Палітыкі — свінні, актывісты — пацукі, сэрца падобнае да дупы. Што можна даведацца пра свет з карыкатур «Мінскай праўды»
Михаил Полозняков
Перевод
28 ноября 2022, 17:25

Палітыкі — свінні, актывісты — пацукі, сэрца падобнае да дупы. Што можна даведацца пра свет з карыкатур «Мінскай праўды»

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

За апошнія два гады газета «Мінская праўда», якую Мінскі аблвыканкам выпускае два разы на тыдзень накладам больш за 27 000 асобнікаў, апублікавала як мінімум 400 карыкатур мастака Антона Астроўскага. На яго малюнках кіраўнікі дзяржаў і нобелеўскія лаўрэаты ператвараюцца ў апарышаў і сабак, спаражняюцца, мочацца, гуляюць з БДСМ-аксэсуарамі і нюхаюць какаін. Дадайце сюды мізагініі, гамафобіі і этнічных забабонаў, нездарова яркіх фарбаў, штампаў часоў халоднай вайны — і вы складзяце ўяўленне аб тым, што атрымліваюць беларускія пенсіянеры ў дадатак да месяцовага календара агародніка і рубрыкі «Анекдоты», дзеля якіх, хутчэй за ўсё, і купляюць «Мінскую праўду». «Медыязона» з асцярогай зазірае ў самы цёмны кут дзяржаўнай прапаганды.

Выбары і пратэсты

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Аляксандр Лукашэнка намякаў, што яго апанентамі кіруюць «лялькаводы» з Масквы. Тады Антон Астроўскі маляваў расійскага арла з галовамі Валерыя Цапкалы і Віктара Бабарыкі. Арол распасціраў крылы над 33 асілкамі з «ПВК Вагнера», а з-за крамлёўскай вежы вызіраў Максім Кац.

Карыкатура: Антон Астроўскі / асабісты акаўнт «ВКонтакте»

Але ўжо ў жніўні Пуцін павіншаваў Лукашэнку з перавыбраннем і паабяцаў адправіць у Беларусь сваіх сілавікоў, каб дапамагчы ў барацьбе з «экстрэмісцкімі элементамі». Прапаганда хутка забылася пра «крамлёўскіх лялькаводаў». Сёння беларусы-пратэстоўцы на карыкатурах Астроўскага ператварыліся ў лабараторных пацукоў, важак якіх, мяркуючы з зорна-паласатай антэны на галаве, атрымлівае сігналы з ЗША.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Іншы часта паўтаральны прыём мастака «Мінскай праўды»: пратэстоўцы хочуць бачыць Беларусь еўрапейскай краінай, талерантная Еўропа адвярнулася ад «традыцыйных каштоўнасцяў», такім чынам, усе, хто супраць Лукашэнкі — за ЛГБТ.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Велізарную ролю ў падзеях 2020 года гралі жанчыны. На вуліцы выходзілі дзяўчаты ў бчб-вопратцы, публічнымі асобамі апазіцыі былі Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава. Фірмовы жэст апошняй стаў адным з сімвалаў пратэсту — вялікія і ўказальныя пальцы абедзвюх рук, злучаныя ў форме сэрцайка. Карыкатурыст адрэагаваў серыяй жанчынаненавісніцкіх пошласцяў: бчб падобны да «нечага інтымнага», сэрца — да дупы, а адзінае, для чаго пасуюць актывісткі — збіраць клубніцы ў Польшчы.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Астроўскі наогул ахвотна выкарыстоўвае грубы сэксуалізаваны гумар — напрыклад, апазіцыянер, які заклікае да санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, прыпадабняецца рабу ў БДСМ-гульні, які моліць гаспадара аб пакаранні.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Рэпрэсіі

Услед за пратэстамі 2020 года наступіла рэакцыя. Самая яркая прыкмета новага часу — «пакаянныя відэа» з затрыманымі, на якіх аператыўнікі ГУБАЗіКа прымушаюць прасіць прабачэння перад камерай. «Мінская праўда» лічыць практыку публічных прыніжэнняў годнай падставай для жарту — высмейвае актывіста, які раскайваецца недастаткова шчыра.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Яшчэ адна мішэнь для дасціпнасці Антона Астроўскага — палітвязні. Асуджаны на 14 гадоў калоніі Віктар Бабарыка працуе ў ВК-1 Наваполацка апальшчыкам.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Сяргея Ціханоўскага, які атрымаў 18 гадоў узмоцненага рэжыму, мастак намаляваў са «сталёвымі яйкамі».

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Эміграцыя

Іншае наступства разгрому пратэстаў 2020-га — масавая эміграцыя беларусаў. Да пачатку поўнамаштабнай вайны самым зручным варыянтам для тых, каму трэба было тэрмінова з’ехаць, уяўлялася Украіна. Карыкатурыст «Мінскай праўды» адлюстраваў яе краінай жабракоў, прастытутак і калек, дзе нават на памежных слупах напісана 404 — памылка.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Пры гэтым рэлакацыя высокакваліфікаваных прафесіяналаў — напрыклад, IT-спецыялістаў — на руку злоснаму дзядзьку Сэму, упэўнены Астроўскі.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

У студзені 2022 года адзін з самых папулярных незалежных журналістаў Расіі Юрый Дудзь зняў пра беларускіх палітэмігрантаў фільм «Как жить, если лишают родины». Ён набраў больш за 10 млн праглядаў на YouTube. «Мінская праўда» аператыўна адрэагавала.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Пры гэтым у Антона Астроўскага няма ілюзій наконт пачуццяў, якія ўнушае палітэмігранту думка аб вяртанні на радзіму. Ён намаляваў, як Раман Пратасевіч забіўся ў кут і дрыжыць ад жаху.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Ціханоўская

Калі гаворка заходзіць пра апазіцыйных палітыкаў, «Мінская праўда» смела адкідвае апошнія табу і прыстойнасць — напрыклад, на гэтым малюнку Астроўскі адлюстраваў іх у выглядзе парсючкоў, якія прысмакталіся да амерыканскай свінаматкі.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Рэдкае спалучэнне гнюснага намёку на асабістае жыццё з гамафобнымі абагульненнямі: да месца і не да месца паўтараць, што талерантная Еўропа стала другім Садомам — любімы прыём расійскай прапаганды, і беларуская стараецца ад яе не адставаць.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Калі апазіцыя пераможа, Беларусь стане адсталай калоніяй — зусім як умоўная Азія, якой яна паказаная ў «Белым сонцы пустыні».

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

«Уплывовая дама і яе доўгія рукі»: відавочна, Антон Астроўскі хоча сказаць, што Ціханоўская нічога не робіць, ды і не можа.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Захад

У Савецкім Саюзе найважнейшай задачай друку было даходліва тлумачыць працоўным «міжнародную абстаноўку». «Мінская праўда» спаўна пераймае гэтую традыцыю. Кітай і Індыя выганяюць Еўропу з чаргі па нафту, і наогул санкцыі балюча б’юць па самім Захадзе. На наступнай карыкатуры гэта думка атрымлівае крыху збянтэжлівае развіццё.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

«Самапендзель». Што?! Так!

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Цэны на энерганосьбіты растуць, а ў прыцемках, што апусціліся на захад, блукае злая Грэта Тунберг — яшчэ адзін аб’ект невытлумачальнай (і, здаецца, шчырай) нянавісці Антона Астроўскага.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Мігранты, чый зборны вобраз аб’яднаў у сабе, здаецца, усе ксенафобныя клішэ, нясуць у Еўрасаюз дары данайцаў — кантрабандныя беларускія цыгарэты.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Тым часам на Захадзе лютуе ліберальная цэнзура: у твітары забанілі Дональда Трампа — гэта вам не Беларусь, дзе Раман Пратасевіч пасля вяртання нават пад хатнім арыштам завёў сабе новы акаўнт.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Карыкатура Антона Астроўскага на Марка Цукерберга выйшла ў дзень глабальнага збою ў працы Facebook. Подпіс абвяшчаў: «Марк, вярні людзям фэйсбук! Грэчка, макароны і туалетная папера ў іх ужо ёсць!»

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Затое тут усё проста: TikTok — гэта кручок, на які нейкія цёмныя сілы ловяць дурнаватага карыстальніка.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

І зноў пра ліберальную цэнзуру: дзядзька Сэм трымае на ланцугу Цукерберга і Ілана Маска.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Захад ніколі не прыме Украіну і Грузію як роўных: ад першай патрабуюць перамагчы карупцыю, ад другой — паважаць правы ЛГБТ-людзей. Ні тое, ні другое немагчыма «ніколі», упэўненая «Мінская праўда».

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Тут тэмай для вясёлага жарту становяцца якраз рэгулярныя напады на прайды і ЛГБТ-актывістаў у Грузіі.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў выглядзе сабакі на павадку ў дзядзькі Сэма.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Украіна

У пачатку сакавіка расійскае Мінабароны сцвярджала, што на тэрыторыі Украіны пры падтрымцы ЗША распрацоўвалі «біяагенты, здольныя паражаць асобныя этнічныя групы». Пераносчыкамі гэтых штучна створаных узбуджальнікаў павінны былі стаць пералётныя птушкі. На такім фоне фантазія Антона Астроўскага не здаецца буйнай.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Папярэджанні аб маючым адбыцца расійскім ўварванні — гэта цыганская варажба або дэлірыйнае трызненне, выкліканае, што дзіўна, расійскай жа гарэлкай.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Уладзімір Зяленскі з паплечнікамі выказваюць крайнюю непавагу да «дамоўленасцяў» з Расіяй. Усе яны марыянеткі дзядзькі Сэма.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Расійская прапаганда яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны абвясціла прэзідэнта Украіны «наркаманам» (не пытайцеся, чаму — але, здаецца, Уладзімір Пуцін у гэта сапраўды верыць). «Мінская праўда» падхапіла гэтую тэму ў калег і развівае яе, не абмяжоўваючы сябе ў сродках выразнасці.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Так, на думку Астроўскага, украінскія вайскоўцы матывуюць навабранцаў.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда збіраецца з’есці Уладзіміра Зяленскага, як самка багамола — самца пасля спарвання. Будзем лічыць, што гэта намёк на імперскія амбіцыі Польшчы.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Культура

Справа налева: аўтар «Архіпелага ГУЛАГ» Аляксандр Салжаніцын, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч, старшыня асветніцкага таварыства беларускай мовы Алег Трусаў і філолаг Вінцук Вячорка. Гэтыя лічынкі, адкладзеныя хітрай амерыканскай мухай, грызуць адзіна правільную афіцыйную версію беларускай гісторыі.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Дарэчы, пра Нобелеўскую прэмію: ведаеце, за што яе даюць? «За здраду і калабарацыянізм», тлумачыць «Мінская праўда», відавочна незадаволеная прысуджэннем гэтай узнагароды ў 2022 годзе Алесю Бяляцкаму і яго калегам з расійскага «Мэмарыялу» і ўкраінскага «Цэнтра грамадзянскіх свабод».

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Медыя

«Мінская праўда» выкрывае заходнія СМІ: карэспандэнт CNN звыкла хлусіць, выдаючы п’янага вясковага вартаўніка за ахоўніка ў страшным ГУЛАГу.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Блогер Антон Матолька ў выглядзе смерці з касой на могілках незалежных беларускіх медыяў: на надмагіллях бачныя лагатыпы абвешчаных «экстрэмісцкімі» выданняў.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Высмейваючы недзяржаўныя беларускія медыя, Антон Астроўскі наогул падазрона часта звяртаецца да могілкавай тэматыкі: тут заснавальнік TUT.BY Юрый Зісер, які не дажыў да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, сароміць з магілы сваіх супрацоўнікаў, якія падтрымалі пратэсты.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Беларусь

У кастрычніку Саўмін забараніў беларускім крамам раздзяляць курыцу: цяпер прадаваць можна альбо спакаваныя паўфабрыкаты, альбо цэлыя тушкі. «Расчлянілі дохлую курыцу, упіхнулі ў поліэтыленавы пакет — новы тавар!» — абураўся Лукашэнка. «Мінская праўда» тут жа знайшла апраўданне гэтай дзіўнай забароне.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»

Наогул, рэальная Беларусь (унізе) зусім не падобная да той карціны, якую малююць недзяржаўныя медыя і апазіцыянеры (уверсе), пераконвае чытача карыкатурыст. Дыпціх называецца «Дрэнны добры бацька» — гэта адсылка да карціны самадзейнага расійскага жывапісца Уладзіміра Сотава «Дрэнны добры чалавек», у крадзяжы якой улады абвінавацілі паплечнікаў апазіцыянера Аляксея Навальнага.

Карыкатура: Антон Астроўскі / асабісты акаўнт «ВКонтакте»

На варце пастаралі, дзе трактары аруць, буслы ляцяць, а дзеці водзяць карагод, стаіць добры волат, які пагражае мячом адразу ўсім сваім суседзям — Украіне, Польшчы, Літве і Латвіі. Так уладкаваны свет па версіі мастака «Мінскай праўды» Антона Астроўскага.

Карыкатура: Антон Астроўскі / «Мінская праўда»