Тут быў маналог чалавека, які назваў сябе экс‑афіцэрам МУС, што перайшоў на бок пратэстоўцаў. «Медыязона» выдаліла яго ‑ і вось чаму
«Медиазона. Беларусь»
Перевод
5 сентября 2022, 15:27

Тут быў маналог чалавека, які назваў сябе экс‑афіцэрам МУС, што перайшоў на бок пратэстоўцаў. «Медыязона» выдаліла яго ‑ і вось чаму

Ілюстрацыя: Марыя Гранаткіна / Медыязона

Учора «Медыязона» апублікавала матэрыял пад назвай «"Нам спачатку не верылі, але мы шмальнулі ў паветра, каб людзі проста сышлі". Гісторыя афіцэра спецназа, які разганяў мітынгі, а потым стаў валанцёрам у лагеры пад Акрэсціна». Гэта быў маналог беларуса, які сцвярджаў, што камандваў спецыяльным падраздзяленнем пры МУС, удзельнічаў у разгонах мітынгаў у жніўні 2020 года, але перайшоў на бок пратэстоўцаў і стаў валанцёрам у лагеры пад вокнамі ізалятара на Акрэцсіна. Праз год, каб пазбегчы крымінальнага пераследу, ён з'ехаў з Беларусі, сцвярджаў наш суразмоўца.

Мы выдалілі гэты матэрыял, бо ўжо пасля яго публікацыі даведаліся, што суразмоўца схлусіў журналісту «Медыязоны» пра многія факты са сваёй біяграфіі, а гэта ставіць пад сумнеў усю яго гісторыю. Крыніцы з ліку былых сілавікоў праверылі біяграфію героя і пацвердзілі, што ён сапраўды скончыў Ваенную акадэмію, але не мае ніякага дачынення да МУС. Яны мяркуюць, што большая частка апублікаванага «Медыязонай» аповеду — выдумка. Паводле іх меркавання, герой тэкста з'ехаў з Беларусі, каб не плаціць грошы за размеркаванне.

Пры гэтым і карэспандэнт «Медыязоны», і валанцёры, якія дзяжурылі ў 2020 годзе ў лагеры на Акрэсціна, бачылі там гэтага чалавека.

Мы мяркуем, што акрамя «Медыязоны», герой публікацыі падмануў арганізацыю, якая ў 2021 годзе дапамагла яму з’ехаць з Беларусі.

Перад публікацыяй гэтага маналога мы папрасілі героя паказаць дакументы, якія пацвярджаюць яго службу ў сілавых структурах. Ён даслаў старое службовае пасведчанне і фота ў форме і са зброяй. Мы паразмаўлялі са знаёмымі героя, якім ён расказваў тую ж самую гісторыю.

Журналіст «Медыязоны» некалькі разоў спрабаваў датэлефанавацца да аўтара аповеду, каб задаць удакладняльныя пытанні і атрымаць тлумачэнні, але той не здымаў слухаўкі.

Рэдакцыя «Медыязоны» даражыць сваёй рэпутацыяй і заўсёды імкнецца правяраць інфармацыю, але нават гэта часам не ратуе ад спрытных і красамоўных выдумшчыкаў.

Мы прыносім прабачэнні нашым чытачам, якія паверылі апублікаванаму намі аповеду, і калегам, якія яго перадрукавалі.