«Гэта вельмі цяжкая праца». Колькі часу і грошай трэба, каб размінаваць пацярпелыя ад вайны тэрыторыі Украіны
Антон Мардилович
Перевод
15 августа 2022, 12:10

«Гэта вельмі цяжкая праца». Колькі часу і грошай трэба, каб размінаваць пацярпелыя ад вайны тэрыторыі Украіны

Сапёры рыхтуюцца да падрыву снарадаў у Мікалаеве, 19 ліпеня 2022. Фото: Maciek Musialek / NurPhoto / Reuters

Паводле падлікаў украінскіх уладаў, на палове тэрыторыі краіны сёння ёсць рызыка падарвацца на міне або неразарваным снарадзе. У навінах раз-пораз паведамляюць пра пацярпелых ад мін мірных жыхароў, сабака-сапёр па мянушцы Патрон становіцца нацыянальным героем. «Медыязона» паразмаўляла з экспертамі па размінаванні пра праблему, рашэнне якой можа расцягнуцца на дзясяткі гадоў і абысціся ў сотні мільёнаў долараў.

У красавіку, калі расійская армія сышла з украінскага Трасцянца, мэр горада Юры Бава расказваў пра мясцовага жыхара, які падарваўся падчас прагулкі ў лесе — яго сабака сышоў з дарожкі і зачапіў расцяжку. Ён быў не адзіным пацярпелым ад мін, у іх ліку мэр згадваў пяцярых загінулых дзяцей.

У канцы ліпеня ў вёсцы Альхоўка кіроўца камбайна падарваўся на міне падчас працы ў полі — ён выжыў, а падарваны за некалькі дзён да гэтага ў Немышлянскім раёне Харкава трактарыст загінуў.

Натрапіць на міну ва Украіне цяпер можна, звярнуўшы на прасёлак, або на пляжы падчас купання ў моры. У пачатку чэрвеня ДСНС паведамляла аб супрацьпяхотнай міне, якую дзеці знайшлі ў пясочніцы.

У траўні прэм’ер-міністр Дзяніс Шмыгаль сцвярджаў, што прыкладна палова тэрыторыі Украіны забруджаная мінамі або неразарванымі снарадамі. Намеснік кіраўніка ДСНС Раман Прымуш назваў Украіну «самай замінаванай краінай у свеце».

На пачатак жніўня ратавальнікі абясшкодзілі больш за 174 тысячы выбухованебяспечных прадметаў і больш за 700 кілаграм выбухоўкі, у тым ліку больш за дзве тысячы авіяцыйных бомбаў. Усяго, паводле ацэнак службы, для размінавання сухапутных тэрыторый Украіне спатрэбіцца не менш за пяць гадоў, а для ачысткі воднай прасторы — дзесяць гадоў.

Вадалаз даследуе дно вадаёма, Сумская вобласць. Фота: Bahmut Pavlo / Ukrinform / Abaca / Reuters

«Забруджванне вельмі шырока распаўсюджана». Колькі гадоў павінна прайсці пасля вайны, каб Украіна зноў стала бяспечнай

Кіраўнік праграмы па размінаванні тэрыторыі Украіны Norwegian People's Aid Альберта Сэра тлумачыць, што, кажучы пра «забруджванне тэрыторыі», ваенныя спецыялісты маюць на ўвазе як супрацьпяхотныя і супрацьтанкавыя міны, так і выпадкова разарваныя снарады, гранаты і іншыя боепрыпасы або іх выбухованебяспечныя элементы. Паводле слоў начальніка групы піратэхнічных работ Адэскага аддзялення ДСНС Рамана Драча, які працуе цяпер у Чарнігаўскай вобласці, часцей за ўсё украінскім піратэхнікам даводзіцца мець справу менавіта з неразарванымі снарадамі.

NPA з канца лютага супрацоўнічае з Украінай і адсочвае выкарыстанне розных тыпаў узбраення. Пакуль арганізацыя праходзіць працэс рэгістрацыі НКА і сертыфікацыі, гэта неабходна, каб прыступіць да размінавання, але чакаецца, што працы пачнуцца восенню.

Сэра пакуль пазбягае даваць дакладныя ацэнкі маштабаў забруджвання: «Гэта вельмі, вельмі складана сказаць».

— Думаю, Украіна паказальная ў дрэнным сэнсе, таму што з медыяў мы ведаем, што падчас канфлікту выкарыстоўваліся самыя розныя тыпы ўзбраення: авіябомбы, кластарныя боепрыпасы, міны — так што забруджванне вельмі шырока распаўсюджанае, — канстатуе ён.

На пытанне аб тым, як доўга NPA будзе працаваць ва Украіне, Сэра адказвае: пакуль гэта дазваляюць мясцовыя ўлады. Паводле асцярожных падлікаў эксперта, размінаванне закранутых вайной тэрыторый можа заняць 20 ці нават 40 гадоў.

— Мы працавалі ў краінах накшталт Лаоса, Камбоджы, В'етнама на працягу многіх гадоў, пачынаючы з 1990-х. То бок ужо 30 гадоў, да прыкладу, у Паўднёва-Усходняй Азіі. У арабскіх краінах мы працуем прынамсі апошнія 15 гадоў. Гэта павінна даць вам уяўленне аб тым, як доўга мы можам патэнцыйна заставацца ва Украіне, — кажа ён.

Абсталяванне для размінавання і пошуку небяспечных боепрыпасаў. Фота: Christophe Gateau / Reuters

«Працуем па заяўках ад насельніцтва». Як і хто чысціць тэрыторыю ад мін і снарадаў

Альберта Сэра кажа, што працы сапёраў заўсёды папярэднічае збор інфармацыі.

— Фактычна, што цяпер робіць NPA — і не толькі NPA, іншыя арганізацыі робяць тое ж самае, — мы збіраем інфармацыю з адкрытых крыніц: медыяў, інтэрнэту. У нас ёсць інтэрактыўная карта, на якой рэгіструецца ўсё выкарыстанне зброі, усе бітвы, усе тэрыторыі, якія патэнцыйна могуць быць забруджаныя неразарванымі боепрыпасамі або мінамі, — раказвае ён.

Пасля збору першаснай інфармацыі, тлумачыць Сэра, на месца выязджае каманда нетэхнічнага даследавання — спецыялісты, якім трэба будзе акрэсліць межы імавернага забруджвання. У кантакце з мясцовымі ўладамі і жыхарамі яны ўдакладняюць, дзе менавіта ішлі баі, якога роду зброя ўжывалася. Гэтыя дадзеныя становяцца адпраўной кропкай для сапёраў. У найбліжэйшы час NPA плануе прыцягнуць да працы чатыры сапёрныя каманды па шэсць чалавек, а ў наступным годзе разлічвае павялічыць колькасць каманд удвая.

Раман Драч кажа, што ў першую чаргу ўкраінскія піратэхнічныя брыгады працуюць у населеных пунктах і на тэрыторыях, дзе ішлі баі альбо размяшчаліся войскі.

— Мы працуем і па заяўках ад насельніцтва, што ў нейкім месцы знойдзены боепрыпас — выязджаем туды і займаемся яго знішчэннем. А ёсць тэрыторыя, якая вызначана як небяспечная — там, дзе праводзіліся непасрэдна баявыя дзеянні. Там праводзяцца планавыя работы па размінаванні, — тлумачыць ратавальнік.

Па прыбыцці на месца, працягвае Драч, піратэхнікі (у адной брыгадзе звычайна пяць спецыялістаў) вызначаюць аб'ём работ і тып боепрыпасаў, якія трэба будзе абясшкодзіць. Пасля гэтага начальнік праводзіць інструктаж, затым кожнаму з сапёраў вылучаюць участак, які ён павінен размінаваць. У канцы — кантрольная праверка тэрыторыі: калі ніякіх небяспечных аб'ектаў не выяўляюць, то мясцовасць лічыцца ачышчанай.

Утылізуюць міны і снарады альбо на палігонах, альбо проста на месцы — у першым выпадку іх грузяць на спецыяльную машыну і вязуць на бяспечную адлегласць, а потым робяць кантраляваны падрыў. У другім выпадку піратэхнікі абавязкова аглядаюць месца падрыву — каб пераканацца, што там засталіся толькі невыбухованебяспечныя фрагменты.

На хуткасць проц моцна ўплывае рэльеф і расліннасць — праверыць узаранае поле хутчэй і прасцей, чым, напрыклад, лясны масіў, расказвае Драч. Тып забруджвання таксама грае ролю. Паводле слоў Сэра, ачыстка тэрыторыі ад мін займае больш часу, бо іх складаней выявіць — у большасці выпадкаў іх хаваюць пад пластом зямлі або маскіруюць інакш. Неразарваныя снарады заўважыць лягчэй, і ачыстка праходзіць хутчэй.

Самымі небяспечнымі Сэра называе месцы і аб'екты, звязаныя з актыўнымі баявымі дзеяннямі і прысутнасцю ваенных: палі, дзе праходзілі бітвы, акопы, блокпосты, кінутая тэхніка, будынкі, дзе былі абсталяваныя агнявыя кропкі.

NPA — гуманітарная арганізацыя, працягвае ён, таму прыярытэт у працы аддаецца месцам, дзе існуюць найбольшыя рызыкі для грамадзянскага насельніцтва. Жыхары Украіны паступова вяртаюцца ў свае хаты з эвакуацыі. У першую чаргу NPA плануе размінаваць тэрыторыі, дзе чакаецца максімальны прыток людзей, але пры гэтым рашэнне, падкрэслівае Сэра, заўсёды застаецца за ўладамі Украіны, якія каардынуюць працу НКА і кантралююць вынікі.

— Узаемадзеянне ў любым выпадку ёсць, таму што мы тэрыторыю ачышчаем адну, — кажа пра супрацоўніцтва з НКА Драч з ДСНС. — Мы павінны ўзаемадзейнічаць, каб вызначаць участкі для размінавання, каардынаваць дзеянні.

Сабака Патрон. Фота: Gleb Garanich / Reuters

Сабакі, робаты і робаты-сабакі. Хто (і што) дапамагае сапёрам

Бронекамізэлькі 6-га класа, шлемы з забралам і металашукальнікі, пералічвае Раман Драч стандартную экіпіроўку ўкраінскіх піратэхнікаў.

Паводле слоў Альберта Сэра, неўзабаве пасля пачатку вайны NPA перадала Украіне па дзесяць металашукальнікаў трох розных відаў, каля 50 камплектаў абароны (камізэлек і шлемаў), 50 індывідуальных набораў першай дапамогі, 50 рацый і дзесяць вялікіх набораў першай дапамогі, разлічаных на цэлую каманду сапёраў.

Акрамя сродкаў індывідуальнай абароны і металадэтэктараў супрацоўнікі ДСНС выкарыстоўваюць для размінавання сабак. У Чарнігаве працуе самы вядомы сабака-сапёр Украіны — Патрон, які выявіў некалькі сотняў мін і ўганраваны медалём «За самаадданую службу».

Прымяняе Украіна і спецтэхніку. У красавіку генштаб ВСУ адсправаздачваўся пра выкарыстанне сапёрамі квадракоптараў і робатаў, прызначаных для размінавання цяжкадаступных памяшканняў, а выданне «Рубрика» ў чэрвені апублікавала рэпартаж аб размінаванні возера Блакітнае пры дапамозе спецыяльных падводных дронаў.

Армія ЗША падтрымала ўкраінскіх Сапёраў, перадаўшы некамерцыйнай арганізацыі HALO Trust, якая працуе ва Украіне, аднаго з двух сваіх робатаў-сабак Spot. Такія робаты могуць перамяшчаць выбухованебяспечныя прадметы без рызыкі для аператараў. Тая ж HALO Trust летась расказвала пра досвед выкарыстання іншага робата, Robocut, які ачышчае тэрыторыю ад расліннасці, што прыкметна палягчае працу сапёраў.

Абясшкоджванне бомбаў і мін у прыгарадзе Кіева, 1 чэрвеня 2022. Фота: The Yomiuri Shimbun / Reuters

«Мы гаворым пра мільёны долараў». Колькі будзе каштаваць размінаванне

Эканаміст CASE Ukraine Васіль Паварознік ацэньвае размінаванне аднаго квадратнага кіламетра тэрыторыі мінімум у 3 мільёны долараў; паводле грубых ацэнак, на размінаванне ўсёй краіны спатрэбіцца ад 400 да 900 мільярдаў долараў.

«Для разумення праблемы: размяшчэнне адной міны каштуе каля двух долараў, а размінаванне снарада — тысячу», — казаў эканаміст у інтэрв'ю ўкраінскаму Forbes.

Кіраўнік праўлення Асацыяцыі сапёраў Украіны Цімур Піструга ў інтэрв'ю тэлеканалу «Еспресо» спасылаўся на падлікі арганізацыі: ачыстка аднаго квадратнага метра тэрыторыі каштуе 3-4 долара ЗША.

Гаворачы пра будучыя выдаткі на размінаванне, Альберта Сэра адразу робіць агаворку: дакладныя лічбы назваць не ўдасца.

— Мы ведаем, што калі вы паглядзіце ў інтэрнэце, то ўбачыце інфармацыю аб тым, што закласці міну каштуе адзін долар, а размінаваць яе — напрыклад, тысячу. Я не ведаю, колькі праўды ў такіх сцвярджэннях, але сутнасць іх у тым, што размінаванне тэрыторыі можа абысціся вельмі дорага, бо гэта патрабуе часу. Гэта вельмі цяжкая праца. У нас будуць, як я казаў, каманды па шэсць, можа, дзесяць чалавек. І ўсе гэтыя людзі павінны будуць працаваць па восем гадзін у дзень гадамі. Так што калі вы нават проста падумаеце пра колькасць грошай, якая сыдзе на заробкі, страхоўкі, транспарт, офіс — мы гаворым пра мільёны долараў, — папярэджвае эксперт.

У маштабах краіны праца сапёраў і іншых спецыялістаў па размінаванні, мяркуе Сэра, з улікам працягласці працэсу будзе каштаваць ад некалькіх сотняў мільёнаў долараў да мільярда — аднак гэтыя ацэнкі вельмі прыблізныя, паўтарае ён.