела б перайсці ў паліклініку: мяркуе, што праз недахоп лекараў там ёсць блытаніна і нашмат меншы заробак.

Калі працуеш без дзяжурстваў, атрымліваеш 600 рублёў

Андрэй — былы фельчар-лабарант адной з бальніц у Магілёве. Прапрацаваў тры з паловай гады і сышоў з медыцыны праз высокія нагрузкі.

Аддзяленне, у якім працаваў Андрэй, павінна функцыянаваць 24 гадзіны ў суткі, каб пацыенты з рэанімацыі (або ў іншых экстраных выпадках) маглі тэрмінова атрымаць аналізы. У графік уваходзілі начныя дзяжурствы, але праз недахоп спецыялістаў пасля працоўнай ночы фельчар вымушаны быў выходзіць адразу ў дзённую змену, без «адсыпнога».

Праца пачыналася ў 8 раніцы і па графіку была да 16:00. Андрэй заставаўся да раніцы наступнага дня дзяжурыць, а ў 8:00 зноў «заступаў» у дзень. Такіх змен выходзіла пяць у месяц.

Заробак пры такім распарадку ў Андрэя быў блізу тысячы рублёў. Калі атрымаецца адмовіцца ад дзяжурстваў (што, паводле яго слоў, зрабіць амаль немагчыма праз ціск кіраўніцтва), то аплата ўпадзе да 600-700 рублёў. У рэспубліканскім банку вакансій фельчарам-лабарантам прапануюць ад 550 да 950 рублёў за стаўку.

Неспакойны прафсаюз

Яшчэ адной прычынай, праз што звольніўся Андрэй, стала «актыўнасць» прафсаюза: штомесячны ўнёсак блізу пяці рублёў, па дзесяць рублёў у фонд Чырвонага крыжа «эпізадычна» і сорак рублёў раз на паўгода на падпіску на дзяржгазеты.

— У 2020 годзе гэта дайшло да кропкі кіпення, і людзі пачалі масава выходзіць з прафсаюза. Нас выклікалі да кіраўніцтва «на размову», дзе мы спрабавалі растлумачыць, што гэта эканамічна немэтазгодна. Што мне даваў прафсаюз? Сертыфікат ў краму «Перекресток» на пяць рублёў час ад часу, і ўсё. Тыя ж пяць рублёў у мяне кожны месяц адымалі з заробку. У выніку сказалі, што мы «сваёй палітыкай каламуцім ваду» і ў нас няма сацыяльных арыенціраў.

Праз грамадзянскую пазіцыю фельчара выклікалі да галоўнага ўрача і распытвалі, чаму ён удзельнічаў у забароненай ініцыятыве. Андрэй быў у ініцыятыўнай групе Віктара Бабарыкі і збіраў подпісы за вылучэнне кандыдата.

— Я тлумачыў, што нічога забароненага, наогул усё паводле Канстытуцыі. Але тады выклікалі ўсіх, хто быў заўважаны на мітынгах або пісаў у сацсетках. Некаторых звальнялі, звычайна «паводле згоды бакоў».

Невысокія заробкі, нагрузкі і ціск з боку кіраўніцтва прымушаюць многіх цяпер звальняцца, лічыць Андрэй. Ён скончыў медкаледж у 2018 годзе, і, паводле яго слоў, толькі траціна ад яго выпуску засталася ў медыцыне.

«Каб зарабіць хоць нешта, трэба жыць на працы»

Леаніду 36 гадоў, ён працаваў рэнтгенолагам у адной з бальніц у Гродзенскай вобласці. Улетку 2022 года ён звольніўся і з’ехаў з Беларусі, цяпер працягвае медыцынскую дзейнасць у іншай краіне.

Лекар кажа, што недахоп спецыялістаў па яго профілі адчуваўся даўно. У аддзяленні працавала 11-12 чалавек, калі патрэбныя былі 20 спецыялістаў. Усе лекары працавалі больш, чым на адну стаўку, каб атрымаць зарплату пабольш. Леанід называе сістэму аплаты «спецыфічнай», таму стаўка аплачваецца ў 1000 рублёў, а калі ўзяць яшчэ палову нагрузкі зверху, то даплата будзе ўсяго 350 рублёў.

Працоўны дзень рэнтгенолага паводле нарматываў доўжыцца шэсць гадзін, у адрозненне ад іншых спецыялістаў. Такая перавага, лічыць Леанід, дае больш часу, каб узяць дадатковую нагрузку.

— Сістэма даўно так пабудаваная: каб зарабіць хоць нешта, трэба жыць на працы.

У беларускай медыцыне, на думку Леаніда, больш за ўсё не хапае спецыялістаў вузкага профілю, напрыклад неўролагаў, эндакрынолагаў, алерголагаў. Ён лічыць, што беларускія медыцынскія ВНУ рыхтуюць добрых спецыялістаў і яны потым шукаюць лепшыя ўмовы для працы. Сярод знаёмых Леаніда яшчэ да 2020 года з Беларусі ў Германію з’ехалі не менш за 15 медыкаў.

«Адпрацаваў 360 гадзін за месяц»

27-гадовы Сяргей працуе ўрачом-анестэзіёлагам у адной з бальніц Гродзенскай вобласці. Ён расказвае, што лекары працуюць звышурочна, бо «працаваць няма каму». Увосень у Сяргея быў месяц, калі ён адпрацаваў больш за 360 гадзін. Стаўка — 180 гадзін у месяц. Лекар заставаўся на дзяжурствах даўжэй за суткі, сканчаў змену ў адным аддзяленні і пераходзіў на наступную ў іншае.

Сяргей не звязвае недахоп лекараў толькі з міграцыяй і рэпрэсіямі пасля 2020 года. Ён упэўнены, так было даўно, але пасля 2020 года з’ява стала прыкметней. Пры гэтым звальненні ва ўстановах аховы здароўя, кажа лекар, амаль спыніліся па любых прычынах, акрамя палітычных.

— Тыя, хто толькі заканчвае ўніверсітэт, ужо не хочуць працаваць. Усе ведаюць, што давядзецца шмат працаваць і зусім не за вялікія грошы, — лічыць Сяргей.

Сяргей расказаў пра яшчэ адну праблему, з якой сутыкаюцца медыкі, асабліва ў рэгіёнах. Гэта, паводле яго слоў, дрэнная аснашчанасць: не хапае дарагога абсталявання, накшталт апаратаў КТ і простых рэчаў, накшталт рэактываў.

— Улічваючы маю спецыяльнасць, я пакутую ад гэтага менш. Усё ж аддзяленне рэанімацыі — экстранае і мае перавагу перад іншымі. Калі мне трэба тэрмінова выканаць КТ — гэта выконваецца. Калі мне патрэбная кансультацыя лекара любой спецыяльнасці, я магу запрасіць яго ў найбліжэйшы час без праблем. Але я дакладна ведаю, што ў абласных гарадах можа не быць рэактываў для выканання нейкіх аналізаў.