«Цяпер у мяне толькі адно жаданне: каб тату выпусцілі». Як былая дырэктарка хоспіса з Гродна дапамагае дзецям перажыць зняволенне бацькоў
Наста Кривошеева
«Цяпер у мяне толькі адно жаданне: каб тату выпусцілі». Як былая дырэктарка хоспіса з Гродна дапамагае дзецям перажыць зняволенне бацькоў
3 июня 2024, 16:09

Иллюстрация: Mila Grabowski / Медиазона

Псіхалагіня Вольга Вялічка больш за 10 год працавала ў гродненскім дзіцячым хоспісе. У 2020 годзе яна вымушана з'ехала з Беларусі праз пагрозы крымінальнай справай і ціск на сям’ю. У Вільнюсе жанчына пачала займацца з дзецьмі палітзняволеных і напісала кнігу «Ад 2 да 15. Мая мама ў турме». Гэта гісторыі хлопцаў і дзяўчат, якія перажываюць вельмі складанае дзяцінства. Вольга распавяла «Медыязоне», з якімі праблемамі проста зараз сутыкаюцца дзеці палітвязняў, як гэта адаб’ецца на іх будучыні і як працы з імі дапамагае досвед хоспіса.

«Перажываю, што тата памрэ». Што адбываецца з дзецьмі палітвязняў

Дзеці палітзняволеных, якія сталі сведкамі вобшукаў і затрыманняў бацькоў, перажылі іх зняволенне, часта знаходзяцца ў цяжкім псіхалагічным стане. Хлопчыкам і дзяўчатам з такім досведам могуць сніцца жахлівыя сны, яны могуць трывожыцца ці сыходзіць у сябе. Вольга Вялічка звязвае гэта з тым, што яны засталіся без знешняй апоры: аднаго ці двух бацькоў.

— Я займалася з дзяўчынкай, якой дзевяць год. Яе маму і тату на сем месяцаў забралі на Валадарку. Калі мама вярнулася, дачка проста вісела на ёй дзень і ноч, нікуды не пускала. Мама не магла схадзіць у туалет, памыцца — дзяўчынка ішла за ёй у душ і садзілася побач на крэселка. Гэта распаўсюджаная рэакцыя на вызваленне бацькоў, — тлумачыць Вольга.

Вольга прыгадвае яшчэ адзін выпадак са сваёй працы. Сям'я павячэрала і пакінула на кухні брудны посуд. Акурат пасля гэтага да іх прыйшлі сілавікі.

— ГУБАЗіК паграміў усё, пабіў талеркі. Дзецям па 12 год. Пасля яны не маглі пайсці спаць, пакуль не быў памыты посуд. Страхі пераносяцца на дзеянні, і дзеці спрабуюць зрабіць так, каб гэтыя дзеянні былі завершаныя. Тады ім падаецца, што пачуццё небяспекі будзе найменшым.

Псіхалагіня заўважае ў дзяцей з такім досведам змены ў паводзінах. Напрыклад, адзін з хлопчыкаў, з якім яна займаецца, прыйшоў на занятак са згрызенымі да мяса пазногцямі на пальцах рук і ног. У іх змяняюцца харчовыя звычкі, з'яўляюцца праблемы з адаптацыяй да асяроддзя, у стасунках з сябрамі ці аднакласнікамі. Апроч таго, яны могуць гістэрыць без прычыны і не супакойвацца — нават калі вельмі стаміліся ад гэтага, кажа Вольга.

Паводле яе, трохгадовы дзіцёнак яшчэ не разумее, што такое турма. У 6-8 год дзеці апісваюць яе як закрытае памяшканне, дзе ёсць маленькія вокны, ложак і стул. «І вось мой тата там сядзіць», — цытуе Вольга. Катаванні ў такім ўзросце яны не ўсведамляюць, але ў 9-10 год дадаюць: «Я перажываю, што мой тата памрэ, што ён не вытрымае», — працягвае спецыялістка.

«За што яны пакутуюць?» Як Вольга пачала дапамагаць дзецям палітвязнаў

У Беларусі Вольга Вялічка была дырэктаркай дзіцячага хоспіса ў Гродна і актывісткай «Савета народнага даверу». У кастрычніку 2020 года яна вымушана з'ехала з Беларусі: на яе ціснулі і праз сына з дачкой. «Плакала, што прыйдзецца з'ехаць», — успамінае жанчына. Цяпер у Беларусі на Вольгу заведзена некалькі крымінальных спраў.

— У мяне не было адчування, што мы едзем надоўга. Мне падавалася, гэта хутка скончыцца. Можа праз паўтары гады я пачала разбіраць валізкі і толькі мінулым летам купіла талеркі. Думаю, я не прывыкла і не прывыкну да Літвы — як і да любой іншай краіны. Жыву тут думкамі пра дом, пра беларусаў. Пра той час, праз які мы зараз праходзім. І мая праца выбудавана на гэтым.

Досвед працы ў хоспісе стаў добрай глебай для падтрымкі дзяцей палітзняволеных, якой Вольга пачала займацца ў 2021 годзе.

— У жыцці вельмі шмат што можна выправіць. Немагчыма выправіць толькі тое, што чалавек памірае. Хоспіс навучыў бачыць асобу чалавека, а не глядзець на дыягназы і абмежаванні. Даў разуменне таго, што ты павінен прымаць страты. Я доўга не магла знайсці адказ на пытанні, чаму дзеці хварэюць, чаму яны павінны паміраць, за што яны пакутуюць. Год дзесяць у мяне сышло на тое, каб знайсці адказы на такія складаныя пытанні. Гэта стала базай і грунтоўным плацдармам для таго, каб дайсці да працы з дзецьмі палітзняволеных.

Нягледзячы на гэта, спецыялістка адчувала, што не мае дастатковых ведаў, і пачала шукаць неабходную літаратуру, кансультавалася з калегамі, якія працуюць у ЕС. Вольга вывучала аповеды дзяцей, якія прайшлі канцлагеры, гісторыі нямецкіх дзяцей, бацькоў якіх прыгняталі ў фашысцкай Германіі, і людзей, якія прайшлі праз савецкі ГУЛАГ.

«Так несправядліва, што ў мяне забралі тату»

Несправядлівасць — слова, якое часта гучыць ад дзяцей, чыя бацькі апынуліся ў зняволенні. Гэта асноўны момант, які ў будучыні будзе ўплываць на станаўленне асобы, кажа Вольга. Па яе словах, і дзеці, і дарослыя пачынаюць сумнявацца, што дабро так ці іначай перамагае зло, і гэта ўплывае шмат на якія працэсы.

— Тое, у якім стане зараз знаходзяцца беларускія дзеці, будзе мець наступствы праз дзесяцігоддзі. Галоўным момантам з’яўляецца асэнсаванне імі таго, што свет несправядлівы. Перад Новым годам я працавала з хлопчыкам, бацька якога палітзняволены і на доўгі тэрмін [апынуўся] за кратамі. І дзіценак кажа: «Калі б я мог загадаць жаданне Дзеду Марозу, раней я б папрасіў камп’ютар, але цяпер у мяне толькі адно жаданне: каб тату выпусцілі». Ён плача і кажа: «Гэта так несправядліва, што ў мяне забралі тату».

«Твой бацька ў турме, ён злачынца»

Дзеці палітзняволеных і ў Беларусі, і за мяжой сутыкаюцца з праблемамі ў камунікацыі з сябрамі і аднакласнікамі. У Беларусі ў школах небяспечна казаць пра зняволеных блізкіх, таму дзеці маўчаць, ім даводзіцца слухаць дзяржаўную прапаганду. Дома яны чуюць размовы пра палітзняволеных бацькоў. А потым, заходзячы ў сацсеткі, могуць убачыць і паслухаць зусім іншае.

— Альбо іншы прыклад: калі дзеці палітвязняў стэлефаноўваюцца са сваімі бацькамі ў калоніі, то і там не могуць сказаць усё, што хочуць. Яны павінны выбудоўваць дарослыя механізмы, што і як сказаць, але дзеці ж па прыродзе непасрэдныя.

У эміграцыі дзеці таксама стараюцца не ўспамінаць бацькоў у размовах з аднакласнікамі. Вольга распавядае, як у літоўскай школе чацвёртакласнік пабіўся з іншымі дзецьмі, бо тыя булілі яго з-за бацькі.

— Адзін з хлапцоў даведаўся, што ў таго бацька палітзняволены і ў турме. Быў вялікі канфлікт, драка, таму што «твой бацька у турме, ён злачынца». А хто? У нармальным жа разуменні ў турме сядзяць тыя, хто нешта зрабіў. Для літоўскага і для польскага чалавека, які не ў беларускім кантэксце, там «злачынцы сядзяць». А дзіценак бацьку абараняў.

«Падмануць дзяцей немагчыма»

Вольга раіць сваякам, якія даглядаюць за такімі дзецьмі, супрацоўнічаць з псіхолагам і па магчымасці ісці ў тэрапію самім. Пры гэтым важна казаць дзецям праўду пра тое, што здарылася ў сям’і, лічыць Вольга.

— Дзеці ўсё калі не разумеюць, то адчуваюць. Падмануць іх немагчыма. З працы ў хоспісе скажу, што калі дзіцё памірала, у нас адным з самых вострых пытанняў было, ці гаварыць яму пра гэта. Трэба разумець, якімі словамі сказаць, у якіх дозах, але казаць трэба. Калі дзеці працуюць са мной, стоадсоткава мы гаварылі ім, і ім станавілася лягчэй. У маім досведзе гэта працуе.

Псіхалагіня кажа, што бацькам трэба «спачатку апрануць маску на сябе», бо часта яны самі «не ў рэсурсе». Дзецям патрэбна дарослая фігура, якая ў стане браць адказнасць і абараняць.

— Дзецям вельмі няпроста. Іх паставілі ў пазіцыю «без выбара». Ніхто ў іх не запытаўся, ці хочаш ты пераехаць, у якой краіне ты хочаш жыць, ці хочаш ты новых сяброў? Адправілі іх у школу, якую яны самі не выбіралі, і ў асяроддзе, якое яны таксама не выбіралі.