Даведкі, прышчэпкі і 24 гадзіны на мяжы. Як беларусы вязуць гадаванцаў у Польшчу
Михаил Полозняков
Перевод
13 декабря 2022, 16:17

Даведкі, прышчэпкі і 24 гадзіны на мяжы. Як беларусы вязуць гадаванцаў у Польшчу

Ілюстрацыя: Аня Леонава / Медыязона

Пасля пратэстаў 2020 года адным з галоўных кірункаў для беларускіх эмігрантаў стала Польшча. З «мінулага» жыцця рэлаканты бяруць з сабой хатніх гадаванцаў. «Медыязона» даведалася, якія дакументы патрэбныя для пераезду, як жывёлы пераносяць дарогу і ці лёгка было знайсці прыдатную кватэру.

Кот Морці

Дзве прышчэпкі, пашпарт і 150 рублёў

Мінчанка Марыя з хлопцам пераехалі ў Польшчу ў лістападзе 2022-га года. З сабой хлопцы ўзялі ката Морці, які жыве з імі ўжо сем гадоў. Была магчымасць пакінуць яго з роднымі, але Морці — «член сям’і».

Падрыхтоўку да вывазу жывёлы трэба пачынаць не пазней, чым за месяц — гэта звязана з 21-дзённым карантынам пасля прышчэпак. «Нельга вырашыць, што ты паедзеш з катом у Польшчу і на заўтра з’ехаць. Так не атрымаецца», — кажа дзяўчына.

Паводле слоў Марыі, два дні ёй «давялося пабегаць». У першы дзень — чыпаванне і пашпарт у ветклініцы раёна, дзе прапісаная гаспадыня.

Чыпаванне прайшло хутка і бязбольна. У пашпарт кату ўнеслі дадзеныя на рускай мове і лацінкай — парода, самец ён ці самка, дзень нараджэння, імя і афарбоўка. Марыя раіць упісаць у пашпарт некалькі чалавек — на выпадак, калі нехта іншы будзе выязджаць з жывёлай.

Наступны этап — вакцынацыя, прайсці яго ў той жа дзень нельга. Для вакцынацыі можна звярнуцца ў любую ветклініку ці нават замовіць ветэрынара на дом. Акрамя неабходнай прышчэпкі ад шаленства, Марыі параілі зрабіць і супрацьвірусную.

За некалькі дзён да паездкі яна аформіла для ката ветсертыфікат ЕС (даведка пра здароўе). Ён дзейнічае ўсяго 5 дзён, таму праз чэргі на мяжы лепш атрымліваць яго за дзень-два да выезду. У самім сертыфікаце неабходна будзе пазначыць маршрут паездкі.

Марыя ацаніла выдаткі на падрыхтоўку ката да пераезду ў 150 рублёў без пераноскі.

«Я калі пачула, што нам трэба прайсці, я падумала: "Божа мой, ката вывезці складаней, чым сябе". Але ў выніку, калі ўсё хутка, нармальна, нічога складанага», — упэўненая Марыя.

36 гадзін у дарозе і пагладжванні ад памежнікаў

Марыя і Морці выязджалі ў Польшчу праз Варшаўскі мост. На мяжы яны правялі каля сутак.

«Мы ехалі 36 гадзін на машыне, 24 гадзіны стаялі на мяжы. А ён кот хатні, пераноску не надта паважае», — кажа дзяўчына.

Нягледзячы на складаную дарогу, усё прайшло добра. Першыя 40 хвілін Морці нерваваўся, але потым яго выпусцілі і ён гуляў па машыне і глядзеў у акно. На мяжы спаў. Памежнікі на ката адрэагавалі ветліва.

«Усе яго ціскалі, гладзілі. Морці спакойны. Ён любіць увагу, таму ўсім дазваляў сябе чапаць. Гэта моцна разрдажала абстаноўку. І ў цэлым, калі ў машыне едзе коцік, і ты стаіш суткі на мяжы, гэта стварае нейкую ўтульнасць», — кажа Марыя.

Нягледзячы на тое, што Морці стварылі «люкс» ўмовы — латок і міскі з ежай-вадой, кот «стрэсануў», не еў, не піў і амаль не хадзіў у туалет. Аднак яму спадабалася сядзець у кардоннай скрынцы і глядзець у акно.

Тым, хто мяркуе, што будзе вяртацца са сваім гадаванцам у Беларусь, Марыя раіць задэклараваць яго. Дэкларацыю можна запоўніць загадзя, гэта хутка.

«На мяжы нам сказалі, што могуць узнікнуць пытанні, калі будзем яго ўвозіць назад: трэба будзе даказваць, што гэта кот не на продаж, напрыклад. Хоць у яго чып беларускі, пашпарт беларускі. Чаму трэба дэклараваць? Незразумела», — здзіўляецца гаспадыня ката.

«Пралабіравалі» ката гаспадарам кватэры

Марыя з хлопцам знайшлі жыллё за тры дні. У аб’яве было сказана, што з жывёламі нельга, але яны вырашылі прыехаць і паспрабаваць «пралабіраваць» ката. Угаворвалі гаспадароў без добрага ведання польскай мовы.

«У канцы размовы мы спыталі, ці не будзе праблемай, што ў нас ёсць маленькі, вельмі выхаваны коцік. Яны пасмяяліся і сказалі: "Ну, калі выхаваны, то добра"».

У дамове на арэнду жылля Марыя прапісала, што калі Морці нешта сапсуе, то яны гэта кампенсуюць.

Паводле падлікаў Марыі, траціна аб’яваў па найме жылля змяшчае пункт «без жывёл». Але дзяўчына ўпэўнена, што дамовіцца можна. Больш за тое, можна сустрэць аб’явы, дзе напісана, што жывёлы вітаюцца.

Ілюстрацыя: Аня Леонава / Медыязона

Хамяк Джулі і яе сябры

У Юліі ўжо быў досвед у перавозцы жывёл — да пандэміі яе эрдэльтэр’ер Чак удзельнічаў у выставах. Сабака прышчэплены, дакументы гатовыя. Яшчэ ёсць котка Сасіска, якой упершыню давялося перажыць прышчэпкі і чыпаванне. Іх з сабакам упісалі ў адзін сертыфікат. А для джунгарскага хамяка Джулі ўсе дакументы трэба было рабіць асобна.

У ветстанцыі Юлію папярэдзілі, што хамяка «нават браць не трэба» — гэта нестандартная хатняя жывёла, і на яе ўвоз неабходны адмысловы дазвол.

Складанасць заключаецца ў тым, што калі чалавек не знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, то фактычна яго атрымаць нельга, бо ветслужба прымае дакументы і высылае дазволы толькі па пошце і толькі на польскі адрас. Юлія перадала канверт у Польшчу з сяброўкай, а зваротны ліст прасіла забраць сябра. Такі варыянт не падышоў, і Юлі давялося звязацца з ветслужбай яшчэ раз і дамагчыся, каб ёй выдалі электронны дазвол для хамяка «ў выглядзе выключэння». Яна яго раздрукавала і аддала на мяжы разам з усім пакетам дакументаў.

Польская памежная служба старанна праверыла дакументы на гадаванцаў, а саміх звяроў нават не даставалі з машыны.

Усе паводзілі сябе спакойна: хамяка не было відаць і чуваць, котцы далі заспакаяльны сродак, а «сабака перажываў толькі калі котка мяўкала».

Юлія лічыла, што знайсці жыллё будзе складана, але выбрала кватэру за два дні. Гаспадарам пісала на польскай «з памылкамі» і адразу папярэджвала, што яна з Беларусі і ўдакладняла, ці дапускаецца пражыванне з жывёламі.

У Польшчы котка Сасіска ўжо атрымала ветпашпарт — яны запісаліся на прыём, і пасля агляду атрымалі еўрапейскі дакумент. На пытанне, ці будзе яна рабіць пашпарт для хамяка, Юлія адказала, што не ўпэўненая, ці пражыве хамяк так доўга.

«Выбачайце за шчырасць. Але нам нават ветурач, калі рабіла сертыфікат сказала: "Вы сапраўды ўпэўненыя, што ён у вас 2021 года нараджэння? У мяне на памяці няма хамякоў, якія так доўга жылі"».

Сабака Айві

Для перавозкі стафардшырскага бультэр’ера Айві Мікіту спатрэбіўся міжнародны ветпашпарт і даведка пра здароўе (сертыфікат ЕС), якая робіцца за некалькі дзён да выезду. Ён запаўняў яе на польскай і на англійскай мове. У ёй ён указаў не толькі канкрэтны горад, куды едзе, але і гарады, якія будуць праязджаць па шляху.

Пашпарт на сабаку Мікіта атрымліваў у Мінску, прышчэпкі зрабіў там жа. Перад ад’ездам ён спыніўся ў бацькоў у Салігорску і хацеў там у ветклініцы зрабіць даведку ЕС, але яму спачатку адмовілі, адказаўшы, што такую даведку нельга асобна рабіць у іншым горадзе. Пасля званку ў абласную ветклініку даведку пагадзіліся выдаць.

На вываз сабакі мінчук выдаткаваў блізу 100 рублёў.

На транзітнай зоне сабака папрасіўся ў туалет

Мяжу бультэр’ер праходзіла «цяжкавата», давялося стаяць у заторы больш за восем гадзін. «Нават для чалавека гэта ўжо досыць няпроста», — упэўнены гаспадар бультэр’ера.

На транзітнай зоне паміж Беларуссю і Польшчай на Варшаўскім мосце сабака папрасіўся ў туалет.

«Нам давялося выйсці з машыны пасярод моста і папрасіць нашых беларускіх памежнікаў дазвол адысці да "ялінкі" — зялёнай зоны — каб сабака ў прыбіральню схадзіў». Памежнікі дазволілі, толькі папрасілі зрабіць гэта «там, дзе камер няма».

У дарозе Айві альбо драмала, альбо ляжала, як сказаў Мікіта, «у рэжыме гібернацыі».

Знайсці жыллё для Мікіты таксама не стала вялікай праблемай, хоць яны і сутыкнуліся з адмовамі. Паводле яго слоў, ён часта бачыў у аб’явах абмежаванне «без жывёл». Мікіта падказаў, што на рашэнне гаспадароў можна паўплываць, трохі павялічыўшы заклад за кватэру.